— А як-жа бацькi да цябе адносяцца?
— Цяпер вельмi добра. Можа паспрыяла таму старая Плясьневiчыха, якую зь недахопу кавлiфiкаваных настаўнiкаў былi тут працаваць паставiлi. Дык яна як пачала ўсялякую бязглузьдзiцу ўперамешку з дурнiцамi плесьцi то ня толькi бацькi затурбавалiся, але навет дзецi пачалi зь яе рагатаць. Яна, — як бы табе сказаць? — як-бы грунт для мяне падрыхтавала. Людзi сказалi, што навет Дуня Макатунiшка за яе лепш патрапiць. Праўда, некаторыя гэта так сабе iз кпiнкамi, ведаеш… Але скора пераканалiся, што я, хоць i «жабоцька нямытая», але настаўнiца нядрэнная.
I Янук запраўды пабачыў на Дунiным сьветлым тварыку задавальненьне, што адбiваецца асаблiвым колерам у людзей, калi яно ёсьць запраўдным доказам усьведамленьня собскае годнасьцi.
— Цiкава, якая зь цябе настаўнiца, — сказаў, падумаўшы, Янук. Хацеў-бы я ў цябе на лекцыi пасядзець.
— Хочаш пераканацца, якая зь мяне настаўнiца? — з выклiкам у вачох спытала Дуня.
— Чаму-ж не…
— Сядайце, Янук Бахмач! — загадала Макатунiшка. — Цяпер я ваша настаўнiца, а вы, Янук Бахмач, мой вучань. Толькi ўмовiмся, што вы будзеце зусiм шчыра й бязь нiякiх жартаў на мае пытаньнi адказваць. Чаму пытаньнi? Калi вы прыгадваеце, — а вы, пэўна-ж, прыгадваеце, Янук Бахмач, бо вашы здольнасьцi мне надзвычайна добра ведамыя, — спадар Васько ў Глыбокiм вучыў нас з дыдактыкi, што пытаньне часта цяжэй сфармуляваць, чым адказаць на яго. Цi-ж ня так?
— Так, спадарычня настаўнiца, — ужо сеўшы, зь вельным сур'ёзным выглядам i скрухай у голасе адказаў Янук.
— Вось так, — пацьвердзiла, усьмiхнуўшыся, Дуня. — А калi так, дык выглядае, што настаўнiка, цi настаўнiцу можна ацанiць паводля iх уменьня ставiць пытаньнi.
— Але.
— Такiм чынам, Янук Бахмач, я буду ставiць вам пытаньнi, а вы на iх будзеце адказваць.
— А на якую тэму?
— На тэму вам наддзвычайна добра ведамую, Янук Бахмач. Цантральнай фiгурай ёсьць вы самi, а тэмай — ваша падарожжа цi прыгоды; дэфiнiцыю можаце даць якую хочаце, — па сьвеце ад таго часу як з родных Лiтоўцаў у сьвет вас панясло. Згода?
— Згода, спадарычня настаўнiца.
Дуня змоўкла, уважна пазiрала на свайго «вучня», мусiць мяркуючы зь якога боку гульню слоўную пачаць.
— У сваiх адказах вы, Янук Бахмач, будзеце ашчаднымi ў словах, акдазвайце ляканiчна. А пачнем мы з таго, як вы трапiлi ў менскую вязьнiцу. Дык вось, пытаньне: якiм чынам вы, Янук Бахмач, паэт i журналiст, вучань вiленскай гiмназii, настаўнiк пачатковай школы, чалавек, каторы, як у нас кажуць, iз добрай мазгаўнiцай на плячох, ды ў вязьнiцу трапiлi?
— Я-ж не хацеў, спадарычня настаўнiца, яй-Богу не…
— Я не пра гэта пытаюся! — адрэзала настаўнiца, памахаўшы пальцам. Якi гэта дурань у вязьнiцу хоча. Я пытаюся як вы трапiлi?
— Вельмi проста: на менскай чыгуначнай станцыi заграблi тры вагоны спэкулянтаў…
— Вы-ж ня спэкулянт, Янук Бахмач, дык чаму й вас заграблi?
— А яны нiкога там ня пыталiся. Ланцугом, iз зброяй у руках абкружылi вагоны й пагналi.
— Я мяркую, Янук Бахмач, што вы нiчога iз сваей цёмнай прошласьцi ня скрываеце. А калi яно сталася дакладна так, як кажаце, дык чаму тады ўцёк ваш сябра Лявон Загорны?
— Зусiм проста: ён у дзьвярох цяплушкi стаяў, а мяне ў самую сярэдзiну ўцiснулi. Калi пачаўся гармiдар, значыцца Латышы наскочылi, дык ён iм з рук вышмыгнуў, а я ня ўсьпеў.
— Ага. Няхай сабе. I як-жа вам у вязьнiцы паводзiлася?
Янук на мiомант забыўся пра пытаньне, бо быў дзяўчынай захоплены. грабны, гнуткi стан, i пад сiнiм свэтрам поўныя грудзi. Роўны, плаўны крок i адно ў меру цьвёрды, аўтарытэтны голас. Тут i поза, i стрыманасьць, i поўная кантроля сытуацыi. Так, з Дунi можа быць добрая настаўнiца, ня горшая за калiшнюю Раманоўскую.
— Вы, Янук Бахмач, не адказваеце. Паўтараю пытаньне яшчэ раз: як вам у вязьнiцы паводзiлася?
— Пра гэта я мог-бы цэлую кнiжку напiсаць. Як тут, спадарыня настаўнiца, адным словам адказаць? Цi не зашмат жадаеце?
— Пра вашу здольнасьць пiсаць, Янук Бахмач, нам сёе-тое ведама, усьмiхнулася Макатунiшка. — I кнiжкi пiсаць у вадказ на гэтае пытаньне ня трэба. Адкажыце коратка.
— Паводзiлася дрэнна.
— Вось гэта я й хацела пачуць. I што вы ў вязьнiцы найбольш цанiлi?
— Хлеб, волю й чыстае паветра.
— Ага, значыцца ўсё тое, чаго не хапала. Хлеб… Цi гэтым вы даеце мне зразумець, што цяпер вы хатнi, вясковы, разовы хлеб цэнiце больш чымся некалi перад вязьнiцай?
— Так, спадарычня настаўнiца, запраўды так. Смак хатняга хлеба пазнаеш добра адно тады як добра па сьвеце пагаруеш.
— А што вам, Янук Бахмач, найбольш у вязьнiцы дакучала?
Читать дальше