Рэдка даводзiлася Януку быць у гэтым месцы Лiтоўскага балота. Яшчэ змалку вынырнуў у ягоны сьвет таямнiчы Марылiн Горб. Побач Гараваткi ўжыўся ён у мясцовы фальклёр.
— На Марылiн Горб змыўся ўсякi чорт, — гаварылi людзi.
Адкуль тое ўзялося? Можа спытацца дзеда Якуба? Можа-б ён расказаў пра Марылiн Горб так, як калiсьцi пра Гараватку? Дзеда побач ня было, адно маўклiвая касалапая хвоя ў групе такiх-жа самых хвояў i Янук мяркаваў як дабрацца адгэтуль да Антося Дзеркача, якi гэтта недзе чакаў яго.
Сыбота, перад Пакровам. Учора мiмаходам пры Пятуховай клецi Антось сказаў яму коратка й загадна: — Заўтра рана прыхадзi на Марылiн Горб! Надта, надта важнае! Хачу цябе вiдзiць. Глядзi-ж, ня бойся!
«Добра сказаць, ня бойся! А мне, малому шышу, каторы гэта месца абмiнаў раней…» — думаў Янук, якому дзесь воддаль зданi чарцей маячылiся.
У таямнiчасьцi Антосевага голасу i ў загадкавым выразе ягоных пранiклiвых вачэй адказ быў захаваны. Зь iншага боку Янук верыў, што чалавек яго ня зводзiць. Калi ўжо сюды паклiкаў, дык прычыну меў. Пра нейкую дрэнь мог-бы мiмаходам, на тын абапёршыся, сваiм жартаўлiвым, зроўнаважаным голасам сказаць. «Надта, надта важнае». Ды яшчэ «ня бойся».
Хвоi быццам карагодам, адна пры аднэй, да скокаў сабралiся. А вышэй iх, у празрыстым бязьмежным небе панавала сэрца гоючая, мары натхняючая цiшыня. Замаразiла. Лёд сьцяў балота, а гэтта пад хвоямi трашчэла суччо, валялiся палушчаныя вавёркамi шышкi. Залаты супакой, слава прыроды.
З паўднёвага ўсходу праз густыя хвоi прабiлася сонца. Крыху лявей, на поўнач, грукацеў-тарахцеў цягнiк. Ад часу, як новы акупант звузiў рэйкi чыгуначных шляхоў, сiпатыя паравозы замянiлi пiсклiвымi. Недзе блiжэй, быццам хлёсткай пугай, сьцебануў паветра ёмкi выстрал. I амаль у тойсамы момант нешта стукнула Януку па галаве. Хлапец зiрнуў уверх. У конуснай верхавiне хвоi, быццам памяло, шмыгнуў хвост вавёркi. — Эх ты, гуляка! засьмяяўся Янук.
Прабраўшыся праз густыя хвоi, Янук прайшоў празь невялiкую прагалiну i апынуўся мiж гонкiх, быццам на якую ўрачыстасьць зграмаджаных, бярозаў. Пад старымi, растрапанымi, бацькавымi ботамi шалясьцела лiсьцё.
— Чорт знаiць, дзе цябе шукаць! — вылаяўся хлопец. — Адгадай, дзе ты падзеўся. I чаму я не распытаўся болей пра гэты Марылiн Горб?
Заклапочаны, Янук спынiўся. I прыгадаў сяньня рана з пасьцелi ўстаўшага бацьку.
— Куды-ж ты, сынок?
— Схаджу, прабягуся.
— Непаседа. Можа-б во пры гаспадарцы памог? Мiкола ўсё сам. Цi-ж ты ня вiдзiш?
Чаму-ж ня бачыў… Ды ў сэрцы ягоным загнязьдзiлася нешта, чаго не спанатрыць бацьку. Таямнiчае, трывожнае. Тое, супраць чаго сам устаяць ня мог. Прыйшоў новы, зусiм накшы час — нарадзiны Беларусi, — тое, чаго бацька, некалi пiсар пры восьмым цi каторым там стале ў Пецярбургу, зразумець ня мог. I было ягонае собскае, Янукова жыцьцё, новае, ад бацькавага зусiм адменнае. Маладое. I было яшчэ нейкае сваё, Янукова «я». На сутыку двух розных сьветаў. Там, дзе трухлеюць, канчаюцца, распадаюцца iмпэрыi й парасткамi, у агнi вайны, у муках нараджаецца, да сонца прабiваецца дагэтуль заглушанае, стоптанае, паняволенае. Можа й сам Янук парастак гэткi, што доўгi час спад нейкага паваленага пня наверх, да сонца хацеў вылезьцi… Нехта зрушыў трухлявы пень i ён, Янук-парастак, да новага жыцьця iмкнецца-натужваецца. I пры чым тут бацькавы настаўленьнi? Бацьку сваё жыць-аджыць, а Януку ягонае.
Вялiкая ты, воля. I незраўнальна магутны той, хто стварыў цябе. Хораша, прыгожа, цудоўна дыхаецца табой. На нагах бацькавы зношаныя боты, але сын ня крочыць у бацькаў сьлед. Пракладаць трэба сьцежкi новыя. Ад каго чуў Янук такое, цi падобнае? Цi ня ў школе ад Сабалеўскага?
Так, меў Янук нейкую сваю, аднаму яму наканаваную, дарогу. Адчуваў гэта. Калi-б яго, гэнага асаблiвага свайго прызначэньня ня меў, ня клiкаў-бы яго праныра-жартаўнiк на Марылiн Горб. Як ня дзiўна? Усе такiя юнакi, як ён, равесьнiкi й блiзкiх гадоў хлапцы дзесьцi нейкiя бiбiкi зьбiваюць. А ён вось тут, на таямнiчым Марылiным Гарбе, толькi таму, што ёсьць нешта «надта, надта важнае»!
Цiкава, чаму гэткiя нязвычайныя думкi новыя якраз цяпер назойлiва свайго абмяркаваньня жадаюць? Чаму якраз тут, пры гэткiх стройных, быццам на параду прыгажосьцi гатовых, бярозах? Спынiся, зiрнi на гэтыя цацы. Голенькiя, на зiму яны падрыхтавалiся. Чалавек на холад апранаецца, а гэтыя наадварот. Кантраст. I вакол маестатычная цiшыня, адно ледзьве чуваць далёкiя адгалоскi вёскi. Ды павёз некуды прылады вайны пiсклiвы паравоз.
Дамагалася праслуханьня загнеджаная ў неспатольным юнацкiм сэрцы й вiна перад бацькам. Стары, жыцьцём падбiты, часта нямоглы чалавек. Трэба было-б яму больш пры гаспадарцы пасобiць. Кагадзе зноў схапiлiся. Ня першы гэта раз. Надта-ж войстра. Янук сам сябе ледзь пазнаваў. Седзячы на печы, апусьцiўшы на пяколак босыя ногi, гаварыў Пракоп Бахмач.
Читать дальше