Яны стаялi ў адлегласьцi крокаў чатырох адзiн ад другога, напорыста пазiралi сабе ў вочы. I ўгледзела Дуня ў Януковых вачох раней няпрысутную там цьвёрдасьць i яшчэ нешта. Калiсьцi дамiнаваў там пытальнiк, зьдзiўленьне, гаспадарыў шукальнiк прыгодаў, а цяпер — нешта наводля апаразы, крыўднае горычы й рашчараваньня. Ранены iдэялiст. За гэтым прыйдзе злосьць, а можа й нянавiсьць. Бачыла Дуня нешта падобнае ў вачох сваiх, даверлiвых некалi да людзей, сясьцёр i маткi. Мiж Януковым зрокам i тварам, — добра памятала тое Дуня, — была некалi суцэльная, суладная гармонiя выгляду. У вачох гнязьдзiлася неўгамонная прага лёту, паэтычная асмугласьць, сьведамасьць знаёмства з адлеглымi гарызонтамi думак i мараў. Яны вечна нечага шукалi, танцавалi жыцьцём, заўсёды яе, Дуню, заманьвалi, да прыгодаў цягнулi й падбадзёрвалi. I добра гарманiзавалi з буйнымi валосамi й сьветлым тварам. Цяпер суцэльнасьць страцiлася. Калi вочы поўнасьцю не застылi яшчэ цьвёрдасьцю, дык прынамсi ў iх ужо доўга трывала гартаваньне. Зь нейкай прычыны, — цi гэта адно так Дунi здавалася? — вочы цяпер выглядалi камiчна на мiзэрненькiм, высахлым тварыку. Сама-ж хлапцова поза куды больш увыдатняла тую камiчнасьць. Як нi намагалася стрымацца настаўнiца, яна зноў пырснула сьмехам.
— Чаго так тагочаш? — шорстка спытаўся ў дзяўчыны Янук.
— Як нi рагатаць? Ха-ха-ха! Цi ты ў люстра глядзеўся? Абстрыжаны, такi сур'ёзна паважны й надзьмуты, як пузыр. Ха-ха-ха!
Янук паволi пачаў аглядаць сваю вопратку, пагладзiў рукой абстрыжанную галаву, камiчна прыжмурыў вочы, ужо ўсьведамiўшы як запраўды сьмешным мог паказацца дзяўчыне. Раптам i ён, спачатку павольна, а пасьля жвавей, пачаў рагатаць. I для Янука гэта быў першы й шчыры, побач звонкага Дунiнага, рогат ад няпамятных часоў. I сьмяючыся супольна, гэтак сябе заахвочвалi ды дайшлi неўзабаве да тэй мяжы, дзе па iнэрцыi рагочаш iз свайго-ж рогату. Дыхаць стала цяжка, у Янука набеглi ў вачох сьлёзы. Выцер iх рукою.
Дуня змоўкла. Цяпер уважней прыгледзеўся ёй Янук. У пакоi, перапоўненым двума шэрагамi лавак, запанавала цiшыня. Паднечана пажвавелi ў грудзёх маладыя сэрцы й пры сьвятле праменьняў заходзячага сонца, што праз вокны зiрнулi, паволi, з прагнасьцю насалоды, прыблiжалiся да сябе дзьве пары вуснаў. Янук узяў дзяўчыну ў вабдымкi раптоўна, парывiста, iмпэтна.
— Ты-ж, Янучок… мiленькi, ня штурмуй так, памалу, — кволым, ласкавым голасам перасьцярогi спынiла яго дзяўчына.
— Ну не шкадуй, дай-жа ты мне табой нацешыцца! — цьвёрда насядаў Янук, абцалоўваючы ейныя румяныя шчочкi й глыбака, быццам матка, што даўно згубленае дзiця знайшла, заглядаў у шырока адчыненыя, юрлiвыя дзяўчынiны вочы.
— Зажурыўся па мне, Янучок?
— Ага, зажурыўся, Дунечка, моцна, моцна. А ты па мне?
— Ага, мусiць i я.
— Якое гэта такое мусiць? Прызнавайся, так цi не?
— Ну нiхай сабе…
— Нiхай сабе што?
— Зажурылася.
— Вось як. Адразу прызналася-б.
Янук зноў i яшчэ больш раптоўна, чымся раней, насеў на Дунiны вусны. Агарнула яго млявасьць, як некалi ў канюшыне цi тады над рэчкай па дарозе з Глыбокага. П'ючы нэктар каханых вуснаў, Янук зусiм аслабеў, пачаў дрыжэць, але напятая юрлiвасьць усёроўна трымала яго пры Дунiных вуснах. Адчуўшы хлопцавы дрыжыкi, дзяўчына адпiхнула яго.
— Даволi на прывiтаньне. Дый пост цяперака.
— А што ў пост няможна?
Разгарачаны, Янук адчуваў сябе як малы хлопчык, што выцягнуў руку па пульхную аладку й атрымаў ложкай па ёй. Неўзабаве, з намаганьнем, успакоiўся, усьмiхнуўся.
— Ты можа дамоў iсьцi сабiралася? — спытаўся ў Дунi.
— Ды мне не сьпяшыцца. У Клавы бацькоў жыву.
— У iх харчы маеш?
— Ага. Яшчэ да вечара далёка.
Стаялi пры вакне. Сонца вызiрнула з-за хмары. Над соснамi на могiльнiку кружылi груганы й чорнымi, абшырнымi лапiкламi чарнела спад сьнегу поле.
— I ня ўгледзiш як жаваранкi зьявяцца, — сказала Макатунiшка голасам, якi сьветчыў, што думкi яе зусiм ня пры жаўранках былi.
— Ну то расказвай што чуваць, — спанукаў Янук.
— Ты з дарогi, ты першы. Я, сам ведаеш, памалу тутака зь дзеткамi. Працы хапае. А ты на шырокiм сьвеце пабываў, многа перажыў, дык i мне раскажы.
— Я перш за ўсё хачу цябе пра настаўнiцкую працу спытаць, — ня ўступаў Янук. — Многа вучняў маеш?
— Ды хапае. Усяго ў чатырох клясах, мусiць, больш сарака. Было-б i больш, ды некаторыя ня прыходзяць. Знаеш некаторых людзей цямноту…
— I як-жа ты спраўляешся? Вучыш адразу дзьве клясы?
— Першую з трэцяй, а другую з чацьвёртай. Адны маюць цiхiя заняткi, а другiя голасам. Хiба-ж ты прынцып знаеш. Ну неяк iдзе. Ужо крыху руку набiла. Чаго добрага, а працы хапае.
Читать дальше