Паўзьці да самага канца вучобы было цяжка й марудна, я ўжо пасьпеў адчуць сябе сасьпелым да чагосьці буйнога, што з майго боку было вялікім глупствам, якое скончылася толькі праз два гады, якія для мяне падаюцца цьмянымі, непрыемнымі, сорамнымі, я на той час вырашыў, што мае тэксты чагосьці вартыя, і паказваў іх паўсюды, так, я сам сабою даволі ўпарты чалавек і часта не спыняюся, пакуль сапраўды не пабачу выніку, але я пабачыў, выпадкова, калі праз год узяў сваю першую кнігу апавяданьняў у рукі і мяне працяў жах, вусьціш пачала кружляць нада мною, як я пасьмеў гэта выдаць! Ёлупень! Уільям Голдынг аднойчы, празь некалькі дзясяткаў год, адшукаў сваю першую кнігу, выкупіў яе за шмат фунтаў у нейкай маленькай букіністычнай краме ў ангельскай вёсцы, выйшаў вонкі, парваў яе й кінуў у сьмецьце. Што казаць... мне нават не спатрэбілася так доўга чакаць, хапіла году, і я быў ня Голдынг.
Я паступіў у асьпірантуру, якую хутка закінуў, бо літаратура, фэсты, падарожжы, нямецкая стыпэндыя (я ўпершыню быў грантаваны), на той час я ўжо пасьпеў узьненавідзець навакольле, і мяне пасьпелі таксама ўзьненавідзець, карацей, у мяне былі свае рахункі з пэўнымі істотамі, і нашая нянавісьць была ўзаемнаю й песьцілася намі, працінаючы сэрца наскрозь, але гэта таксама было збольшага па нявопытнасьці й юнацтве, пазьней я навучыўся проста не прыкмячаць навакольле й ворагаў, яны ўсе атрымалі ад мяне сьпіну, павернутую да іх, і гэтага было дастаткова — я ня воін, мне зброя не патрэбная, калі што, я здольны ўзяць асадку й накалоць на яе вочы ворагаў.
Я заканчваю свой аповед, які, па сутнасьці, ніколі ня мусіць скончыцца, кожны радок тут абганяе папярэдні, сьпяшаецца з новымі падзеямі, словамі, сказамі, і абзацы ўжо імкнуцца далей нагрувашчвацца, а мне, шчыра кажучы, ужо так карціць пачаць жыць далей, па-за межамі гурткоў, клясаў, сэмэстраў... я мушу імкнуцца... мушу пакінуць гэтую прастору, якая для мяне даўно ўжо стала надта ўтульнаю й роднаю. Калісьці мы былі купкай сучаснай моладзі, якая апынулася на ўскрайку, мы былі яскравымі прадстаўнікамі чагосьці апакаліптычнага, мы верылі ў сябе, у сваю моц, але на той час мы толькі пачыналі жыць, ня ведаючы, што з кожным годам вера будзе слабець, патрапіўшы ў палон узросту, калі з кожным новым крокам сталасьць ператвараецца ў старасьць, якая не дае больш веры нікому й ніякім ідэям і падзеям, ніякім тэрмінам і рэлігіям, яна здольная толькі, паглядаючы з вышыні на свае гады, філязофстваваць... няўдала, але...
25.09. — 20.10.2011
Менск
Пабачыць Шатляндыю й памерці
Дзецям нядзельных школ прысьвячаецца
Па-першае, трэба сказаць, што паміраць пасьля Шатляндыі я не зьбіраўся, жыцьцё толькі пачыналася, мне споўнілася дванаццаць, я вучыў ангельскую мову, захапляўся прыстаўкамі, зьбіраў кардонкі з баскетбалістамі Нацыянальнай баскетбольнай асацыяцыі. Я спраўна хадзіў у нядзельную школу пры баптысцкай царкве, марыў пра тое, што калі стану больш дарослым, пачну рыхтавацца да вучобы на прапаведніка. І на той час я быў даволі пасьпяховым у вывучэньні Бібліі, нават разумнейшым за мяне цяперашняга, у мяне былі празрыстыя намеры, мэты й жаданьні, я яшчэ ня ведаў дзяўчын, але яны мяне вельмі цікавілі, і я зьбіраў выценкі з аголенымі жанчынамі паўсюль, выразаў іх з газэтаў кшталту "Speed-Инфо", "Комсомольская Правда", даставаў часопісы "Playboy", я быў, як гэта кажуць, біязацікаўлены, і, разглядаючы кожным вечарам у прыбіральні калекцыю выценкі, адчуваў як падскоквае ціск, як штосьці цягне пісюн, як становіцца няёмка й прыемна адначасова... Не, вядома ж, на той час я не займаўся ананізмам, але калі аднойчы я забыўся зачыніцца на засаўку й у прыбіральню зазірнула маці, я моцна перапужаўся, адразу скамечыў усе выценкі й залямантаваў, каб зачынілі дзьверы! Маці нічога тады не сказала, а я адразу ў туалеце ад перапуду без намаганьняў справіў свае патрэбы, хутка й лёгка... Потым празь некалькі дзён бацькі адшукалі маю калекцыю аголеных жанчын, і ўвечары бацька спрабаваў мяне прысаромець, але мне было проста прыкра і няёмка, я чырванеў і плакаў. Калекцыя была зьнішчаная, я гараваў, але, знайшоўшы ў бацькоўскай шафе дзьве касэты парнаграфіі "Беласьнежка й сем гномаў" і "Глыбокая глотка", я хутка забыўся на газэтныя выценкі і пачаў кожным днём раз за разам прамотваць гэтыя дзьве непрыстойныя відэакасэты.
Я зьбіраўся стаць прапаведнікам, але мой досьвед у жанчынах, празь відэа і фота, замінаў мне цалкам на гэта вырашыцца, я вагаўся...
Читать дальше