У кухнi Падгайскага пад абажурам ярка гарэла электрычная лямпачка, а вокны былi суцэльна закрытыя цёмнымi занавескамi. За сьцяной дзесьцi стукаў аканiцай вецер. За сталом сядзеў Антось. Ён узяў да паловы рудой вадкасьцю налiтую аграномам шклянку.
— Выпi, Антось, адным глытком. Разагрэешся. Цябе, мусiць, добра вецер прабраў.
— Дзякую, — адказаў Падгайскаму Дзяркач. Выпiў, зморшчыўся. Шнапс прыемнай цяплынёй расплыўся па жываце.
— А ты ня вып'еш? — спытаўся Антось гаспадара.
— Ня буду. Калi ласка, закусвай, — падсунуў аграном Антосю накроенае на талерцы сала й прыемна пахнучыя кiслыя гуркi.
— Цябе нiхто па дарозе ня вiдзiў?
Антось зiрнуў Падгайскаму ў вочы, падумаў улажыў у рот кавалак адрэзанага гурка.
— А хто-ж мог вiдзiць? Полем iшоў. Знаеш, што вечарам цi ноччу хадзiць нiма як.
— Знаю.
— А чаму пытаешся?
— Таму, што лепi пацiхоньку… Каб вораг ня ведаў. Але можа пра гэта пасьля скажу. Хвалiся, што там у цябе.
— Нiчога, усё пастараму.
Падгайскi ўважна зiрнуў субяседнiку ў вочы, устаў з-за стала, прайшоўся па кухнi.
— Ты, Антось, гэтае самае, ня дуры галавы. Каб нiчога ня было, ты-б сядзеў дома, бяз прычыны ня швэндаўся-б.
Антось усьмiхнуўся.
— Старога ваўка, як кажуць, авечка нi правядзець. Знаеш, думаў я й думаў, а гэтыя думкi, каб iх пранцы, у сваiм сагрэтым кутку пасядзець нi даюць. Я гэта ўсё пра тое, што трэба рабiць, каб злажыўшы рукi нi сядзець. Знаеш, што вытвараецца.
Антось гаварыў паволi, упэўнены, што аграном цярплiва выслухае яго, а пасьля сваё скажа. Як умеў, апiсаў свае роздумы, аграмадную трывогу ня толькi за свой лёс. Падгайскi хадзiў па кухнi, церабiў валосы.
— Ты ўжо скончыў? — спытаў аграном занадта рэзка.
— А што? — зырка зiрнуў на яго, спасьцярогшы нецярплiвасьць гаспадара, Антось.
— Ды тое, што ты, братка, мусiць, забыўся. Таўклi мы раней гэты мак у ступе. Дый ня толькi таўклi, але й згадзiлiся, што няма чаго нашым па завугольлях хавацца, манны зь неба чакаць, а трэба за зброю брацца. Я табе ў палiцыю iсьцi сулiў, а ты адмовiўся. Сказаў мне, што ў чужую палiцыю ня пойдзеш. Воля твая. Рупiць табе ў сваё беларускае войска i ты, як вiджу, вiнавацiш нашых, каторыя дзе-небудзь там пры ўладзе, але нi стараюцца ў Немца дазволу, цi можа й дамагаюцца, але замала. Так цi не?
