Узяць хаця-бы й гэну пазьнейшую, як тады здавалася, апошнюю бойню. Як i цяпер, Немцы схапiлiся з Маскалямi. Дашчэнту нiшчылiся ў ваеннай паласе вёскi, а людзi ўцекачамi, далёка ад дому, голадам i iншай трасцай марылiся. Такi ўжо закон вайны. Адылi войска не нападала, як цяпер, на безабаронных жыхароў, не палiла без разбору людзей, ня зьнiшчала да рэшты цяжка нажытага дабра. Нясусьвецiца, што й гаварыць. Полымя шырылася й пагражала суцэльным зьнiшчэньнем. Масква, што бясьперапынна барабанiла пра «вялiкую айчынную», мела мабiлiзаваць усё мiрнае насельнiцтва. Ды ў вачох ненасытнага хiжака не магло быць нiчога «мiрнага», а насамперш людзей. Для ўсiх плянаваўся адзiн кацёл зялеза й масы, пад ведамым сьцягам i пад загадамi падрыхтаваных спэцаў.
Заходнi напасьнiк даў гэтай вайне зусiм дагэтуль нячутую ў гiсторыi функцыю: ачысьцiць «лебэнсраўм» для будучага пасяленьня Немцаў. Антось Дзяркач парознаму выглядаў у вачох хiжакоў, што за ягонную зямлю змагалiся. У вачох адных — маленькая пешка, чалавек без аблiчча, адзiн зь мiлiёнаў, што тварылi масу, якую трэба падпрэгчы ў калясьнiцу «вялiкай айчыннай». У вачох тых з захаду — ён ёсьць лебяда, якую трэба выкаранiць, пакiнуўшы адно даволi на абслугу, каб на паноў новых дабра ўсялякага прыдбалi. А паны гэны пасьля вялiкай перамогi над Маскалямi, засядуць тут на панаваньне вечнае. Тое, што на гэтай гаротнай зямлi ад веку жылi й трывалi яго, Антосевы, продкi ня мела нiякае вагi нi для аднаго нi для другога хiжака. Карэньне падразалi й раней, але мiлiёны Антосяў зноў атожалкамi прырасталi, буйнелi, трывалi. Ды цi вытрымаюць, цi перажывуць гэту апошнюю пошасьць? Як прыжывеш у пустынi? I цi пакiнуць якiя атожалкi, каб зноў укаранiцца?
Людзi людзьмi. Напалоханыя, зьбянтэжаныя ценi па кутах. Спадзявалiся, што iх не зачэпяць, што ўдасца неяк наводля таго «нiхай хоць чорт пануiць, абы жыць можна было». I як можна так думаць, калi ўсё было ясна, адно трэба было ўмець бачыць?
Антось зноў абмацаў сваю зброю, быццам хацеў упэўнiцца, што ня зусiм-жа безабаронны, уздыхнуў, выпрастаўся ў пасьцелi, зiрнуў на Нiну. Яе грудзi агалiлiся, пярына спаўзла зь iх. Ды не яны цешылiся цяпер Антосевай увагай. Думкi нахлынулi хвалямi й часта не знаходзiлi канкрэтнага пункту апоры. Адчуваў, што нечага не дадумаў, нешта цi ня самае галоўнае асталося збоку. Была-ж у гэтай нярэальнасьцi й зьбянтэжанасьцi, недарэчнасьцi свая нейкая простая праўда. Ня можа быць, каб хiжакi запрудзiлi ўсе шчылiны, разбурылi ўсе грэблi i мiлiёнам безабаронных людзей адрэзалi шлях да ратунку. Пра якi выбар была мова?
Адчуваў Антось, што ён прыблiзiўся да разгадкi, да ўсьведамленьня нечага вялiкага й простага, што дало-б магчымасьць, зарганiзаваўшыся, сьцiснуць кулак i прыняць бой. Вось дзе сэнс — бой! Гэтта й будзе выхад. Антось затрывожыўся. Пра бой думаў-жа i раней. Дык што тут новага? А мусiць тое, што заўсёды плянаваў на аднаго сябе. Больш таго, ужо сёе-тое рабiў: сядзеў у Гараватцы, каб прыпiльнаваць таго бандзюгу, выкапаў пад хатай сховiшча, каб у выпадку патрэбы мець заднi ход. Ну й што? Скажам, калi-Шпунта цi яшчэ пару бандзюгаў удалося яму забiць, дык цi нагэтым канец? Прыйдуць iншыя, заб'юць, спаляць.
Балазе да канца прадумаць. Антось устаў, упоцемку памалу нацягнуў на ногi боты, накiнуў паўшубак, асьцярожна скрыпнуў дзьвярмi. Золкi вецер сьвежасьцю хлынуў у твар. Ромак ляжаў ля парогу. Ён мiгам устаў, тыцнуў Антосю ў руку сваю пысу. Антось гладзiў сабаку, прысеўшы на прызьбе.
— Ну памалу, ня трыся так.
Сабака быццам зразумеў, прылёг ля Антосевых ног. Холад умiг разьвеяў дрымоту, пасьвяжэла галава. Дзяркач ледзь разгледзiў грэбень дрэў у недалёкiм балоце, зiрнуў у бок Гацяў. Над станцыяй сьвятлела зарыва. Там, як заўсёды, жылi рухам i лязгатам чыгункi.
I раптам праясьнiлася ў галаве. Гэта-ж цi раз гаварылi з Падгайскiм пра патрэбу арганiзаваньня сваiх сiлаў. Немцы-ж дазволiлi нейкую самаахову, хоць ня вiдаць, каб надта там што наперад рухалася. Пачаткi, вiдаць, цяжкiя. Але варта больш разьведаць, спанукацць, каб найбольш свае зброю ў рукi бралi. Найважнейшае, каб камандзеры ня толькi добрыя й разумныя галовы мелi, але перадусiм каб сваей справе наскрозь адданыя й ахвярныя былi. Абавязкова. Галоўнае-ж, каб разам. Лягчэй выстаяць будзе.
Яшчэ падумаўшы, Антось пагладзiў сабаку й пайшоў у хату.
— А дзе-ж ты, Антоська, па начах ходзiш?
Нiна сядзела на ложку.
— Ды нiдзе надта. Во на двор выйшаў.
— Ня сьпiцца, цi што?
— Ня сьпiцца. Усякiя пранцы ў галаву лезуць.
— Гэта пра што?
— Ды пра гэту навалач. Знаеш…
Читать дальше