— От, дзяцюк ты мой, гасьцiнца табе. Трымай.
З гэткiмi словамi Марыя Iванаўна насыпала Януку поўную жменю цукеркаў.
— Дзякую вам, — сказаў Янук ды падыйшоўшы да Ўладзiмера. — Будзем есьцi разам? — спытаўся.
— Не, дзякую, — адказаў той. Ён стаяў сярод хаты й разглядаўся. Янук ня ведаў пра што зь iм гаварыць.
— Разьдзенься, сядзь, — сказаў ён Уладзiмеру.
Тымчасам дзядзька Хвёдар распрануўся, бязь нiякае прынукi сеў на лаве ля стала. Таўставатая й пульхная Марыя прысела побач мужа. Нейкi час плялася нясуладная гутарка, ажно Пракоп раптам нешта прыгадаў.
— Янучок, зьбегай ты да Тодара, — сказаў Пракоп сыну, — папрасi ў яго лiтроўку. Скажы, што пасьля заплачу.
— Нiчога ня трэба, Пракоп. Нiкуды нi пасылай. Я штосьцi маю, — забег наперад Хвёдар. — Марыя, будзь добрая, там у мяне ў кiшэнi, — сказаў жонцы.
Жанчына ўстала, падыйшла да вешака ля парогу i зь сярэдняй кiшэнi пальта дастала вялiкую пляшку маскоўкi ды паставiла яе на стале.
— Я, браток, ня п'ю, ды от для вас думаў, - пачырванеў Пракоп.
— Ды знаеш, браце, гэта ўжо занадта. Ды чаму? Па чарачцы ўсе зробiм, намаўляў брат.
— Я калiсьцi, бывала, пры гасьцях дык чарку выпiў, - тлумачыў Пракоп. Але тут у нас нядобрае ў хаце было. Гэты-ж наш акцiвiст, цi як яго, чорта, цяперака зваць, дык ён як толькi зьмена прыйшла то мяне тут сiлай паiў ды iкону во пабiў, - паказаў Пракоп зрокам у кут.
— Гэта што? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Хто пабiў i навошта?
— Доўга, браток, расказваць… Наш мясцовы камунiст гэта. Хацеў мне сiлай гарэлкi ў рот налiць i крычаў, каб за таварыша Сталiна й за савецкую ўласьць пiў. А я-ж хваравiты, вунь пры Паляках палiцыя пячонкi адбiла, дык i баранiўся, як мог… Тады гэты басяк поўнай налiтай чаркай ды як чарахнiць па iконе, так i пасыпалася шкло…
— Ды гэта ён цябе насiлаваў? — сур'ёзна спытаў Хвёдар.
— А як-жа.
— А хто ён такi, гэты чалавек?
— Буракоў сын. Помнiш Паўлюка Бурака?
Хвёдар зморшчыў лоб.
Помню, ну так, помню. Дык гэта яго сын? Я, пэўна, нi знаю яго?
— Малы шчанюк быў… Ня будзеш знаць.
— Дык гэта ён за Сталiна й за савецкую ўладу?
— Ну так.
— Маладзец, дзяцюк, ведае што рабiць, — сказаў Хвёдар i зiрнуў на жонку й сына.
— Я нi знаю, — адказаў зьбянтэжаны Пракоп. — Нi знаю цi маладзец, паўтарыў, скоса зiрнуўшы на брата.
— Ды не, Пракоп, — сказаў той, не за тое маладзец, што хулiганiць, а таму што Сталiна вялiчае. Разумееш?
Хведар доўга глядзеў на Пракопа, як-бы зрокам хацеў нешта недаказанае языком вытлумачыць.
— Ты лепi знаеш. Я нiнадта разьбiраюся, — сказаў Пракоп. — Алi чаго-ж я сяджу, нешта на стол трэба, — устаў гаспадар. Ён загадаў Януку прынесьцi хворасту, распалiць плiту. Неўзабаве на скварадзя засквiрчэласала й смажылася каўбаса з тых сьцiплых запасаў, што ў клецi вiселi пад самай страхой (каб пацукi не дабралiся) на якую нечакана-пiльную патрэбу. Прыемны пах расплыўся па хаце. Хвёдар падыйшоў да печкi.
— Як гэта завецца? Хвораст, цi што?
— Так, хвораст, — адказаў Янук.
— Помню. Ведаеш, многа забыўся пра гаспадарскае з дому. Прыкладна, у нас на Ўрале, дзе я служыў, печкi палiлi вуглём. Але тут, вядома, вугля няма.
Ён прайшоўся ўдаўжкi i ўшыркi па пакоi, пазiраючы на Пракопа, што стаўляў пасуду на стол, спынiўся перад здымкамi на сьцяне, пачаў пра некаторыя распытвацца. Уладзiмер падыйшоў да Янука, стаяў i маўклiва пазiраў на полымя ў печцы. На стале зьявiўся разовы жытнi хлеб, гуркi, капуста шыткаваная.
— Вы госьцiкi, прабачце нам, што нiчога спiцыяльнага нiма, — гаварыў Пракоп. — Каб-жа гэта чалавек ведаў…
— Ну ды што ты, навошта гэта, Пракоп? — зьдзiвiўся Хвёдар. — Усё во, што маеш i ёсьць для нас спэцыяльнае.
— А калi Мiкола вернецца, Янук?
— Нi казаў.
— Заседзiцца можа.
— Гэта твой другi сым? — зацiкавiўся госьць.
— Так. На сяло недзе пашоў.
Як на добрую згадку, адчынiлiся дзьверы й на парозе стаяў Мiкола. У хату ўвайшоў нясьмела, спачатку зiрнуў на незнаёмых людзей, пасьля на патэльню на печцы, пацягнуў носам. Вочы яго павандравалi на стол, пры якiм завiхаўся бацька. Пабачыўшы пляшку водкi й каўбасу, дзяцюк мяркаваў, што гэтта адбываецц нешта надзвычайнае.
— Мiкола, от i ты на добры ўспамiн. Паглядзi, якая ў нас вялiкая радасьць у хаце: гэта во мой брат Хвёдар, яго жонка Марыя i сын Уладзiмер, адрэкамэндаваў бацька.
— Здрасьця, — прывiтаўся Мiкола.
Госьцi спасьцераглi, што хлапец кульгае, але нiхто пра прычыну не распытваўся.
— Дома, значыцца, бацьку памагаеш, цi ў школе? — спытаў Хвёдар.
— I дома, i за шаўца вучуся, усяк бываiць, — адказаў Мiкола.
Читать дальше