— Яно-ж так…
— Ты, Антось, ужо чуў, што нашы ў Менску ўжо даўно дамагаюцца й што нiбыта ёсьць нейкiя рэзультаты. Немцы дазволiлi самаахову зарганiзаваць, але нi так, як Беларусы хацелi. А нашы хацелi, каб паставiць на ногi тры добра ўзброеныя дывiзii, пад нашай камандай. А Немцы сказалi, што па акруговых гарадох можаце мець батальёны, а ў паветавых толькi роты. Дый то Немцы маюць iмi камандаваць, а нашыя афiцэры й падафiцэры на iхных паслугах быць. Што-ж гэта за войска беларускае? Дрэнь, братка. А апранаць i кармiць мае Беларуская Народная Самапомач, значыцца мы самi. Немцы зброю дадуць. Дык вось што сталася: у Мiнску закончыўся курс перашкаленьня афiцэраў i падафiцэраў самааховы. Было паўтары сотнi ўдзельнiкаў, ад былых царскiх прапаршчыкаў пачынаючы да калiшнiх польскiх падхаронжых, а гадамi ад дваццацi пяцi да шасьцiдзесяцi. Ну й што-ж? Кушаль Францiшак вёў той курс i сам выкладаў. Яму, ведама-ж, памагалi iншыя перадавыя нашыя Беларусы. Але, атрымаўшы ўсе патрэбныя веды пра новую зброю й беларускi вайсковы рэгулямiн, людзi разьехалiся па гарадох, пачалi арганiзаваць самаахову. I ўжо сабралi ахвотнiкаў, пачалi муштраваць, школiць падафiцэраў, ды што-ж, братка, людзi ў лапцёх, ботаў няма, вопраткi нi хапаiць, ды Немцы навет зброi нi далi. Нiкаторыя здабылi сабе старыя савецкiя ламачыны… Гэта, братка, ня войска, хоць у нашых ахвота ёсьцiка. Але прыгнечаныя. Баюся, калi не папаравiцца палажэньне, дык дамоў разьбягуцца. Вось табе й самаахова…
— Думаеш, што паправiцца?
— Трэба спадзявацца. Нiкаторыя цьвердзяць, што Немiц памякчэў, ужо нi разяваiць з крыкам ляпы, як раней. Бальшавiкi, вiдаць, яму ў азадак трошкi далi. А бандыты яму як пачнуць дапякаць, Немцу значыцца, дык зброю дасьць, ня дзе дзенiцца. Сам-жа на фронце i з бандытамi ня дасьць рады. Але калi тое што будзiць? Я ўсё казаў, - сам помнiш, — што трэба нашым было адразу ў палiцыю пхацца. Цяпер мы былi-б у сваiм доме гаспадарамi, а нi праклятыя Палякi.
— Ну а цi ёсьць самаахова ў Докшыцах цi ў Глыбокiм?
— Такая во лапцёжная, як я табе казаў. Што зь яе… Вып'еш яшчэ?
— Давай.
Падгайскi налiў Антосю й сабе. Выпiлi.
— Я то трывожуся, — працягваў аграном, — каб ня было для нас запозна нi таму, што заўтра цi пазаўтра бальшавiкi гэтых у Бэрлiн загоняць, а таму, каб нашых бальшавiцкiя й польскiя банды й гэтая басота з палiцыi нi перадушылi. Ты знаеш, што тутака ў Гацях гэта нечысьць рабiла. Але цi знаеш ты тое, што падобна адбываецца па ўсей Бiларусi? Я чуў, што ў Мiры паляч'ё, каторае гэта было на пасадах у дварох i маёнтках, дык цяперака абсадзiла нямецкую камандатуру. У даносах Немцу падалi сьпiскi нашых, каторых некалi судзiлi, знаеш, — людзi-ж судзiлiся й за зямлю й за што другое, — дык падалi Немцам сьпiскi, што судзiлi за камунiзм. Ну а Немiц, кумекаеш, пакуль там разабрацца, бабах i людзей нiма! Вось так Палякi масу нашых найлепшых людзей нямецкiмi рукамi вымардавалi. Пад арышт у Стоўбцах папаўся лейтэнант Чабатарэвiч, добры наш чалавек i надта цэнны, што вайсковы. Ён-жа пасьля не адны лапцi стаптаў, дамагаючыся ў Немцаў, каб дазволiлi самаахову нам арганiзаваць. I Кушалю ён пасьля многа памог. Значыцца, апроч гэтага Вiктара Чабатарэвiча, арыштаваны быў i Сабалеўскi, ранейшы пасол у польскi сойм. Многа iншых было пад арыштам, але гэтых нашым удалося выратаваць. А цi чуў ты, што польская банда напала на Жодзiшкi, гэта месца, што за Вялейкай? Выбiлi ня толькi Немцаў, але й цэлы беларускi актыў. А напад падрыхтавалi Палякi, каторыя служылi ў бiларускай палiцыi. Яны навет паказалi бандытам дзе ў якiх хатах жывуць нашыя актыўныя людзi. Мы тамака многа цэнных людзей страцiлi. Вось, братка, як паляч'ё робiць. Арганiзацыя ў iх, разьведка, акцыя!
Читать дальше