Ды апёкся гэтым разам стары Бурак. Ня з тых, што iх лёкка ашукаеш, Косьцiкава мачыха выводзiлася. Зусiм ня менш кемлiвай за Паўлюка яна ўдалася, дык i няшмат часу заняло, пакуль у мужавых хiтрасьцях i штучках троп знайшла. Вочы працёршы, разгледзелася, ды зусiм iнакш да Паўлюка, чымся пакойная Матрона, паставiлася. Працавала адно ўмеру, а калi й на язык дзела пайшло, дык за словам у кiшэнь ня лазiла. Новая жонка кругом Паўлюку ў даўгу не заставалася. I пачалося ў прылюднай i добра дагледжанай багатырскай Паўлюковай хаце зусiм адменнае й цiкавае жыцьцё: калатня й звада найчысьцейшае вады.
З малых гадоў Косьцiк уволю матчынай ласкi й добрага догляду ня меў. Калi-ж прыйшла мачыха ды хлапец спанатрыў, што робiцца, амаль зусiм самапасам пайшоў. I з росту ён не да малышоў належаў, i ў навуцы спрытны быў, але ўжо ў пачатковых клясах сябе вялiкiм гультаём i абiбокай выявiў. Ззамоладу iншых панадзiў зводзiць, цi ня бацькавы элемантарныя хiтрасьцi пераняўшы.
Вясковая настаўнiца рана Косьцiкаву нягнуткую натуру ацанiла й пасвойму яе напраўляць узялася. Спасьцерагла, што хлапец ня зломак. Цi ня больш за iншых вучняў давялося Косьцiку ў клясным кутку на каленях адпакутваць ды й карных гэтак званых лапаў зарабляць. Колькi нi карала яго настаўнiца, Косьцiк анiяк у лепшы бок ня хiлiўся. Наадварот: яшчэ цьвярдзеў у благiх норавах. Глядзiш здаецца, паправiўся, сядзiць вунь за адкладной лаўкай з анёльскай мiнай, няйнакш як сьвяты. Не пасьпееш вока ў iншы бок адвесьцi, як ён ужо некаму цi то таўхяля пад бок заедзе, цi якую iншую штуку прыдумае.
Як рэдзька агорклi былi Косьцiку настаўнiчыны муштры. Аднойчы наважыўся ён плюнуць на чатырохклясную. Колькi дзён запар, зранку бацькаў дом пакiнуўшы, па аднаму яму вядомых сьцежках лундаў i ў школу носа не паказваў. Дайшло тое да бацькавых вушэй. Добра ўляцела тады Косьцiку з двох бакоў: ад бацькi за чмуту, а ад настаўнiцы ў сваю чаргу, калi бацька ледзь не за руку ў школу сына прыцягнуў.
Пастанавiў Косьцiк настаўнiцы за такую вялiкую крыўду адпомсьцiць. Думаў, думаў i выдумаў. Даўно даспадобы яму настаўнiчын ручны гадзiньнiк прыйшоўся. Падчас лекцыi заўсёды на стале перад сабой трымала, каб за стрэлкай у меры патрэбы сачыць. Пускаючы на перапынак дзяцей, надзявала гадзiньнiк на руку й сама на сьвежае паветра выходзiла, калi пагода дазваляла. Аднойчы неяк, маючы галаву навучальнымi турботамi да берагоў перапоўненую, забылася гадзiньнiк на руку начапiць i ўжо, калi хлопцы на дварэ ў пiкара мурцавалi, а дзяўчаткi ў лапту забаўлялiся, спахвацiлася, што гадзiньнiка на стале няма. Яна й туды, яна й сюды, i пад стол, i ў «тарэбку», ды трывожныя пошукi дарэмнымi былi. Дарагi залаты гадзiньнiк быццам у ваду кануў.
Цяпер ужо не на жартачкi настаўнiца турбавалася й рэшту таго дня, навучаньне ў бок адклаўшы, усiх пачарзе ператрасала. Гадзiньнiка не было. Адумаўшыся, панi настаўнiца бальшыню вучняў дамоў паслала, а найгоршых i ў ейных вачох падазроных трымала й муштравала яшчэ больш гадзiны. Як ня дзiва, а здавалася ёй у той час пошукаў гадзiньнiка, што амаль усе пагалоўна вучнi ейныя, а ў iх лiку насампершы Паўлюкоў Косьцiк, проста цi не сьвятыя былi. Ты iх хоць да раны прыкладзi. Ты перад iмi найбольшыя скарбы тут на воку пакладзi, адыдзiся й у гэны бок не глядзi, дык i то не зачэпяць.
Добра ведаючы сваiх вучняў, шляхам элiмiнацыi да двух найбольш западозраных — Кучынскага й Бурака — свае допыты-пошукi настаўнiца звузiла. Наступнага дня ў школу iхных бацькоў i местачковага палiцыянта паклiкала. Косьцiкавага сябру Кучынскага ў прысутнасьцi бацькоўскай i «жандовай» улады апрацавала першага. Зь ягоных вуснаў выйшла, што залаты гадзiньнiк Косьцiкавых рук ня мiнуў. Ужо Паўлюкова выпрактыкаваная раней на сынавай скуры папружка ды й «жандовы» палiцыянтаў твар канчаткова памаглi Косьцiку прыгадаць, дзе схаваў настаўнiчын гадзiньнiк.
Мала з таго было пацехi. У мiжчасе Косьцiк няўмелую экскурсiю ў залатое гадзiньнiкава нутро зрабiў. Вядома-ж, што гэтак падарожнiчаючы, гадзiньнiк на часткi мусiў разабраць i кожнай зь iх палюбавацца. Калi ўзяўся складаць, дык часьцей гэных аднекуль набралася больш, чым было патрэбна. Наапошку, як i трэба было прадугледзець, у залатым чарапку застаўся зусiм непрыдатны механiзм, бо Косьцiк тыя лiшнiя часткi павыкiдаў.
Круцi не круцi, Паўлюку загадалi поўную вартасьць настаўнiчынага залатога ручнога гадзiньнiка самымi запраўднымi «жандовымi» грашмi пакрыць. Гэтым, хiба, тлумачылася, што тымi часамi старога Бурака гнуткая ёмкая папружка нiяк не жадала разьвiтвацца з Косьцiкавымi наймякчэйшымi й найбольш кволымi часткамi цела. Найгорш за ўсё, што вясковыя кабеты, а найперш Аўдоля й iншыя пахатухi-сакатухi, гадзiньнiкаву гiсторыю на языкi паднялi ды на розныя лады яе iз смакам пераказвалi й размалёўвалi. Дзякуючы тым увiшным i нязмораным кабечым языком, Косьцiк цяпер найбольш папулярным у Лiтоўцах стаўся.
Читать дальше