Таго вечару, дзякуючы гістарычнаму вуху, мы найбольш гаманiлi пра расейскую кампанiю Напалеона. «Вы чулi пра Банапарта i беларускi бабушка? — блiскаў вачыма мой суразмоўца. — Банапарт пытаецца ў беларускi бабушка, як яна жадае: каб французы пагналi рускiх далей, або каб рускiя пагналi французаў назад?» Напэўна, i вы адчуеце да гераіні аповеду сымпатыю, бо наша мудрая старая адказала валадару Эўропы: «Няхай пранцузы гоняць маскалёў так далёка, каб не вярнулiся нi маскалі, нi пранцузы».
Я даведваюся й шэраг iншых зьвестак, яшчэ ня спраўджаных у гiстарычных крынiцах. Напалеон, да прыкладу, слухаў беларускую гаворку і з падколкаю казаў палякам з свайго акружэньня, што гэта ня польская мова i тут нiякая ня Польшча.
А Кутузаў нiбыта штодня спаў па чатырнаццаць гадзiнаў.
Нячысьцік
Ад брытанскага падданага Пiкарды вы можаце пачуць яшчэ аб адным нешараговым лёнданцы, якi за свой тутэйшы побыт пасьпеў выпусьцiць трыма выданьнямi ўласную беларускую паэму «Нячысьцiк» — пра селянiна Мiкiту, што «iмеў жонку, як зьмяю». Апрача жонкi-зьмяi Мiкiта гадаваў парсючка, якога собiла ж гаспадару забiць на каўбасы акурат у Вялiкi пост. Пакуль жонка лётала да жыда па гарэлку, нячысьцiк скраў каўбасы ды рэшту парсючка. Жончын маральны кодэкс не замiнаў ёй пажадаць Мiкiту сьмерцi, што з дапамогаю iнфэрнальных сфэраў адразу ж збылося. Мараль суворая, ды справядлiвая: ня еш у пост скаромiны.
Аматары роднае лiтаратуры ўжо ўспомнiлi, што гэты жаласны сюжэт апрануў у немудрагелiстыя рыфмы прыдзьвiнскi шляхцiч Аляксандар Рыпiнскi, якi пасьля паўстаньня 1830 году ратаваўся на чужыне, пражыўшы дзесяць гадоў у лёнданскiм прадмесьцi Тотэнгэм, дзе рэкамэндаваўся мастаком, фатографам i настаўнiкам францускае ды нямецкае моваў i маляваньня. (У Тотэнгэмскiм музэi дагэтуль перахоўваецца пара гравюраў зь яго карцiнаў.)
Паколькi дом Рыпiнскага ацалеў, гiсторыя прадпрымальнага сына Прыдзьвiньня мела працяг. Гавораць, нiбыта ў пабе паблiзу ад таго дому аднойчы выпiваў доктар фiлялёгii Адам Мальдзiс. Пачуўшы, што наведнiк — зь нейкае там Беларусi, мурын-афiцыянт застаўся зусiм абыякавы: праблемы Каморскiх выспаў цi Заходняга Самоа абыходзiлi яго нязьмерна болей. Тады доктар Мальдзiс уголас зазначыў: калi б павесiць на будынку мэмарыяльную таблiцу, што сюды заходзiў кульнуць кiлiшак паэт А. Рыпiнскi, кожны беларус, трапiўшы ў Лёндан, ушаноўваў бы гэтае месца ня меншай, а верагодна (бо сякi-такi поступ цывiлiзацыя ўсё ж зьведала) значна большай колькасьцю кiлiшкаў вiскi або кухляў добрага цёмнага Guinness’у. Замест мурына перад столiкам iмгненна вырас гаспадар пабу з нататнiкам у руцэ. Першым ягоным пытаньнем было: колькi на сьвеце беларусаў?
Міхалюкі
Янка Мiхалюк старшынюе ў Згуртаваньнi беларусаў Вялiкай Брытанii — першай беларускай арганiзацыi, заснаванай на эмiграцыi пасьля Другой сусьветнае вайны. Ягоная жонка Лёля доўга была гаспадыняю лёнданскае школы iмя Кiрылы Тураўскага. Летась мэдыкi аднялi Янку абедзьве нагi й перасадзiлi яго ў iнвалiдны вазок, што не перашкодзiла Міхалюку прамаўляць на акадэмii ў гонар угодкаў БНР, малiцца на ўсяночнай i запрасiць мяне з спадаром Акулам да сябе дахаты, дзе, калi не ўзiрацца ў вокны, вам магло б падацца, што вы гасьцюеце недзе ў Слуцку цi Полацку.
Гледзячы, як сп. Янка возiць сам сябе на вазку, я падумаў, што нiколi ня быў бы на такое здатны, i выпiў за яго здароўе яшчэ адзiн келiх чырвонага, пасьля чаго спадарыня Лёля падклала на маю талерку бульбы з тым адмысловым кавалкам курыцы, што мне зь дзяцiнства найбольш смакуе, бо, як кажуць у нас у Полацку, «каля сракi ўсе прысмакi».
Валера Мартынчык
Валера прыехаў у Менск i паступiў у мастацкую вучэльню (адкуль яго выгналi за няздатнасьць), а потым у тэатральна-мастацкi iнстытут (адкуль яго таксама выгналi — за абстракцыянiзм). Ён галадаваў без стыпэндыi, хварэў на сухоты і год праваляўся ў больнiцы. Потым Мартынчык усё ж зрабiўся дыплямаваным мастаком i ўзьбiўся на свой хлеб з малаком, аднак злыгаўся з дрэннай кампанiяй, якая мералася адзначыць 100-годзьдзе Марка Шагала, што, як вядома, маляваў лятучых сiянiстаў («А что скажут арабы?»), Уладзiмера Iльлiча Ленiна ў аблiччы акрабата, якi стаiць на руках, ды iншае бясконца «чуждое нам» паскудзтва. Карацей, стала зразумела, што савецкая радзiма можа выдатна iснаваць i без Валеры.
Такую самую выснову ў дачыненьнi да сябе зрабiў i Валераў сябра — мастак Гена Хацкевiч.
Трываў час, калi самалёты ўганялi з такой самай пэрыядычнасьцю, як мы ў дзяцiнстве гулялi ў свайго ўлюбёнага «пiкара». Гэта тады нарадзiлася показка пра грузiна з абрэзам, што ўрываецца ў кабiну да пiлётаў i загадвае: «Ляцiм у Тбiлiсi!» Зацкаваны пiлёт нясьмела адказвае: «А мы й так ляцiм у Тбiлiсi». «Я трэцi раз вылятаю ў Тбiлiсi, — крычыць, размахваючы абрэзам, грузiн, — а прызямляюся ў Парыжы!»
Читать дальше