Каб не ўгнявiць яе вялiкасьць каралеву з падданымi, сьпяшаюся зазначыць, што слова «хутар», як i схаваны за iм сьвет, заўсёды мелi для мяне безумоўна станоўчы сэнс. Нават тыя занядбаныя заходнебеларускiя хутары, куды саветы забаранялi праводзiць электрычнасьць, каб сьсялiць старых зацятых гаспадароў у калгасы, нязьменна выклiкалi ў мяне пачуцьцi, афарбаваныя ў пастэльныя тоны прыхiльнае зайздрасьцi да iх насельнiкаў, бо зь дзяцiнства я падсьвядома адчуваў, што хутары — у розных сваiх iпастасях — далi чалавецтву нязьменна болей за вялiкiя гарады.
«Мой личный оргазм»
Але перш чым вы назапасiце дастаткова ўражаньняў i адвагi на рызыкоўныя мэтафары й параўнаньнi, вам давядзецца перажыць сякiя-такiя сухаземныя ды марскiя прыгоды — спадзяюся, што ня ў духу аднаго з хутаранцаў, Уiльяма Голдынга, аўтара раману «Ўладар мухаў», зь якога ў далёкай шостай клясе пачалося маё знаёмства з ангельскай лiтаратураю.
Асабiста мне давядзецца скiнуць кiляграмаў пяць жывое вагi падчас афармленьня вiзаў; зьявiцца ўначы на менскi вакзал i ўбачыць там бадзягу ў скураных штанах, якi смачна храпе на сваiх бязьмежных валiзах, закрыўшы прышчавы твар папулярнай у нашым народзе газэткаю «Двое» з артыкулам «Мой личный оргазм»; сесьцi ў цягнiк «Масква—Парыж» i праехаць палову Эўропы з чарнявым пасажырам Эдуардам, якi будзе частаваць мяне чульлiвымi аповедамi пра эрэванскага тату й марсэльскую maman уперамешку з сумнеўнымi францускiмi (або армянскiмi) сэнтэнцыямi кшталту: «Жанчыне трэба вельмi многа, але ад аднаго мужчыны, а мужчыну — вельмi мала, але ад вельмi многiх жанчынаў». Рэшту дарогi па роўнядзях i камянiстых узвышшах Брабанту і Фляндрыi я буду бавiць з маскоўскiмi праваднiкамi Вовам i Колем, якiя пачнуць налiваць адзiн аднаму ад Берасьця да поўнае нiрваны, што апануе iхнія загартаваныя iстоты толькi ў прадмесьцях Брусэлю, калi Вова выкулiцца са службовага купэ ў адных сямейных трусах, падобны да каўбоя, якi, прыняўшы нечалавечую колькасьць whisky, выпаўзае з салуну, сядае на каня й скача адразу ва ўсiх кiрунках сьвету, а Коля, зачынiўшы Вову на замок, надзене форму i, палохаючы рэдкiх пасажыраў, пацягнецца па вагоне жабраваць, сьпярша выдаючы сябе за аднарукага, а потым, жахаючы маладых немачак, што селi ў Аахэне, выцягне «адарваную на фронце руку» з расшпiленае шырынкi. Скончыцца тым, што на дапамогу Вову з Колем прыбяжыць iхная каляжанка, якая, мусiць, бывала ў Абхазii або чытала «Сандра з Чэгему» Фазіля Iскандэра, бо гарэлку яна будзе любасна менаваць «нашаю валяр’янкаю».
Ірляндзкі тэрарыст
У бэльгiйскiм порце Астэндэ вы зможаце высьветлiць, што паром у ангельскi Дувар, куды вам без усякага валаводжаньня выпiсалi бiлет у Менску, ужо паўгоду ня ходзiць, i — калi хопiць вашага красамоўства й замежнае мовы — вас усё ж пасадзяць з гэтым бiлетам на карабель у Ramsgate. Крый Божа, калi пры гэтым ваш мужны, абсiвераны эўрапейскiмi вятрамi й трошкi чырвоны ад «валяр’янкi» твар будзе аздоблены рудавата-мядзянаю барадой. Тады — iду ў заклад — бездакорна ветлiвы ангельскi мытнiк з завушнiцаю ў правым вуху адразу возьме вас на сваё чэпкае вока як тэрарыста Iрляндзкае Рэспублiканскае Армii, i вас чакаюць татальныя агледзiны — ад пакамечанай кепуркi да пачочка з зубачысткамi — прычым (калi вы маеце раптам дачыненьне да прыгожага пiсьменства) гэтага сына Альбiёну ані не зьбянтэжыць знойдзеная ў валiзе беларуская кнiжка з вашым фэйсам на вокладцы.
Трэба меркаваць, што ў кровапускальных шэрагах IRA пракiдаюцца й беларусы. Нiякай гiронii тут i не начавала: гiсторыкам добра вядома, што ў аддзелах генэрала Булак-Балаховiча было колькi кiтайцаў, i, калi аднаго зь iх схапiлi чэкiсты, жаўтатвары ваяка на пытаньне пра нацыянальнасьць з годнасьцю адказаў: «Беларуза».
Адзiным суцяшэньнем вам, як i мне, у часе ператрускi зможа паслужыць тое, што побач трасуць чалавека з польскiм пашпартам, падобнага да агента «Масад», якi вырашыў, апрача выкананьня агентурнага заданьня, кантрабандаю правезьцi ў Злучанае Каралеўства паўтузiна цыгарэтных блёкаў ды пару лiтраў wódki, якую цяпер мусiць уласнаручна вылiваць на пачостку марскiм вожыкам. Пасьля гэтае працэдуры ён будзе знаходзiцца ў такiх раздрыпаных пачуцьцях, што, не паслухаўшыся мяне, уладкуецца ў лёнданскiм цягнiку ў вагоне не другое, як пазначана ў бiлеце, а першае клясы, дзе яго на наступнай станцыi аштрафуе на 10 фунтаў двухмэтровы кантралёр зь летуценнаю ўсьмешкаю й шкiпэрскiм носам.
Магчымасьць зноў пабыць у скуры iрляндзкага тэрарыста вы атрымаеце на сталiчным вакзале «Victoria» — асаблiва калi, як у маiм выпадку, хлапцы з IRA якраз напярэдаднi, зьеўшы ў суседнiм McDonalds’е свае «бiг-макi», акуратна апусьцяць у сьметнiцы паўтузiна бомбаў, якiя неўзабаве пазбавяць прысутных прыкладна такой самай колькасьцi рук, ног i галоваў, а таму пэроны й пачакальнi ў дзень вашага прыезду будуць нашпiгаваныя палiцыяй, што вынайдзе такi кардынальны сродак барацьбы з тэрарызмам, як вываз з вакзалу ў невядомым кiрунку ўсiх сьметнiцаў.
Читать дальше