Як вадзiў па бiблiятэцы, дзе перахоўваюцца рукапiсы Купалы, Коласа й Ластоўскага, дзе вы можаце ўзяць у рукi «Кронiку Эўрапейскае Сарматыi» (Кракаў, 1581) колiшняга вiцебскага камэнданта iталійца А. Гваньiнi, што беспардонна сьпiсваў у свайго падначаленага М. Стрыйкоўскага, або пагартаць ломкiя старонкi выдадзенага ў 1722 годзе вунiяцкаю друкарняю ў Супрасьлi «Собранiя припадков краткого...» — мiж iншым, ці не адзiнага цалкам беларускамоўнага выданьня на ўсё доўгае XVIII стагодзьдзе?..
Кастусь Акула
Спадар Акула жыве на канадыйскiм беразе возера Антарыё. Ён падгадоўвае чатырох вавёрак, якiя нядаўна распавялi пра дабрадзея пятай; ён называе сябе птушатнiкам i з скрухаю кажа, што сёлета ў Таронта памерлi ад марозу цi ня ўсе вераб’i; ён любiць сарокаў, якiх у Канадзе, як выявiлася, нямашака, i таму тамтэйшым жыхарам яны здаюцца экзотамi накшталт чыюкоў цi калiбры.
Уладкаваўшыся на сваiм заакiянскiм беразе, Кастусь Акула выдае часопiс «Зважай» ды пiша кнiгi пра заходнебеларускую вёску і пра хлапцоў зь Менскае школы камандзераў Беларускае Краёвае Абароны, што перайшлi на бок францускiх макiсаў i потым ваявалi зь немцамі на Апэнiнах, а таксама вясёлыя гiсторыi пра жыхароў канадыйскага мястэчка Сторывiл, што й ня думалi пратэставаць супраць бальшавiцкай мясарэзкi, затое, як толькi саветы запусьцiлi ў космас сабакаў (кажуць, адзiн наш вядомы паэт азваўся на гэтую гiстарычную падзею векапомнымi радкамi: «I доўга брахалi сабакi над нашай савецкай зямлёй»), iмгненна зарганiзавалi грамадзкае таварыства выратаваньня чацьвераногiх касьмiчных вязьняў.
Раней у вольны час сп. Акула ладзiў вынаходлiвыя антысавецкiя акцыi, або, як сказаў бы мастак Саша Пушкiн, якi таксама прычынiўся да гэтага мастацкага жанру, хэпэнiнгi кшталту прывiтальнага слова на цырымонii сустрэчы «Краснознамённого ансамбля песни и пляски Советской Армии», перад якiм Mr Akula прамаўляў прыкладна так: «Мы сердечно приветствуем вас на свободной канадской земле и ненавидим антинародный кремлёвский режим точно так же, как и вы его ненавидите».
Найгучнейшы розгалас меў Акулаў «хэпэнiнг» у «дзень СССР» на выставе ЭКСПО-67 у Манрэалi, калi падчас агляду першым намесьнiкам старшынi Саўмiну эсэсэрыi тав. Палянскiм ганаровае варты над натоўпам разьлёгся магутны мужчынскi голас: «Death to Moscow murderers! Freedom for Byelorussia! Няхай жыве незалежная Беларусь!» i ўсьлед узьляцелi ў паветра сотнi ўлётак, пасьля чаго партрэт затрыманага палiцыяй беларуса зьмясьцiлi цi ня ўсе канадыйскiя газэты, а сам герой заслужыў ад судзьдзi 25 даляраў штрафу, пасьпеўшы пры гэтым растлумачыць аднаму з сваiх канваiраў, што яго, канваiрава, прозьвiшча зусiм ня нейкi там Козэл, а спрадвечнае, беларускае — Казёл.
У адну кампанiю з iрляндзкiм тэрарыстам спадар Кастусь трапiў з тае прычыны, што ў тыя самыя днi быў у «Фiнчлейскай Беларусi», як ён называе «вёсачку» з чатырох беларускiх мураванак на Holden Road.
Гэта зь iм мы, кiнуўшы вока на зьмену каралеўскае варты, заклапочана рушылi праз Trafalgar Square ў Hyde Park, бо было 25 сакавiка й мы вырашылi зьвярнуцца з славутае трыбуны да неабазнаных лёнданцаў з прамоваю пра ўгодкi БНР, але ў сувязi з наяўнасьцю адсутнасьцi слухачоў мусiлi абмежавацца дзьвюма фiлiжанкамi кавы зь яблычнай слойкай.
Акула любiць патэлефанаваць у Менск парою, калi дамавiк першы раз будзiць на курасаднi пеўня, але хачу прызнацца, што, адрозна ад безьлiчы iншых званкоў, зробленых тады, як пеўнi яшчэ толькi засынаюць, каб убачыць салодкiя сны пра свае курыныя гарэмы, тэлефонныя размовы з спадаром Кастусём асабiста мяне анiколькi ня квеляць — здаецца, пасьля таго, як мы некалі ехалi разам у Полацак i ён патрабаваў на аўтастанцыi ў Плешчанiцах, дзе й вады нiколi не бывала, кубак кавы, на што дыспэтчарка, прыслухаўшыся да дзiўнае гаворкi неспакойнага пасажыра, лiтасьцiва дазволiла яму закурыць.
Арына і Караліна
Прытульна й прыемна ісьцi зь дзьвюма маладымi жанчынамi па чыстых i пустых вечаровых вулiцах, дзе зацьвiтаюць сады і распускаецца лiсьце каштанаў, дзе перад фасадамi адпачываюць фантаны і неўпрыкмет пазяхаюць iльвяняты, дзе ў дамоў ёсьць ня толькi нумары, але і iмёны (значыцца, i характары), а — цалкам магчыма — i прывiды.
У гэткiя хвiлiны вас апаноўвае надзея, што так будзе заўсёды: квецень, зялёны туманок нясьмелае лiстоты; моўкнасьць, што не вымагае перакладу; згадкi аб тым, чаго нiколi не адбылося... (Глыток джыну з тонiкам, выпiты ў пабе The Torrington, дзе бармэны ў часы Акулавай маладосьцi ведалi сёе-тое па-беларуску, тут абсалютна нi пры чым.)
Читать дальше