Праўда, ты ня будзеш, насьледуючы клясыку, лезьцi ў ванну і апранаць белую адпрасаваную кашулю, а, насьледуючы самому сабе, купiш дзьве (а лепей тры) пляшкi чырвонага баўгарскага вiна «Рубiн», агiдным пiсклявым голасам нахабна адкажаш на тэлефонны званок, што цябе няма дома, разгорнеш свой зялёны нататнiк, нальеш у небiткую шклянку ад фiрмы «Luval» першую дозу i, непрыемна ўражаны спалучэньнем чырвонага й зялёнага колераў, парушыш брыдкую несуладнасьць некалькiмi добрымi глыткамi, а прывёўшы колькасьць паўтарэньняў гэтага манэўру ў строгую адпаведнасьць з колькасьцю дзён тваёй вандроўкi, заўважыш, што ў цябе сапраўды атрымаўся замшэла-традыцыйны падарожны дзёньнiк.
15.06.Калi на першым курсе ўнiвэрсытэту мы былi «на бульбе» пад Койданавам, я жыў у глухога дзеда-бабыля. Першай адметнаю дэтальлю iнтэр’еру ягонае хаты была этажэрка з адной-аднюткаю кнiжкай — «Как закалялась сталь». Другой — рэпрадуктар часоў Малянкова і Кагановiча. Дзедава радыёкропка балабонiла й сьпявала ад ранiшняга гiмну да паўночнага, прычым заўсёды на максымальнай гучнасьцi. Аднаго разу я, ня вытрымаўшы дуэту гаспадаровага храпу і ненавiснай чорнай талеркi, падкраўся да яе ды падкруцiў рэгулятар. Храпеньне iмгненна абарвалася, i дзед зусiм нясонным голасам растлумачыў мне, што за «радзiву» ён плоцiць на ўсю катушку, а таму і гаварыць яна мусiць бесьперапынна. «Ня хочаш спаць, чытай кнiжку!» — сказаў дзед i зноў захроп. Змагаючыся з узгадаванай у школе i ў камсамоле, далiкатна кажучы, непрыязнасьцю да праграмнай савецкай лiтаратуры, я ўзяў з этажэркi знакамiты твор М. Астроўскага. Пад абцёрханай вокладкаю аказалася Эвангельле.
Першае ўражаньне, як i каханьне зь першага погляду, заўсёды падманнае, узгадаўшы койданаўскую iлюстрацыю да праблемы нацыянальнае мэнтальнасьцi, думаю я, назiраючы, як мой сусед, польскi дзед з абсiвераным да бурачковага колеру сялянскiм тварам, штораз падазрона прынюхваючыся, даядае свой дэсэрт: акуратна высыпае ў рот пакецiк солi, сьледам — чырвонага перцу, потым — пакецiк сухiх вяршкоў, за iмi — цукру i ўрэшце запiвае гэтыя самалётавыя прысмакi несалодкай гарбатаю. Тым часам перад нашым «Боiнгам» з акiянскае сiнечы вырастае фантастычны айсбэрг Грэнляндыi.
Польская авiякампанiя «Lot» частуе так шчодра, што я расплюшчваю вочы ўжо над паўночнай Канадаю, дзе Госпад дасхочу паштукарыў, ствараючы раскiданыя па тамтэйшай тайзе азёры, у абрысах якiх можна пазнаць то сплеценых у экстазе каханкаў, то нянаскага зьвера жырафу, то вершнiка, што гонiцца за адным маiм знаёмым прэзыдэнтам...
Пашпартны кантроль у нью-ёрскiм аэрапорце Кенэдзi зноў змушае ўспомнiць хату койданаўскага эвангелiста: пад скураной абгорткаю з «Пагоняй» амэрыканскi памежнiк знаходзiць тую самую «краснокожую паспортину», але, у адрозьненьне ад свайго калегi зь лёнданскага аэрапорту Гiтроў, усё ж не выпраўляе ў маёй анкеце «Belarusian» на «Russian».
Першае пытаньне, якое я чую з вуснаў заакiянскiх беларусаў: цi праўда, што нехта восем начэй запар уздымаў над Маладэчанскiм гарсаветам бел-чырвона-белы сьцяг?
16.06.У царкве сьвятога Кiрылы Тураўскага ў Рычманд-Гiле, Нью-Ёрк, уваччу зьнячэўку паплылi менскiя «кадры» з Домам ураду да і пасьля рэфэрэндуму. Калi і вы захочаце пракруцiць гэтую «хронiку», дык пераканаецеся, што наш сьцяг сапраўды лунаў. Гэта было ягонае неба, у якое ён iмкнуўся, зь якiм суладна зьлiваўся, нечым нагадваючы бусла, якога за выкапанымi прэзыдэнтам памежнымi слупамi ўжо амаль не сустрэнеш. А паспрабуйце ўявiць, каб лунаў сьцяг «усенароднапрэзыдэнцкi». Ну што пра яго скажаш? Вiсiць, трымцiць, трапечацца... Прадчувае свой лёс.
Перад срабрыста-зялёным паралелепiпэдам ААН над Iст-Рывэр на флагштоку пакуль што кожную ранiцу ўздымаюць сьцяг, надзелены здатнасьцю лунаць. Яго маленькiя бел-чырвона-белыя копii можна набыць у аанаўскай сувэнiрнай крамцы ў выглядзе настольных сьцяжкоў, значкаў i брыжыкаў.
Выбiраючы сабе тавар, па вачах мурына-гандляра заўважаю, што ён яўна нешта чуў. Цi застаюцца гэтыя сьцяжкi нацыянальнымi? — занепакоена пытаецца мурын. Пытаньне сфармуляванае так удала, што я магу, не пазычаючы нi ў кога вачэй, запэўнiць вiзавi, што застаюцца, а каб адказ прагучаў больш важка, прашу яшчэ дзясятак «падрыўных» брыжыкаў.
Побач з будынкам Аб’яднаных Нацыяў вы можаце агледзець падарунак СССР — твор скульптара Вучэцiча «Перекуем мечи на орала». Хтосьцi з турыстаў пакiнуў каля гэтай адлiтай у мосенжы савецкай абяцанкi-цацанкi прыцiснутую каменьчыкам газэтную старонку з фатаздымкамi зруйнаванага Грознага i радка трупiкаў чачэнскiх дзяцей.
Читать дальше