І ў гэты неадназначны перыяд жыцьця мне выпала на долю ўлетку праз царкоўную праграму дапамогі "Дзецям Чарнобыля" (а я якраз нарадзіўся ў гэты час, дакладней, за год да трагедыі) паехаць як самаму пасьпяховаму ў царкоўнай школе на месяц у Шатляндыю, мяне мусілі прытуліць тры набожныя сямʼі ў трох розных гарадох: Фолкёрку, Абэрдыне й Пітлёхры.
Шатляндыя на той час падавалася надта далёкаю й незнаёмаю, гэта цяпер я празрыста бачу, што ўсё было ня проста так, што так было наканавана беларусу, у чыёй краіне невядома што адбываецца: занядбаная мова, суседзі жорстка й па-барбарску навязваюць сваю культуру, спроба трываць і змагацца... На той час я толькі пачынаў знаёміцца і параўноўваць такія блізкія лёсы беларусаў і шатляндцаў, якія да гэтага часу змагаюцца за поўную незалежнасьць ад мацнейшага суседа, спрабуюць зрабіць сваю мову агульнаўжывальнаю. Я толькі пачынаў знаёміцца з тымі адчайнымі людзьмі, якія выпесьцілі свайго Уільяма Уолеса і ганарыліся сваім задзірыстым норавам, скотчам і паэтамі.
Бацькі зварʼяцелі за той час, калі мяне зьбіралі, сто разоў пераклалі і пераправерылі ўсе дакумэнты — часовы пашпарт, даведкі пра стан здароўя, страхоўкі, грошы з сабою. І па выніку частка рэчаў, як і патрэбныя паперкі, былі забытыя, за імі ўжо з вуліцы, кінуўшы валізы, маці бегам вярталася, нэрвова трасучы ў руках ключамі.
Нарэшце я быў сабраны й пасаджаны ў машыну татавага сябра, які падвозіў мяне за кошт будучай пʼянкі з бацькам. Усе гэтыя зборы, крыкі, сваркі цалкам мяне стамілі, таму ўсю дарогу да месца збору каля аўтобуса (які адвозіў групу з сарака дзяцей з розных мястэчкаў Беларусі) я спаў, на вуліцы было волка, машына волга, у салёне пахла гарэлаю гумаю, мяне ўгойдвала, але я не паказваў выгляду і паводзіў сябе сурʼёзна, звышсурʼёзна — я такі разумны й дарослы, еду сам у далёкае падарожжа...
Усё, стоп, аўтобус, каля яго такія ж бедныя дзеці, як і я, бедныя па ўсіх паняцьцях, змучаныя, змораныя, спужаныя, новае пакаленьне беларусаў, нібыта вольнае, нібыта рэлігійнае, выпешчанае зь любоўю, і нікому ніякае справы няма да таго, што беднае, беднае грамадства, бо шчасьце й заможнасьць — гэта Бог.
На тыя чароўныя часы бацька ня піў і часам нават прапаведаваў, ён красамоўна гутарыў, усім ціснуў рукі й абдымаў плечы, усіх называў брат мой, сястра мая, усе хрысьціліся ў вадзе, усе былі баптыстамі, зусім як той самы Баптыстус, гэта было вельмі сонечна й цёпла, загадкава й шчыра, і на наступны год майго брата чакала Англія, а потым сямейны разлад, крызіс, алькаголь, мае загадкавыя хваробы... але ня будзем бегчы хутчэй за тое, пра што мовіцца.
Яшчэ перад тым, як сесьці ў аўтобус і пабачыць з вышыні свайго месца праз бруднае шкло сваю заплаканую маці, якая стаяла ў промнях сонца, стомленая, прыгожая і добрая, яна плакала каштоўнымі сьлязьмі, якія дыямэнтамі зіхацелі на ейных шчаках, яшчэ перад тым, як самому заплакаць ад гэтае карціны, я заўважыў адну вельмі прывабную дзяўчыну Эву... і на той час я яшчэ ня ведаў, што будзе далей, але прадчуваў, што абавязкова штосьці будзе, бо я ня проста так зьбіраюся ляцець праз усю Эўропу ў цалкам іншае асяродзьдзе, адкрываць для сябе новую культуру.
Усё, пачалося, аўтобус здрыгануўся, завёўся, і я заплакаў, як самы малы й няшчасны дзіцёнак, і мне было абсалютна не цікава, што пра мяне падумаюць астатнія суседзі-падарожнікі, бо яны, як і я, роўма раўлі, а самыя маленькія — лямантавалі, як шалёныя шчанюкі — мы паехалі ў аэрапорт, нас чакаў разьбіты самалёт Белавіі — Ту-134, у якім я пазьней выяўлю, што сяджу каля аварыйнага выхаду, пабачу, што вакол яго зьявіўся тоўсты шмат намарожанага лёду. Самалёт тры гадзіны кідала ў яміны, штурхала ў бакі, марозіла, скразіла й трэсла, але для мяне, які ўпершыню ляцеў, гэта ўсё было цудам, усё было незвычайным падарожжам, якое скончылася мяккім прызямленьнем і сустрэчаю нашага калектыву самотных дзяцей і сясьцёр-выхавацелек з цэлым натоўпам мужчын у кілтах нацыянальнага колеру, якія, ціскаючы дуды, гучна гралі нейкі непаўторны гімн рая й пекла... Божухна, наперадзе расьсяленьне па семʼях у Фолкёрку, а гэта значыць — усе хутка ў аўтобус і далей у падарожжа.
Фолкёрк
Вядома ж, у галоўныя гарады Шатляндыі Глазга й Эдынбург мы перыядычна езьдзілі, глядзелі архітэктуру, завітвалі ў мясцовыя цэрквы, нас паўсюль афіцыйна сустракалі, здымалі для тэлеканалаў, давалі падарункі, вопратку, чакалядкі, але гэта ўсё сталася для нас даволі звыклым... адзінае й галоўнае, што мяне на той час цікавіла й уражвала, — гэта ня тыя мясьціны, якія мы праязджалі й наведвалі як турысты, а менавіта гарады, у якіх я мусіў жыць, і семʼі, зь якімі я мусіў мець пэўныя стасункі. Ужо на той час я вельмі пільна ставіўся да рэдкіх рэчаў, да атачэньня, спрабаваў зазірнуць у корань рэчы, і часта, калі нас суткамі вазілі ў турыстычным аўтобусе з адкрытым другім паверхам па галоўных вуліцах сталіцы Шатляндыі, максымум, на што мяне хапала — гэта шчоўкнуць колькі разоў архітэктуру, бо часьцей я фатаграфаваў настрой суседзяў-падарожнікаў, дзяўчыну, якая мне вельмі падабалася, і за два дні назьбіраў тры стужкі "Кодак" па трыццаць шэсьць кадраў, якія ў Фолкёрку аддаў гаспадару дома, што мяне прытуліў... але ён на наступны дзень мяне расчараваў, аказалася, што ўсе тры плёнкі, што я шчоўкаў, былі ўстаўленыя ў фотаапарат, але не зараджаныя як мае быць, таму стужка не пракручвалася, а заставалася ў касэце... я адчуў сябе тупым.
Читать дальше