Паднечаны й злосны, дзед Якуб азiрнуўся.
— Iдзем, Васiль, дамоў, нiма тут чаго слухаць, — сказаў сыну.
У залi падняўся гоман.
— Ты вiдзiш во яго! Зьдзiцянеў стары! — тросься Косьцiк, калi Васiль, падтрымлiваючы бацьку, кiраваўся да дзьвярэй.
— Я-ж цябе, такую тваю!
— Ты мне нi пагражай! — адвярнуўся дзед. — Пацалуй ты мне, старому калеку, знаеш у што… Я пражыў сваё, а ты яшчэ не. От пра сябе падумай, чалавекам будзь, калi можаш. Хадзi, Васiль!
Каля паўдня ў сыботу Янiк пачуў звон шорхавак з таго боку ад бальшака. Ля Кмiтавай хаты спынiлася санная брычка, людзi нешта распытвалi Аўдолю. Неўзабаве брычка рушыла й хутка зблiжалася. Добра дагледжаны буланы конь гуляючы ступаў па ўтоптанай дарозе. Дзяцюк, што сядзеў сьпераду на казьле, нацягнуў лейцы й голасна спынiў каня перад Бахмачовай хатай.
На сядзеньнi зь левага боку, апранутае ў чорнае сукно, развалiўся цёмны, даўганосы юнак гадоў пад сямнаццаць, побач яго — круглатварая сярэдняга веку жанчына ў падношаным пальце з футраным каўняром i вялiкай, белай, ваўнянай, махрысткай хусткай на галаве. З правага боку сядзеў мажны, у чорным чыгуначным адзеньнi, зь дзьвюмя чырвонаымi шпаламi на каўняры мужчына ў футранай шапцы. Калi-б навет i тых шпалаў ня было. Янук дадумаўся-б, што гэтыя людзi «адтуль». Штосьцi было ў iх выглядзе й вопратцы. Янук ня ўсьпеў iм добра прыглядзецца, як мужчына спытаў яго парасейску:
— Скажы, калi ласка, малады чалавек, цi тут Пракоп Бахмач жыве?
Янук рот разявiў. Адкуль гэты вялiкi ўраднiк, — абы хто-ж не насiў шпалаў чыгуначнiка на каўняры, — ведаў iмя й прозьвiшча бацькi?
— Так, тут, — адказаў Янук.
— А ты, малады чалавек, можа сын ягоны?
— Так, Пракоп Бахмач гэта мой тата. Зараз пазаву.
Янук шмыгнуў на ганак i ў хату. Посьпех быў лiшнi. Ледзь ня стукнуў бацьку ў лоб у цемнаватых сенцах.
— Стой, куды цябе гонiць?
— Тата, чалавек пра цябе распытваў… нейкi савецкi й цябе знаiць.
— Так? Вiдзiў iх праз вакно. Няўжо-ж гэта Хвёдар?
Шырака адчынiлiся пярэднiя дзьверы. Уважна прыглядаючыся, Пракоп паволi крочыў да брычкi. Чыгуначнiк вылез, затрымаўся, прыглядаўся Пракопу.
— Пракоп, няўжо-ж гэта ты?
— Хвёдар?
Доўга трымалiся ў вабдымках.
— Браток мой любы, якая радасьць, якое шчасьце, нiколi сьнiць ня сьнiў! — захапляўся Хвёдар сустрэчай, цалуючы брата.
— Хвёдар, ты як з таго сьвету. Бог нi бязь мiласьцi, мусiць.
— Ну як жывеш? — пытаўся госьць.
— Пагаворым. Алi-ж, браток даражэнькi, ну нi пазнаў-бы я цябе, каб дзе от так на дарозе спаткаў цi што. Так многа часу сплыло, Божа мой! — гаварыў паднечаны Пракоп i бязрадна стаяў перад братам. — Ну дык чаму нi знаёмiш? Ды прашу, заходзьце ў хату.
— Будзь ласкавы, гэта мая жонка Марыя Iванаўна, а гэта — сын Уладзiмер.
Пракоп пацiснуў вялую руку Марыi Iванаўны й патрос пляменьнiкаву.
— А гэта мой сын Янук, — паказаў на хлопца.
— Мы ўжо раней пазнаёмiлiся.
— Ах, якое шчасьце, якi Бог мiласьцiвы! Гэта-ж падумаць, падумаць толька! — ня сунiмаўся Пракоп. — Мы цэлы час думалi, што на вайне ты прапаў. Але пра гэта пасьля. Заходзьце, калi ласка ў хату.
Госьцi стаялi.
— Ах даруйце, — агледзеўся Бахмач. — Гэта-ж нi падумаў саўсiм, бо галава дурная з той нiспадзеўкi. Адкуль вы прыехалi й адкуль ваш хурман?
— Са станцыi Гацi.
— Хурмана адпусьцiце, а я сам адвязу вас куды трэба. Дык заходзьце ў хату, калi ласка.
— Добра, — сказаў Хвёдар. — Слухай, дзяцюк малады, — зьвярнуўся ён да хурмана, — едзь назад. Нас прывязуць. Вялiкi табе дзякуй.
Дзяцюк нiчога не сказаў, гукнуў на каня й пачаў заварачвацца.
— Вы багажу нiякага нi маеце? — спытаў брата Пракоп.
— Гэта што?
— Прабач, мне i нi ў галаве, што ты, можа, пабеларуску гаварыць забыўся… Пытаюся, цi маеце што з сабой?
— Ды не. Станцыя тут-жа, як рукой падаць. Дык навошта?
Калi зайшлi ў хату й разьдзелiся, Янук спасьцярог вялiкае падабенства бацькi й дзядзькi. Хвёдар перарос Пракопа. Смуглявы, буйнавалосы, ён здаваўся надта бльiзкiм i разам з тым недаступным. Марыя Iванаўна, што да гэтага часу роту не адчынiла, цяпер зьдзела пальто, сьцягнула з галавы хустку й разглядалася.
— Дайце, я павешу, — падыйшоў Янук.
— Калi ласка. Я для цябе нешта маю.
Жанчына гаварыла чыста парасейску, з прыцiскам, характэрным маскалём. Навет Хвёдар, што ўжо пачаў у гутарку ўкiдаць беларускiя словы, розьнiўся вымовай ад жонкi. Пакуль Янук павесiў пальто на круку на сьцяне, жанчына палезла ў ручную торбу й выцягнула цэлую жменю загорнутых у чырвоныя паперкi цукеркаў.
Читать дальше