Тыя, што былi на гэнай вайне й каторым удалося дахаты вярнуцца, апавядалi шэптам, пераз плячо аглядаючыся, ды з жахам у голасе. Так упсяюрылi Фiны «непабядзiмай», што й самому ледзянавокаму крамлёўскаму дыктатару сон з павекаў сагнала. Жарцiкi табе! Жменечка тых Фiнаў, а так засупонiлi! Насамперш усю афiцэрню бальшавiцкую, што на белым сьнезе ў чорнай вопратцы, як на паказ, ваявала, Фiны кулямi пералiчылi. Пасьля-ж "пушачным мясам" паласавацца захацелi. А ў гэным фiльме такiя яны, браце, героюшкi, што аж тая бравая «гармошка» з захапленьня не ўтаймуецца. Басота нячыстая, галеча бязбожная! Як у Сьвятым Эвангельлi сказана: з бруднай крынiцы адно бруднае пацячэ…
I Жыд гэты плявузгае, як шарманка накручаная. Лухта. Панскай зямлёй надзялiлi: наце, налятайце, цешцеся. Людзi аджылi, узмужнелi, некаторыя навет радасьць песьнi прыгадалi. Аж пакуль увесь плён цяжкое працы гэнай ненажэрнай дзяржаве ўвавулiць загадалi. I вядзе далей уява: Косьцiк перад пабiтай iконай, прыгнечаны Сявенька-Амэрыканец, Захарук перад «прэмiяй» на стале, зьбiты бацька зь Перасечана, нямоглае жарабя, барадаты бязбожнiк у школе й чамусьцi Якаўлеў са сваей цудоўнай беларускай мовай…
Як тут разабрацца? На якую мерку мерыць? Моташна, дыханьне забiрае. Трэба выйсьцi. Няхай там ззаду чмель гудзе. Янук працiснуўся да дзьвярэй.
— А сiчас, пасьля дакладу таварыша Цiмермана, цi ёсьць якiя вапросы? устаў Сабакевiч.
Людзi пазiралi адзiн на аднаго, пазяхалi. Падняўся Захарук.
— Вы, дзядзька, маеце якi вапрос? — спытаў Косьцiк.
Захарук стаяў з краю, ля самага праходу. Быццам наўмысна марудзячы, ён кiнуў недакурак самакруткi пад ногi, плюнуў на яго й растаптаў лапцем, азiрнуўся на бакi. Правы рыжы вус вiсеў нiжй левага й гэта давала Захаруку шорсткi выгляд.
— Чаму-ж не, казаў той, каб ня меў…
Уласьнiк бадзёрага гнядога конiка, ударнiк, узнагароджаны за вываз лесу зь Перасечана азiрнуўся па бакох, падкруцiў правы вус уверх.
— Гэта-ж я хацеў пра каня спытаць, калi сам ты, цi гэты таварышч што можыць сказаць… Дык я хачу ведаць як гэта ў калхозя бiз свайго каня быць? Конi-ж заберуць, цi не?
Косьцiк вагаўся, пазiраў на Цiмермана.
— Конi ў калгасе належаць калгасьнiкам. Значыцца, калi вы ў калгасе, дык яны й да вас належаць, — упэўнена адказаў Цiмерман.
Усе Лiтоўцы ведалi Захаруковы конскiя iнтарэсы. Некаторыя яго цыганом называлi. У iншых, здавалася, лепшае масьцi конi вадзiлiся. Дзядзька-ж Захарук на конi, мусiць, спецыяльныя рукi меў. Глядзiш, здаецца, нядошлага якога прыдбаў. Калi-ж паходзiць ля яго, дагледзiць, дык той першаму й дзясятаму ня ўступiць.
— Значыцца тады, як вы, таварышч, кажаце, калi кахозныя конi нашы, дык тады можна каторага запрэгчы калi захочаш? — паправiў цяпер ужо левы вус Захарук.
Цiмерман устаў.
— Як гэта запрэгчы? Паясьнiце.
— Ну значыцца, надта проста: калi каторы мне на што трэба дык пашоў i запрог, — бойка адказаў Захарук. Рука ягоная палезла ў правую кiшэню вынашанага кажушка, дастала адтуль скураны капшук. Захарук паволi адвязаў матузок, выцягнуў зложаную газэту, ды пачаў адрываць кавалак на самакрутку. Цэлы час Цiмермана з вока ня спускаў.
— Калi вам няясная такая драбнiца, дык я зараз паясьню, — пачаў Цiмерман, надзiмаючы шчокi i жывот, як iндык. — Калгас — гэта ёсьць зямля, людзi i iнвентар, у тым лiку й конi. Як агульная гаспадарка, яна мае дбаць аб агульным дабры. Значыцца, пагэтаму старшыня калгаса глядзiць за ўсiмi мерапрыемствамi для карысьцi ўсiх членаў калгаса.
Сам задаволены з такога адказу, Цiмерман сеў. Але стаяў i спакойна насыпаў з капшука табаку ў кавалак газэты Захарук. Ён языком пасьлiнiў адзiн беражок паперы, залажыў яго на другi й пагладзiў пальцамi. Увага ўсей залi цяпер сканцэнтравалася на Захруковай самакрутцы, бо ведалi пранырлiвасьць конскага гандляра.
— Ну дык як тады з канём? — спытаў наўмысна паволi рыжавусы дзядзька.
Цiмерман зь няўцямнасьцю зiрнуў на Захарука.
— Я-ж вам сказаў!
— Вы мне нi сказалi! — горача запярэчыў Захарук. — Вы гаварылi аб агульным дабры i ўспомнiлi, што ўсiм загадваiць старшыня калхозу. Дык я тады магу пайсьцi i ўзяць каторага хачу каня й запрэгчы, цi не?
— Ня можаце! — войстра адказаў Жыд.
— Чаму не?
— А таму, што конь нi ваш.
— Дык як-жа гэта так? Вы-ж во цяперака, — от нiхай мне Бог i ўсе гэтыя добрыя людзi будуць сьведкамi, — цяперака казалi, што конi нашы, — напiраў селянiн.
— Ну так, яны то вашы, занчыцца калгасныя, а там iмi i гаспадаркай загадвае старшыня, каторага вы выбярэце. От вас выбяруць старшынёй, дык вы будзеце загадваць.
Читать дальше