Юнакi любавалiся панарамай места. Яго зелень, пярэстасьць будынкаў i аж тры сьвятынi, што ў абодвы возеры ўглядалiся, iдылiчным выглядам запярэчвалi iснаваньню якой-небудзь вайны. Праўда, кагадзе ў Бярэзьвiчах нос зарываў смурод ад трупаў замардаваных бальшавiкамi вязьняў, а цяпер нямецкая жандармэрыя СС, апора «новае Эўропы», разьмясьцiлася ў выгадным будынку побач Бярэзьвiцы на Вiленскай вулiцы. Зьявiлiся ўжо й жоўтыя мундзiры нямецкае цывiльнае ўлады, а польская разьведка, на службе свайго замежнага ўраду, ужо рабiла лiсты Беларусаў, якiх пасьля зьнiшчала нямецкiмi рукламi як «камунiстых».
— Пекны горад! Не? — сказала Дуня.
Янук задумаўся. Калi глядзiш на яго здалёку, дык iз сваей велiчнай панарамай горад дзiва якi прыгожы. Ды ў памяцi трываў iншы цобраз: ля вэрхару крамаў iз прынаднымi таварамi аж кiшэла ад бедных дзетак, вулiцы й завулкi сьмярдзелi адсутнасьцю адходнае сыстэмы, а зялёнае й прыгожае здалёку возера поўнiлася гусiным i iншым калам, сьцёкамi ды iншым хламам. Рыбак з вудачкай (былi й такiя-ж, — зьлiтуйся, Божа! — рыбакi) мог прасядзець цi адну пару й нiчога ня клюнула. А дзядзька Захарук iзь сьлязьмi ў вачох апавядаў як бальшавiцкая брыдота ў бярэзьвiцкiм манастыры-вязьнiцы нарабiла. I прыгадваў Янук, на яго думку, найбольш велiчную аграмадзiну праваслаўную царкву. У сярэдзiне надта-ж прасторнага, наводля рэпы, купалу пырхалi «сьвятыя птушкi». Юнак iх на свае вочы бачыў. Такiя самыя, як на iконах Хрышчэньня намаляваныя, ды пра якiх у дзень Вадохрышча сьпявалася:
I дух вiдзе галубiне…
Дух гэны, як у сьвятым Эвангельлi сказана, у выглядзе галуба на Хрыста зыходзiў. А гэтыя-ж галубы, што гаспадараць усярэдзiне вялiкага царкоўнага купалу, улезьлi туды, пэўне-ж, праз пабiтыя вокны, якiх зьнiзу не разгледзiш, завысака. А што яны — зусiм ня дух, на гэта доказы ёсьць. Стаiш у царкве, Богу молiшся, а тут раптам плёх на галаву. Памяркуйце самi
Ад «сьвятых птушак» да Жыда Iцкi зь ягонай Хайкай, цi як яе…
— Ой, ня будзiць дабра, Януцок, ня будзiць! — лямантаваў Iцка й жывёльны страх у вачох ягоных загнязьдзiўся. — Насы ў Польсцы пазганялi ў «гетта», б'юць i страляюць! Ой, нi цакаць i нам дабра!
— «Бедныя людзi, шкада iх! — думаў Янук. — I няўжо Немiц гэты такi зьвер?»
Маўчала побач Дуня. Вышчабяталася. Спасьцерагла, што Янук пiльна да яе прыглядаецца. Усьмiхнулася. Не хацелася з гэтага месца йсьцi. Здавалася юнаку, што сядзеў-бы так зь любай дзяўчынай, цешыўся-б цудоўным вiдам гораду й няхай-бы забаўляўся валосамi лёгкi вецярок.
Ззаду, з-за плячэй, адтуль, дзе гасьцiнец усьпiнаўся на пяшчаны ўзгорак, даляцелi дзiкiя крыкi, скрып калёсаў i адзiнотны стрэл. Янук i Дуня ўмiг скочылi й пабеглi ў гэны бок. Трымалiся воддаль ад бальшака. пад прыкрыцьцём кустоў. Перад iмi на даўгiм, прынамся на кiлямэтр, гасьцiнцы, убачылi вуж вазоў-аднаконак, наладаваных шэрымi мяхамi. I гэны вуж, як адразу было вiдаць, завяз у сыпкiм, дробным пяску. Гэты адрэзак дарогi добра, аж занадта добра, ведалi вакольныя сяляне й старалiся, калi зь цяжкiмi вазамi, аб'яжджаць яго докшыцкiм гасьцiнцам.
Новы ўладар, вядома, мог пра гэта ня ведаць, або й перасьцярогаў на ўвагу ня браць. Зь сялянскiмi сьвiткамi ўперамешку варушылiся ля вазоў нямецкiя мундзiры. Некалькi чалавек, натужыўшы як мага мускулы, учапiлiся за сьпiцы калёсаў, намагалiся пхнуць пярэднi воз. Адзiн лейцамi спанукаў i пугай лупцаваў у аглоблях сiвога каня.
— Ноооо! Каб цябе воўк, нооо! — крычаў заядла селянiн.
Калi сяляне, чалавек шэсьць, старалiся зварушыць пераладаваную каляску, Немцы iм не памагалi. Адзiн прыкладам стрэльбы бiў у плечы, па галовах, дзе трапiў, а iншы, запенiўшыся, лаяўся на ўсю глотку. Ён стрэлiў уверх, мусiць таму, каб страхам спанукаць i каня i сялянаў да большага намаганьня. Але колы аж па восi ўвязьлi ў пясок i ясна было, што ня выбрацца адтуль калясцы з такiм цяжкiм ладункам.
Юнакi сьцiшылi дыханьне, прыселi за кустом. Дзiўным быў можа ня сам факт, што Немцы сялянаў бiлi, але чыста прымiтыўна-дзiкi спосаб бiцьця. Стрэльба ў руках Немца, як качарга, то прыкладам, то руляй таўкла па сялянскай мякацi, па касьцях. Падобна селянiн на таку снапы цэпам малацiў некалi. Чалавек, стукнуты моцна ззаду, пахiснуўся, упаў. Немец падскочыў да ляжачага i з усяго размаху ботам яго ў твар ударыў. Закрываўлены, iз глухiм енкам, селянiн схапiўся за галаву, адкацiўся набок.
— Фэрфлюктэ, мэнш! Шнэль, шнэль! — дзёрлася запененая глотка.
Ля ўсiх вазоў варушылiся, натужвалiся змучаныя людзi.
— Глянь, глянь! — усклiкнуў з абурэньнем у голасе Янук. — Гэтыя-ж нячысьцiкi, каб iх зямля нi насiла, нашых людзей б'юць! Каб на вас гром! Цi-ж вам нi вiдаць, што калёсы саўсiм у пяску захрасьлi, што ня выбрацца?
Читать дальше