У быць адзін сэнс — болей ня быць. Нідзе. Ніколі.
Гэтаму мэта-пэсымістычнаму разуменьню быцьця, як тэктанічнага анігілятара ўсяго, што было вымкнутым у быцьцё, стаецца ў апазыцыю мэтааптымістычная ідэя быцьця, як мейсца, дзе ўсё, што зьяўляецца быць, застаецца назаўсёды альбо ў вечным кругазвароце альбо ў несупынных працэсах трансмутацыяў...
Але і той, хто кажа, што ўсё несьмяротнасьць і той, хто кажа, што ўсё сьмяротнасьць, пражываюць аднолькавае жыцьцё. І, напэўна, пасьля сьмерці яны не разыходзяцца ў розныя бакі — адзін у вечнае Нешта, другі ў вечнае Нішто, — а трапляюць у нейкую адну наканаванасьць. У наканаванасьць адсутнасьці таго, што было.
Жах быцьця — яно адбірае быцьцё.
Неяк бацька паскардзіўся маці:
— Пражыў жыцьцё, а навошта жыў? Ужо сьмерць падсоўваецца, а навошта жыў?..
— Куды ад сьмерці падзенесься? З варонамі не паляціш! — адказала маці.
Гэтае эсэ напісана з уласнай патрэбы, з патрэбы ўпэўніцца, ці меў рацыю бацька, ці мела рацыю маці, ці меў рацыю я, калі яшчэ малады і поўны, як вока, жыцьцём да болю біў па сьцяне кулакамі ў адчаі ад непатрэбнасьці сябе ні сабе самому, ні гэтаму сьвету.
Цяпер ужо не памятаю, ці быў у тым адчаі непатрэбнасьці дамешак тугі па незваротнасьці быцьця. Напэўна, быў, бо гэтыя дзьве зусім розныя эмоцыі нейкім дзіўным, неэўклідавым чынам заўсёды перасякаюцца на прасторы чалавека.
Я ўкрыжаваны на нелінейным крыжы незапатрабаванасьці быцьцём і любові да быцьця. Хаця дакладней будзе казаць не пра непатрэбнасьць быцьцю, а пра неабавязковасьць менавіта мяне ў быцьці. Бо казаць, што быцьцю непатрэбны чалавек, як фэномэн быцьця (куды, зразумела, дастасаваны і я), было б залішне безадказна.
Чалавек увогуле, чалавек, як фэномэн быцьця, пэўна ж, для нечага патрэбны быцьцю. Прынамсі цяжка, амаль немагчыма пагадзіцца, што фэномэн чалавека паўстаў з выпадковага зьбегу акалічнасьцяў фізычнага сьвету, што чалавек сваім цэлым нічым большым за гэтае цэлае не абгрунтаваны, ніякай сакральнай ці астральнай задумай не абумоўлены. Занадта буйна, мудрагеліста, вытанчана арганізавана быцьцё для чалавека, сам чалавек і той фэнамэнальна багаты і фантастычна згарманізаваны сьвет цывілізацыі, які чалавек стварыў, — каб лічыць усё гэта выпадковым зьбегам акалічнасьцяў і зусім ня думаць пра тое Нешта, што да ўсяго гэтага павінна было прычыніцца.
Дарэчы, праблема Нешта, якое мусіла (ці зусім ня мусіла) прычыніцца да фэномэну чалавека, тут амаль не краналася таму, што мэта была якраз адваротнай: максымальна адлучыць я-чалавека ад усялякіх спэкуляцыяў над трансцэндэнтным, каб вымкнуць яго з апранахі міту пра чалавека, які і быў сфармаваны верагоднасьцю існаваньня Нешта.
Я-чалавек без гіпатэтычнага Нешта — вось што, з аднаго боку, цікавіла мяне ў гэтым эсэ. А з другога — я-чалавек без фэномэну чалавека (наколькі гэта магчыма ў прынцыпе).
Фэномэн чалавека і я-чалавек — гэта рашуча розныя падзеі. Калі карыстацца фальклёрным параўнаньнем, то фэномэн чалавека — гэта дрэва, а я-чалавек — лісток на гэтым дрэве. Дрэва — гэта не лісток, а лісток — зусім ня дрэва. І хаця лісток немагчымы бяз дрэва, у лістка і дрэва дзьве розныя сутнасьці, два розныя зьместы быцьця і, верагодна, два розныя сэнсы ў быцьці.
Дык вось, тут мяне найперш цікавіў ня той, хто пасадзіў дрэва і нават не само дрэва, а лісток на ім. Адзін асобны, ці кожны паасобку.
Мая цікаўнасьць зразумелая. Я сам — лісток, і неўзабаве восень... Дрэву яшчэ быць тысячагодзьдзі і не адну тысячу вёснаў на ім яшчэ будзе шапацець лістота... А я ўсё часьцей паглядаю на дол. Адтуль пад ранак ужо цягне холадам, і я пачынаю разумець, што ў лістка і дрэва розныя наканаваньні: дрэву наканаваны лёс, лістку — толькі доля.
Можа яно і добра, што ад вясны да восені лісток мысьліць і пачувае сябе дрэвам.
Можа яно і добра, што я-чалавек тоесьніць сябе з фэномэнам чалавека, бо з гэтага ён мае хоць нейкі аптымізм быцьця.
Мною жыцьцё ня вершыцца, — кажа ён. І яму лягчэй адыходзіць у невараць.
Але ня толькі зьнікаць у небыцьці — быць у быцьці яму лягчэй і весялей, калі ён атаясамлівае сябе з усёй гісторыяй людзтва, з усёй культурай і цывілізацыяй, з усім мысьленьнем і ўсім эмацыянальным досьведам... Які я вялікі і магутны, які я разумны і здольны, — думае задзіночаны з усім людзкім я-чалавек і пачувае сябе трохі бясконцым і трохі вечным... І затым з гэтага ўяўнага пачуваньня пачынае выдумляць сябе ўжо зусім бясконцым і назаўжды вечным...
Читать дальше