Адразу, як толькі мы дабраліся пасьля аэрапорта Інтэрнэшнл Глазга да Фолкёрка, я ўжо пасьпеў апынуцца з суседам, якога да мяне прыпісалі і за якога я быў адказны. Мой сусед, вясковец Дзіма, мусіў са мною прайсьці скрозь усе мае падарожжы, ночыць у адным пакоі, есьці за адным сталом у адной і той жа шатляндскай сямʼі, стаць маім часовым братам... Дзіма быў малодшы за мяне на тры гады...
Трэба адзначыць, што ўсё маё падарожжа выпала на чэрвень, і першая сямʼя была досыць кансэрватыўнай і сумнай, гаспадар, сівы мужны дзядзька, насіў пры нас толькі кілт, але мы разумелі, што тут нешта ня тое, бо паўсюль усе мужчыны былі ў штанах, напэўна, такім чынам ён паказваў нам традыцыі... Я гуляў з гаспадаром у шахматы й часта чуў ад яго, што ў мяне добрая ангельская мова, а сам ён зьвяртаўся на шатляндскай да сваёй жонкі й да сына, якому было ўжо сямнаццаць і каторы амаль не зьяўляўся дома...
Першы тыдзень быў досыць марудны, я абвыкаў да новага часаадмеру і да новых твараў, нас усіх адразу пераапранулі і вывезьлі ў горад, дзе адна з выхавацелек, выцягнуўшы мяне за руку з агульнай купы дзяцей, паставіла перад вялікім абʼектывам, збоку ад якога моцна гарэла лямпачка, асьляпляючы мяне й бянтэжачы: "Ну, кажы пра падарожжа і пра Беларусь у камэру, ты ж ведаеш ангельскую мову!" — выхавацелька прамовіла гэта зь вялікім натхненьнем, перамяшаным з жахам чагосьці невядомага й незнаёмага.
- Зіс іс а найс таўн, ві хэд а гууд рест анд тріп, хелло фром Мінск, а кэпітал оф Беларусь, ві лайк ту бі хіа, — я нёс штампаваныя сказы, што прыходзілі ў галаву з разьдзелу падручніка па ангельскай мове, па якім вучыўся ў школе і на той момант быў шчыра ўдзячны сваёй настаўніцы за тое, што так мяне штурхала на ўроках ангельскай.
Тым часам, пакуль я, вылупіўшы вочы, у чырвонай кепцы на бок з лягатыпам "Kids Aloft" і ў крутой байцы, якая пахла заляжалым сэканд-хэндам, прамаўляў усё гэта, паглядаючы ў абʼектыў, колькі мясцовых газэт запісвалі й шчоўкалі сваімі фотаапаратамі...
Гаспадар маёй часовай альбо, так бы мовіць, аднаразовай шатляндскай сямʼі на наступны дзень паказваў мне газэты, дзе пад артыкулам пра беларускіх дзяцей разьмясьцілі маё фота — круглашчокі падшыванец, нават і ня скажаш, што ён — беднае "чарнобыльскае дзіцё". Маці па тэлефоне я ўзахлёб і з гонарам крычаў у слухаўку, што быў паказаны ў вячэрніх навінах і надрукаваны ў газэтах... Мама ня слухала, яна толькі плакала ў тэлефон і пыталася, чаму я гавару ў нос, а ці не захварэў я!?
Потым пачалася прырода, нас вывезьлі адной раніцою ў Календарскі парк, дзе ўсярэдзіне месьціўся Календарскі палац... І мне не было аніякай справы да палацу й парку, я ўпершыню паспрабаваў сапраўдныя сэндвічы зь неверагодна смачнай пэпсі-колай, сэндвічы складаліся з тонкага тоставага хлеба зьверху й зьнізу, парэзанага трохкутнікамі, а між ім было смачнае вэнджанае мяса, маянэз, эўрапейская гарчыца, плаўлены сыр і пэкінская капуста... гэта быў першы культурна-гурманны шок!
Мы ня езьдзілі глядзець Фолкёрскае кола — першы ў сьвеце суднападʼёмнік, які круціцца і злучае каналы Форт-Клайд і Юніён, кола, якім так ганарыцца горад і вобласьць, і, напэўна, добра, а можа, шкада... але мы былі ў цэнтры й стандартна паглядзелі на крамы па Фолкёрк Хай-стрыт і паехалі ў заапарк... У заапарку, акрамя таго што глядзелі празь сетку на замучаных зэбраў і жырафаў, мы ганялі паўлінаў, якія хадзілі без агароджы і, вядома, ужо на выхадзе трапілі ў крамку сувэніраў і прыколаў, і я ў Менск прывёз: сыліконавае павуціньне, што ноччу сьвяцілася і пужала мяне колькі год запар, бо вісела ў куце й паўночы варожа блішчала; а таксама я накупіў шкілетаў, плястыкавае гаўно, нейкіх вусеняў і казурак, палова зь якіх там у заапарку й згубіліся.
Трэба адзначыць, што мая першая шатляндская сямʼя хоць і была даволі пасіўная й спакойная, але побач зь імі жыла суседка-гарэза, яна з намі неяк паехала ў басэйн-цэнтар, насіла кепку яна, як і я, на бок, і сядзела ў аўтобусе са мною, і жартавала, і абдымала мяне, вядома, па-сяброўску, але я раставаў, як марозіва на сонцы ад кожнага ейнага позірку, яе бацянькі на носе мяне проста зачаравалі, і калі мы нарэшце дабраліся да "Mariner Center", я толькі тады ўцяміў, дзе мы! Я наадрэз адмовіўся распранацца й ісьці купацца й катацца з горак у басэйн... а то, каб усе бачылі, што я тоўсты. Мяне палічылі дурным дзіцем, і я, седзячы на другім паверсе за плястыкавым сталом і калупаючы саломку з-пад выпітага маркоўнага соку, назіраў, як мая супэр-суседка Сьюзан сьмяецца, гуляецца й плюхаецца з горак у ваду разам з маімі хлопцамі-падарожнікамі. Мяне гэта моцна пакрыўдзіла, і я вырашыў зь ёю не камунікаваць. Трэба было бачыць яе вочы, калі мы ўсе пагрузіліся ў аўтобус, каб ехаць на абед, а яна прыйшла й села да мяне, а я на яе як пачаў раўці, каб сышла... яна й сышла...
Читать дальше