— … забiў маю матку, — горкiм голасам дакончыў Янук.
— Так. А цяперака ён iз сваей кумпанiяй нямецкiмi рукамi забiў нашых восем чалавек. I гэта, пэўне-ж, пачатак толька. Паглядзiш як гэта яны, як кажуць, у пер'е абрастуць, нажывай абсмакуюцца, за нямецкiмi плячмi разгуляюцца. Гэты басяк Бжончак пры Польшчы забiваў, дык яму нi навiна. Хто ведаiць цi яшчо да цябе й тваiх нi дабярэцца…
— Да мяне й маiх? А за што?
Антось засьмяяўся калюча-злосным сьмехам.
— Якоя-ж ты дзiця! Бандыцкай натуры нi знаiш, от што… Бандыт, калi ён раз забiў, дык ягоная рука ўжо да крывi й цягнiцца. I бандыт нiколi таму нi даруiць, каторы на яго за што злосьць маiць. А цi-ж ён, ты думаеш, пра вас забыўся? Ён-жа во тут каго толька нi знаў, а вас найболi…
Цi раз марыў Янук пра помсту. Мала, што марыў, але навет пастанавiў. Калi падрасьце… А гэтта, выглядае, справа ня так простая. Ён нiколi ня думаў пра пагрозу для яго сям'i з боку гэнага самага забойцы. Антось прадставiў небясьпечную сытуацыю. Бо й запраўды, калi падумаць, дык цi-ж можаш запярэчыць яму, што «забойцы рука да крывi цягнiцца»?
— Я гэтак ня думаў, - сказаў цiха.
— Як ня думаў? — спытаў Антось.
— Ды што Бжончак можа на нас усiх паквапiцца.
— Во, чаму-ж-бы не? Як вiдзiш, цяперака тут вайна. Яны, вiдаць, маюць свае пляны, гэта значыць, каб нашых людзей, каторыя за сваё стаяць, лiквiдаваць. Ну а калi Бжончак у iх там верх вядзець, дык, пэўне-ж, апроч агульных плянаў ён зробiць i свае парахункi. Гэта, братка, каб я з гэтага месца нi зыйшоў, напэўна так i будзiць.
— Дык што-ж мне рабiць? Бацька мой, — сам знаеш нашых людзей — думаiць, што калi будзiць цiханька сядзець i за бараной i плугам хадзiць, дык нiкому на мазыль нi наступiць, дык i яму анiхто. Але я? Ты праўду гаворыш. Дык цi-ж мне чакаць, пакуль гэты бегамот да нас iз стрэльбай прыйдзiць?
— Во цяпер ты добра думаеш, цяперака вiджу, што кумекаеш. А калi так, дык нам трэба добра падумаць, што рабiць. Адно ясна, што таўчыся на месцы, як тыя авечкi ды чакаць, пакуль воўк прыйдзiць i нас пацягнiць, мы ня можам. Дык што тады?
У Януковай галаве хаос паўстаў. Там вучань школьны, а тут чорт ведае што… На нейкую вайну з Бжончкам iсьцi? I як ён, падлётак яшчэ, можа што зрабiць?
— Згода, цi не? — спытаў Антось.
— Гэта ты пра што?
— Пра тое, што так сабе, рукi злажыўшы, сядзець ня трэба.
— Згода. Але як i што? Трэба добра падумаць.
— Падумаем.
— Ды ты мне расказваў, што наш дзiравы шляхцiц да гэных пшэкаў галаварэзаў належыць. Гэта разумею. I як гэта нашы людзi яго, нiкчэмнiка, пашкадавалi, бальшавiком ня выдалi, каб ён да белых мядзьведзяў на Салаўкi паехаў… Алi гэта нi да рэчы. Ты мне ўсё-ж нi сказаў чаму ты ўчора зь iм столькi гарэлкi вытрубiў, хоць я знаю, што цябе да чаркi нi цягнiць. Нейкая-ж прычына была?
— Ага, была. Вiджу, што кумекаеш. Дык от гэты самы Падгайскi Кастусь перасьцярог мяне. Ён, кажыць, гэты наш Паўлоўскi, ад сваей банды заданьне атрымаў, работу для iх робiць. А якая гэта работа? Ну падумай.
— Даносы? — спытаў Янук.
— Во, во, даносы. Ён маiць пра ўсiх нашых людзей iм даносiць, значыцца як, хто й што думаiць, што робiць, зь кiм руку дзяржыць. У iх пэўне сьпiсак ёсьць. Як толька што, дык яны тады Немцаў на цябе, што ты камунiст, значыцца. А Паўлоўскi-ж пэўне нi мяне аднаго на воку дзержыць. Гэта цi раз ужо ён са мной пра ўсякае цiкавае гутарку пачынаў. Як от, Антось, думаiш пра тоя й гэтае й так далей? Ну а я, — сам-жа ведаеш, — ня ўчора зь пялёнак. Думаю сабе, калi ты, басяк, хочаш мяне за язык пацягнуць, дык пэўне-ж прычыну маеш. Сам знаеш, што я ад Палякаў i бальшавiкоў высьлiзнуў, дык значыцца ня ёсьць ламака нейкi. А цi-ж Паўлоўскi гэтага ня вiдзiць? Ну але, чорт ты рагаты, прастытутка шляхоцкая, нi табе Дзiркача Антося абхiтрыць. Як я тваiх паноў абхiтрыў, дык цябе й пагатове. Дык як ён мяне за язык цягнуць узяўся, то я яму такiя жарцiкi й цымусы… Скулу, думаю, пазадак панскi, да майго нутра дабярэшся. Добра, аказваецца, рабiў, бо мне на днях тоесамае й Падгайскi раiў. I яшчо, казаў Падгайскi: пастарайся, кажыць, добрую руку зь iм дзяржаць, каб ён цябе за свайго чалавека лiчыў, каб на цябе ў яго нiякага падазрэньня нi было. Проста, кажыць, якога прыдурка Ваньку йграй. Я тое перадумаў, што Кастусь казаў, i ягоную праўду вiджу. Цяперака-ж, знаеш, мы нiякай сiлы ня маем, дык навошта на ражон лезьцi? Во, забыўся, чорт вазьмi, трэба палажыць, каб сьпяклiся!
Антось выняў зь кiшэнi некалькi бульбiн, старанна разгроб прысак, паклаў туды бульбу й засыпаў жарам.
— Пакуль мы з табой што скумекаем, дык i бульба сьпячэцца.
Янук маўчаў, спакойна ўдыхаючы сьвежасьць ляснога паветра. Лянiва, у сьцюдзёных праменьнях сонца, драмаў лес.
Читать дальше