— А ягодка-ж мая, Сабакевiч, кажаш! — ахнула Аўдоля. — А навошта-ж яму абраз? Ён у яго есьцi прасiў, цi якой трасцы?
— Гэта-ж тату сiлай напаiць хацелi, а калi ён ня мог выпiць, дык як схопiць Косьцiк поўную шклянку самагонкi, ды як чарахнiць па абразе?
— От каб яго зiмля нi насiла, галадранца кусок! — плюнуў Алесь.
— А ягодка мая, гэта-ж цi так можна па абразе? Як яму ня грэх? дзiвiлася Аўдоля.
— Якi там грэх… басяк-жа ў Бога ня верыць, — спасьцярог Антось.
— Алi-ж чаму гэта па абразе? — дамагалася Аўдоля. — Што гэта было тутака, Пракоп?
Бахмач маўчаў. Ён дрыжэў пры стале, мусiць ня могучы вярнуць раўнавагi.
— Тата малiўся да Прадславы Апрасiньнi, ня мог гарэлкi зь iмi пiць, от што, — тлумачыў Янук.
— Дык што-ж, малiцца няможна? — заўважыў Алесь. — А чаму яны яго змушалi, за што гарэлку пiлi?
— За таварышча Сталiна й асвабаждзеньня, во за што… I Лявон ды Косьцiк пагражалi тату, што за таварышча Сталiна й за асвабаждзеньня трэба пiць да самюсенькага дна, а калi ён ня вып'iць, дык яны яму нешта пакажуць. Ну й паказалi, — выказаў адным дыхам Янук.
— А ягодка-ж мая, нявiданае-няслыханае, — охкала Аўдоля. — А дзе-ж гэта яны самагонку бралi, сынок?
— Ды ў вашага-ж купiлi, — адказаў Янук, — мяне пасылалi.
— У Тодара? — зьдзiвiлася Аўдоля.
— А ў каго-ж, — адказаў Янук.
— I колькi-ж ён узяў зь iх? — узрастала Аўдолiна цiкавасьць.
— Цэлы чырванец.
— Ты, хлапец, мусiць брэшаш. Быць гэтага ня можыць! — запратэставала пахатуха.
— Цётка Аўдоля, што гэта гавораце? Я вам сабака, цi што? — дзёрзка адказаў Янук.
— Ну я-ж яму пакажу, я-ж яму вушы абарву! — усхадзiлася жанчына. — А казаў-жа, што нiма. Ды яшчо самагонку прадаець, каб абразы бiў гэты…
Яна спынiла кленiчы, каб лiшняга не сказаць, разглядалася навокал, быццам спагады шукаючы. Раптам крутнулася й выходзячы моцна стукнула дзьвярмi.
— От-жа й баба, — цiха сказаў Антось. — I ўдаець нiбыта нi знаiць, што Тодар самагонку гонiць i прадаець. Сука! Як гэта ей ня стыдна!
— Дзе ў яе той стыд, — спасьцярог Алесь. — Глядзi, унь ўжо пэўня ў Пiлiпiхi пра гэта ўсё барабанiць. Скора цэлая вёска знаць будзiць. I якi чорт яе сюды прыгнаў?
— А нiхай усе знаюць. Чаго хаваць? — сказаў Антось. — Дай во гэтай нечысьцi дарогу…
— Эх, Антось, ты Антось, — пачаў Алесь, — здаецца й вялiкi й разумны ты, а як малы гаворыш. Ну нiхай цэлая вёска знаiць, нiхай i дзесяць вёсак знаiць, дык што iм, басякам, дарогу хто загародзiць? Ня вiдзiш, што робiцца? Басота да карыта дабралася. Iх права, iх сiла, робяць што хочуць, от як…
— Праўду ты, Алесь, кажаш, — памаўчаўшы адказаў Антось, — басота сiлу цяперака маiць. Дзяржыцiся, людзi добрыя!
Мужчыны прыселi ля стала й пачалi пытацца гаспадара пра гэну дзiўную вiзыту. Янук доўга стаяў, пазiраў на старэйшых. Да вушэй даляталi беразборлiвыя гукi. У вачох стаяла постаць дрыжачага, прыбiтага, некалi ўстойлiвага бацькi.
Пачалi дрыжэць вусны, нешта моцна цiснула сьлёзы з вачэй. Ня памятаў калi выбег з хаты, мiнуў гумно. Азiрнуўся за Тапсiкам i моцна забалела ў грудзёх. Ужо прытулiўшыся да магутных плячэй Архiпа, даў волю сьлёзам. Лёгкiя дрыжыкi юнацкiх плячэй сунiмалiся на стыку з камлём Архiпа. Запаволiлiся сьлёзы й моцна, да болю сьцiснулiся кулакi.
Як праз туман, нейкая дзiўная, у гэтым сьвятле нiколi раней нябачаная, распрасьцерлася ў начоўках вёска Лiтоўцы. Новая вёска, з новым затоеным дыханьнем, няпэўым поступам у таямнiчае заўтра.
Барабаншчына па падрыхтоўцы да выбараў "дзiпутатаў у народны сход", што меўся ў Беластоку адбыцца, трымала ў бесьперапынным млiве языкi партыйных палiтрукоў на працягу даўгiх васеньнiх вечароў.
— Самi дадiте кандiдатов, самi i iзберать будете, — пялiўся Маршалкаў у суправодзе Косьцiка, Лявона й Пятуха.
— Онi, значiтся этi вашi лучшiе сыновья i дочерi, отождествлят ваше многолетнее стремленiе к прiсоедiненiю к родiне нашей, могушчественному Советскому Союзу… Вы воплотiтесь в одно тело с нашей родiной i станет ваша мать родная на зашчiте вашiх iнтересов, а тогда…
Ад «тогда» пачыналася пералiчваньне "благаў", што вось гэтта за парогам чакалi. Варта адно дзьверы адчынiць, як тыя «блага» у хату хлынуць. Пiпку пакурваць i ў столь пляваць будзеце, а "айцец народаў" лепш чымся сам Архангел Стораж вас забясьпечыць.
Маршалкавы вочы мутнелi, твар пакрываўся аўрэоляй сьвятасьцi, калi згадваў як цяжка было раней i якi рай павiнен настаць. Жанчыны пускалi сьлёзы, у куты хусьцiнак чмыхалi. Неяк аднойчы падачас пералiчваньня тых "благаў", што скора ў Лiтоўцы быццам мелiся прычыкiльгаць, ня вытрымаў Антось Дзяркач.
Читать дальше