Пасьля прадзедаў, дзеда, бабкi, бацькi й маткi йшлi пытаньнi наконт iншых бакоў "сацыяльнага праiсхаждзенiя". Шмат распытвалiся аб тым, як сталася, што ён адзiн з усей грамады новабранцаў змог дамоў уцячы.
Антось хадзiў па маленькай каморцы, — крокаў зь пяць мо ўдаўжкi й тры ўшырыню, — ды тросься з холаду. У адурманенай бяссоньнiцай галаве хаосам блыталiся розныя думкi. Вось зноў выплыў наперад кручканосы гарбуз: "Я тебе покажу, такая твоя контра!" Здавалася, што недзе знутры крычэў адно сам голас, а пуцатая маска быццам i ня прысутнiчала пры тым.
Нехта накрамзолiў штосьцi на сьцяне. Антось прачытаў:
"Ешчэ Польска не згiнэла,
а вы, кацапы, пацалуйце мне…"
Цiкава, колькi ўжо праз гэту камору прайшло людзей? Цi сядзелi яны доўга, цi коратка? I чаму гэта бацька ня прыйшоў? Няўжо-ж ён нi стараўся? А мо нi пусьцiлi? За сьцяной чутна хадзiў вецер. Шорах ветру, здавалася, распазнаў-бы Антось — сябра лесу, поля й нiвы, хоць-бы яго пару мэтраў пад зямлю закапалi. Недзе нешта глуха стукала, мабыць аканiца аб сьцяну. Можа бура на дварэ? Цiкава, цi цяпер дзень цi ноч?
Антось стануў, прыхiлiўся да сьцяны, пачаў мяркаваць, калi забралi яго з дому, колькi часу мог быць пад замком. Пяць разоў вадзiлi на допыты. Час тады валачыўся балюча-марудна й паколькi ня бачыў гадзiньнiка, лёгка меру часу трацiлася. Дый што за розьнiца? Так цi гэтак, пакуль духi зь цябе ня выматаюць, мусiць, ня пусьцяць. А мо й зусiм дарогi дахаты ня бачыць яму? Можа на Сiбiр пашлюць?
Дзяцюк здрыгануўся. Тросься, мусiць, ад тэй iнеем пакрытай сьцяны, да якой прыхiлiўся. I здавалася яму, што калi ад холаду гэтта не апруцянее ды на волю выпусьцяць, дык можа здароўем падупасьцi. Не хаханькi-ж галоднаму ў такой халадэчы пасядзець. На дварэ, напэўна, скрыпуча-кусьлiвы мароз. Цяжкая, змучаная галава зноў на сон хiлiла. Але як гэта на халоднай цэментовай падлозе пасьпiш?
Заскрыгаў ключ у замку, скрыпнулi дзьверы й пачулася ўжо ведамае "сьледуй за мной". У пакоi допытаў нi душы жывой. Як i раней, утаропiўся Дзяркач у ледзянавокую маску на сьцяне. Чакаць давялося нядоўга. Кручканосы гарбуз увайшоў шпаркiм крокам, сеў за сталом.
— Табе хто пазволiў сесьцi? — гаркнуў на Дзеркача.
Антось устаў з лаўкi.
— Прозьвiшча! — пачалося ўсё з пачатку.
Антось ня меў магчымасьцi праведаць у раней дапытванных ды вымяркаваць чаму кажны раз пачыналася з таго самага, каб пасьля шматлiкiх "матаў" да галоўнага прыйсьцi.
— Я ўжо вам раней казаў, - буркнуў Антось.
— Скажы яшчэ раз!
— Ну дык нашто гэта? Я-ж ужо расказаў i аб дзядох, i бацькох, i сваё сацыяльнае праiсхаждзеньня. Вы-ж усё запiсалi, — з дакорам паясьнiў Антось.
— Ты это что, мне указывать будеш? что делать? — раўнуў гарбуз. — Я спрашиваю, а ты отвечай! Понял, сукин сын?
— Понял, — буркнуў Дзяркач.
На працягу наступнай гадзiны, цi мо й даўжэй, паўтарылася ўчарашняе й пазаўчарашняе. Быццам першы раз, сьледчы паволi й дбайна запiсваў адказы, курыў i спакойна пераходзiў да наступных пытаньняў.
— Хто памог табе спэцкаць лёзунг на лiтоўскай школе перад зборамi?
Вось яно, галоўнае.
— Якi лёзунг? Хто яго пэцкаў? Ня ведаю аб чым гаворыце, — спакойна адказаў Антось.
— Ты гэта што, упарты балван? Пачакай, я многа часу маю. Нi прызнаешся дык здохнеш тут. А ну стань ля сьцяны, рукi ўверх. Скарэй ты, сукiн сын!
Антось падыйшоў да сьцяны, падняў уверх рукi.
— Блiжэй, выпрастайся, от так! — раўнуў сьледчы за вухам i так заехаў каленам ззаду ў сярэдзiну, што Дзеркачу дыханьне заняло. — Не варочай галавы, проста ў сьцяны глядзi!
Гэтак выпрастаны, прылёгшы да сьцяны, рукi выцягнутыя над галавою, Антось застыў у далейшым чаканьнi. Сьледчы хадзiў па пакоi, нарэшце сеў за стол. Маўчаў. Мiнула шмат часу.
— Паўтараю: хто памог табе спэцкаць лёзунг у школе?
Антось маўчаў. Млявасьць разьлiлася па канцавiнах i па ўсiм целе. Цяжкiмi намаганьнямi стараўся трымацца, каб ня ўпасьцi.
— Отвечай, вредитель ты, сукин сын, когда спрашиваю!
Голас цьвёрды й моцны, добра вытрыманы. Нiкчэмнiк, мусiць, зусiм не хваляваўся, моцна набiтую руку ў допытах меў. Абыякавасьць — вось усё, што адчуваў Антось. Але да рэзыгнацыi яшчэ не дайшоў. Навошта казаць хоць-бы якую макулiнку праўды, а яшчэ больш выдумляць? Скажы адно, дык цягаць будуць пакуль прызнаешся, што Крэмль узарваў, самога Сталiна павесiў. У галаве пачало шумець, слабелi каленi й пруцянелi рукi. Адчуваў, што доўга ня вытрымае.
Былi моманты, калi ў сярэдзiне змучанай галавы два чалавекi спрачалiся. Адзiн наважыў пайсьцi сьледчаму на руку й навыдумляць усялякай трасцы. Гэтта небясьпека падсьцерагала: калi бальшавiк спанатрыць, што ўсё выдумаў, дык можа яшчэ горш быць. Другi-ж Дзяркач проста навосьлеп супярэчыў таму першаму ўгоднiку. Надта-ж балюча рэзала бальшавiцкая брытва. Але чым глыбей яна старалася ўрэзацца ў Антосеву мякаць, тым больш хацелася аддаць назад удвая.
Читать дальше