Аднак чаму маладыя людзі, насуперак свайму футурыстычнаму заданню, раз-пораз усё-такі «ідуць у палітыку» і нават калі-нікалі робяцца там заўважнай з’явай? Пакуль я ні ад кога не чуў не толькі адказу, але і самога гэтага пытання. Чамусьці нікому нават і да галавы не прыйшло паспрабаваць хоць трохі абазнацца ў падставах моладзевага супраціву. Мы ўсяго толькі парупіліся механістычна надаць яму статус аднаго з палітычных суб’ектаў, упісаўшы ў агульны палітычны кантэкст, каб потым ацэньваць паводле крытэраў, стандартных для ўсіх астатніх палітычных актораў.
А як можа быць інакш, нібыта слушна заўважыць нехта, калі ўжо колькі год існуюць моладзевыя структуры, якія і публічнымі дэкларацыямі, і рэальнымі справамі цалкам пазіцыянуюць сябе ў якасці менавіта палітычных суб’ектаў, да таго ж часам і найбольш ярка выглядаюць наўсцяж усяго палітычнага дыскурса краіны.
Заўвага, безумоўна, слушная, але адно пакуль звяртаць увагу на фармальныя праявы палітычнага супраціву моладзі. Бо калі не зленавацца нахіліцца і зазірнуць у ягоныя падваліны, дык там не складана заўважыць, што трымаецца ён не палітыкай, а гульнёй. Інакш кажучы, палітыка для маладога чалавека — усяго толькі адна з формаў гульні, па сутнасці нічым не адрозная ад футбола, бокса, таэквандо, фрыстайла ці чаго заўгодна іншага. Адныя гуляюць у «Схватку», ашалела гойсаючы па Мінску, другія скачуць з даху на дах, рызыкуючы зламаць сабе шыю, трэція, старожка азіраючыся, вывешваюць бел-чырвона-белы сцяг над якім будынкам і хуценька ўцякаюць, каб не патрапіць у пастарунак… Хоць у кожным разе складана зразумець, чаму адзін з маладзёнаў выбірае баруканне на спартовым дыване, а другі — на асфальце з «амонаўцам»?
Тут нехта мне зноў заўважыць, маўляў, нічога сабе гульня, калі потым за ўдзел у ёй, можа, давядзецца змарнаваць ладную частку свайго маладога жыцця за кратамі?
Каб давесці, што адно зусім не пярэчыць другому, я дазволю сабе згадаць уласны досвед з маладосці. Прыкладна ў тыя свае гады, ў якія сённяшнія лідэры моладзевага супраціву запар адзін за адным адбываюць ладныя тэрміны турэмнага зняволення, я ўжо быў кандыдатам у майстры спорту па спартовым турызме. Апошняе азначала, што мне афіцыйна было дазволена выпраўляцца ў найскладаныя вандроўкі па гарах. Чым я, натуральна, і карыстаўся, зусім не зважаючы на тое, што аднойчы магу адтуль увогуле не вярнуцца (як не вярнулася колькі мне добра знаёмых хлопцаў і дзяўчат). Заўважу, гэтая магчымасць невяртання не трымалася хоць якой высокай універсальнай ідэяй, кшталту незалежнасці, свабоды ці дэмакратыі, а толькі звабай самой гульні.
Дарэчы, палітыка, якая пачынаецца з гульні, для некаторых сённяшніх маладых беларусаў, напэўна, таксама станецца справай на ўсё жыццё. Толькі не трэба на падставе адзінкавых выпадкаў рабіць залішніх абагульненняў. У падлеткавым узросце амаль усе пішуць вершы, аднак хіба адзінкі з іх абяруць літаратуру сваёй прафесіяй, а сапраўдным паэтам, можа, і ўвогуле ніхто не станецца.
Карацей кажучы, сваімі развагамі я ўсяго толькі хачу сказаць, што моладзевы палітычны супраціў зусім не адэкватны, так бы мовіць, «даросламу». І паколькі сутва моладзевага супраціву карэніцца не ў палітыцы, а ў гульні (хай сабе і такой сур’ёзнай, як гульня ў свабоду), я не спяшаўся б залічваць моладзь да паўнавартасных палітычных актораў. Таму хацелася б засцерагчы ад залішніх спадзяванняў тых публіцыстаў і аналітыкаў, якія,абапіраючыся на растыражаваная незалежнымі медыямі паведамленні пра арышты, флэш-мобы, пікеты, петыцыі і г. д. і да т. п., робяць высновы аб моладзевым супраціве як аб рэальнай палітычнай сіле. І сёй-той ім лёгка дае веры, маўляў, калі моладзь зыніцыявала рэвалюцыі ў Югаславіі, ва Украіне і шмат дзе яшчэ, дык чаму яна не можа зрабіць нешта падобнае ў нас?
Ну, па-першае, гэта яшчэ, як кажуць, пытанне, наколькі сапраўды вызначальнай была роля моладзі ў тых рэвалюцыях. А па-другое… Кожны прыклад з іншай сітуацыі сведчыць, што ўвогуле гэта магчыма, аднак ён зусім не сцвярджае, што гэта магчыма ў нашай сітуацыі.
Зрэшты, зусім не аналіз палітычнага фармату моладзевага супраціву істотны для гэтых маіх развагаў, а менавіта тое, з чаго яны пачыналіся. Таму я хацеў бы паўтарыць сваю пачатковую канстатацыю. Малады чалавек як паводле сваёй прыроды (акумулятар сексуальнага), гэтак і паводле свайго прызначэння (агент будучыні) a priori непалітычны чалавек. І сутнасна ў ім нічога не мяняецца з таго, што ён, патрапіўшы ў палітычны дыскурс, нейкі час актыўна гуляе ў палітыку… Будзем памятаць: ён проста гуляе.
Читать дальше