Сустрэлiся зусiм прыпадкова каля царквы. Пасьля зацяжнога торгу зь Iцкам, ад якога давялося горы жыдоўскага гора наслухацца, Янук на схiл сьвятой лiтургii трапiў. У зусiм перапоўненую царкву нельга было ўцiснуцца. Пасьля багаслужбы вернiкi паплылi шырокай ракой праз галоўныя дзьверы. Дробiлiся, на групы й сем'i дзялiлiся. Пад гоман узмужнеўшых ля тоўстых, аблупленых з тыну й вапны царкоўных сьценаў, жабракоў людзi раскладалiся зь емiнай на траве, пад дрэвамi, каб голад замарыць, пагаманiць, навiнамi замянiцца, адзiн аднаго пра здароўе распытацца ды ўжо пазьней нясьпешна па хатах расплывацца.
Янук прыхiлiўся плячмi да мураванай сьцяны, жваў сухi й чэрствы, як жвiр, хлеб ды ашчадна, баючыся, што вось-вось скончыцца абкусваў маленькi кавалачак сала. Ад недалёкага, зялёнага з выгляду возера, нясло гнiльлю водарасляў i рыбнай луской. Цiхая гамана поўнiла вялiзны царкоўны двор. Вочы юнаковы вандравалi па каляровых хусьцiнках, розных кепках i магерках, а цi не мiльгане дзе знаёмы твар. З адлеглых за сьвет Лiтоўцаў рэдка калi тут людзi бывалi.
— А госпадзе мой, людцы добрыя, каго-ж я гэттака бачу!
Мiленькi галасок, даўно нячуты званочак. Колькi разоў пра яе думаў, кажны рух цела, зiрк вачэй, адцень голасу адтварыць намагаўся! Дзяўчына падыйшла так, што Бахмач спасьцярог яе толькi цяпер, калi твар ягоны гарачым дыханьнем аблiла. Правая рука паднялася, каб прыгарнуць яе, але ў пару апусьцiлася…
— Дуня, як гэта! — прагаманiў зь нечаканасьцi амаль перапалоханы. Кончылася, цi, дакладней сказаць, пачалося няўклюдным жэстам рукi, поцiскам непаслухмянымi пальцамi дзяўчынiнага локця… Проста, здавалася, наскрозь празь цябе пазiралi незабытныя вочы-васiлькi. У iх гаспадарыла добра ведамая гарэзьлiвасьць. I выклiк. I абяцаньне. Шчодрая вымоўнасьць i недаказанасьць. I яшчэ нешта. Шмат большае. Штосьцi такое, што ўзбуджае пульс крывi й спанукае дыханьне, спараджае паскарэньне тэмпа ў скронях i аслабляе сiлу ў ваколiцы каленяў. Вочы-васiлькi пазiралi даступна-проста й прынадна. Здавалася, бачыш яе поўную, сокамi маладога хараства набрынялую грушу дасьпелую, бярозку стройную, а яна ўсё-ж астаецца нейкая ня зусiм даканца разгаданая, крыху таямнiчая. Чым больш прыблiжаешся тым больш загадак, выклiкаў…
У роце засеў камяк несажванае жарствы хлебнае, кавалачак сала. Твар, здаецца, ад сораму гарыць, аж па кончыкi вушэй чырванее. Нешта ня тое… Не пазьбягаў-жа раней зрокам сваiм васiлькоў прынадных. Няўжо-ж ад доўгага нябачаньня перамена? Здавалася, што ля сьценаў гамана й мольбы жабракоў узмоцнiлiся. Заварушылiся паволi спынiўшыя перажоўваньне хлеба санкi й камяк хлебнай жарствы iз тэй сьцiплай скаромiнай шмыгнуў праз гарляк.
— Ты што жвеш i каго чакаеш? — спытала Дуня.
— Цябе чакаў. I як ты знала, што я тутака? — здабыўся на жарт Бахмач. Трапiў на добрую ноту.
— Мяне чакаў? Ах, якi-ж ты разумненькi, добранькi, залаценькi, мой мiленькi Янучок! А я-ж тут з раднёй… Дый вываражыла, што сягоньня пад цярквой ня толькi жабракоў, але й свайго мiлага знайду, — разрагаталася дзяўчына.
Гарэза ў поўным пералiве вясёлкавых колераў. Цяпер Дуня й павяла гэным ладам. I ўжо калi спаважнелi, калi падзялiлiся рознымi навiнамi, парадзеў шчэбет. Разьвiталася iз сваякамi й на вялiкую Янукову радасьць крочыла цяпер побач яго. Бо, як выясьнiла, ужо на днях мела ў Лiтоўцы пасьля доўгай адсутнасьцi вярнуцца.
Дарога вяла пад гару. Янук замянiўся ў назiральнiка. Даўно, ох як даўно ня бачыў Дунi. Адылi назiраньню яе замiнаў жыд Iцак дый ягоная Хайка цi як яе там… У вачох стаялi. А калi так, дык чаму Дунi пра iх не расказаць?
— Солi, кажаш, дастаў? Дзе гэта? — выбегла насустрач, быццам угадала Януковы думкi Макатунiшка.
— Знаеш старога Жыда Iцку, таго самага, да якога мой бацька заяжджаўся некалi ды на двары кабылу з возам ставiў? Ён гэттака во, як толькi ў горад уедзеш дык на правым баку. Некалi гуталiнай i нейкай там галянтэрыяй таргаваў…
— Мусiць знаю. Ну дык адкуль у яго соль?
— Дык яны-ж. Жыды, знаеш, пры бальшавiкох усiмi крамамi загадавалi то й сабе назапасiлi. Ну а ў каго-ж, калi ня ў iх дастанеш?
— I за што гэта ён табе солi, за пекныя вочы даў?
— Каб-жа… Бацька насыпаў торбу круп, кусок баранiны ўлажыў, от i даў, называецца. Баюся, што бацька крычаць будзiць, што замала солi дастаў. А Жыд як пачаў стагнаць, пра сваё гора расказваць дык усе пэйсы ў барадзе засьлiнiў… Немiц б'ець, Немiц на работу ганяiць, Немiц усё дабро адбiраiць, ге-э-э-э-э-валт! — ратуйце, людцы!
— Во як! А ты што думаеш?
Янук не сьпяшыў з адказам. Iшлi дарогай, што вужам намагалася ўспаўзьцi на пяшчаны, дзе-нiдзе сухой травой парыжэлы ўзгорак. Адтуль, быццам на пелене, ува ўсёй сваей сьцiплай велiчы, побач нябачнай здалёку бяды й галечы, разьляжа перад iмi невялiкi горад Глыбокае.
Читать дальше