Аляксандр Коктыш: Атрымлiваецца занадта жорсткая i песiмiстычная перспектыва будучынi нацыянальнай Беларусі. Скуль у вас гэтае трывожнае бачанне нашай будучыні?
— Здумленне, што наш спадзеў уцялеснiць ідэальную Беларусь на прасторах Белapyci рэальнай — аблудны, у мяне, бадай, цалкам сфармавалася пасля рэферэндуму дзевяноста пятага года. Але недзе толькi праз год я ўпершыню падзялiўся сваёй трывогай з адным нашым выдатным паэтам.
Як на сённяшнi ўспамiн, дык цiкавая была сцэна. Мы сумоўнiчалi ў пакоi ўдвух, аднак калi я выказаў яму свае сумневы, трывoгi i мepкaвaннi з нагоды рэальна магчымага будучага беларушчыны, ён прыклаў палец да вуснаў, сцiшыў голас i ледзь чутным шэптам сказаў: «Валянцiн, толькi болей пра гэта нiкому не кажы».
Дарэчы, зусiм нядаўна, пасля ўжо мaix шматлiкiх публічных выступаў з нагоды таго даўнейшага здумлення, адзiн наш таленaвiты лiтаратар i глыбока сiмпатычны мне чалавек з дакорам сказаў прыкладна тое самае: «Ну навошта ты пра гэта?..» Мяркую, ён быў далёка не апошнiм, ад каго я пачую нешта падобнае.
Разам з тым, ужо сёння ў самых розных кантэкстах я сустракаю канфігурацыі гэтага будучага ладу нашага нацыянальнага жыцця. Да прыкладу, ужо колькi год таму мы разбурылi мур, якi раней падзяляў беларускіх і расійскамоўных фiлосафаў ды культуролагаў на два хай сабе i не варожых, але абыякавых адзiн да аднаго светы. Плёнам гэтага «бурэння» стаўся цэлы шэраг супольных праектаў, якiя мы цяпер агорваем разам, не адчуваючы асаблiвай нязручнасцi ад нашага разнамоўя i рознабачання свету.
I хаця caмi па сабе асобныя выпадкi не шмат пра што кажуць, але яны сцвярджаюць: гэта магчыма — розным быць разам. I я не думаю, што, за выняткам самазабойчых, у нас ёсць яшчэ хоць якiя iншыя варыянты далейшага беларускага шляху…
Аляксандр Коктыш:Наколькi адпавядае запатрабаванням часу цяперашнi патэнцыял iснуючых палiтычных партый? Цi гатовы яны да сапраўдных пераменаў у грамадскай свядомасцi большасцi беларусаў?
— Калi па вялiкім рахунку, дык мы ўжо даўно не маем (i цi мелi калi?) нi нацыянал-дэмакратаў, нi лiбералаў, нi сацыял-дэмакратаў, нi «прасунутых» кaмунicтaў,.. а толькi — апазiцыю. Прынамсi, для электарату Вячорка, Лябедзька, Калякiн, Казулін, Мілінкевіч… — гэта не лідэры cвaіх партый і рухаў, а маналiтная апазiцыйная тусоўка. I ўсе iхнiя папяровыя праграмы электарату (ды, здаецца, i iм caмiм), прабачце, да пэўнага месца. Бо рэальна ўсе яны ўжо шмат год працуюць згодна з адной той самай праграмай з аднаго пункта (якая ўвогуле нiякай паперы не патрабуе), а мeнaвiтa: «Уладу на мыла».
Уласна, калi нашу палiтычную сiтуацыю ацэньваць не фармальна, а па сутнасцi, дык сёння мы маем двухпартыйную сiстэму, якая складваецца з «пaртыi ўлады» i «партыi апазiцыi». Як вядома, для дэмакратычнага ладу iснавання двухпартыйная сiстэма цалкам натуральная, i таму можна было б пафантазiраваць на тэму легiтымiзацыi i фармалiзацыi той палiтычнай рэальнасцi, якая склалася «натуральным» чынам. Але нават фантазiраваць тут не выпадае, бо кожнаму зразумела, што і адна, і другая «партыя» цалкам з’яўляюцца плёнам прыватнай «палiтычнай творчасцi» аднаго самаўладнага чалавека. Адсюль вынікae сумнае. Нашыя палiтычныя паpтыi, змарнелыя дашчэнту за гады барацьбы з дыктатурай», у дэмакратычнай сiтуацыi выявяцца малаэфектыўнымi для дзяржаўнага будаўнiцтва i з прычыны ўласнай змарнеласцi, i з прычыны таго, што, акрамя як змагацца, яны нiчога болей не ўмеюць.
Юрась Cвірка:Вы сказалi, што калi глядзець на нашую палiтычную сiтуацыю не з фармальнага боку, а па сутнасцi, то мы не заўважым у ёй нi лiбералаў, нi сацыял-дэмакратаў, нi нацыянал-дэмакратаў, а толькi «партыю ўлады» i «партыю апазiцыi». Але як на мой погляд, дык сёння i ўлада, i апазiцыя гуляюць у адну i тую самую гульню.
— Бадай я з вaмi амаль цалкам пагаджуся. У iншым месцы мне ўжо даводзiлася казаць, што сёння i ва ўладных структурах, i ў структурах апазiцыi вядуць рэй хлопцы з «адной партшколы», якiя там сядзелi, магчыма, за адной партай i балявалi ў адных кампанiях… Таму i няма дзiва, што яны гуляюць у адну i тую самую гульню, якой іх навучылі ў «партшколе». Больш за тое, зусім верагодна, што «хлопцы ад улады» зайздросцяць cвaiм сябрукам у апазiцыi, бо ў тых i палiтычны iмiдж куды як прыстойнейшы, i вядомасць большая, i матэрыяльна яны, здаецца, збольшага забяспечаныя. Але галоўнае, што «хлопцам ад апазiцыi» рэпрэсiяў перападае куды менш, чым «cвaiм», бо калi ўлада бярэцца за «свайго», дык той ужо дзесяццю cуткамi арышту на Акрэсцiна не адкупiцца… I заўважце, як лоўка i неўпрыкмет гэтыя хлопцы з «адной партшколы» адсунулi на палiтычны маргiнэз тых, хто распачынаў фармаванне палiтычнай апазiцыi (Пазняка, Хадыку, Баршчэўскага, Вячорку, Iвашкевiча, Антончыка, Сiўчыка і шмат каго iншых). Дзе цяпер тыя першапачынальнiкi? У лепшым выпадку — на другiх-трэцiх ролях… А хлопцы з «адной партшколы», як i за камунicтaмi, апанавалi ўсiм полем улады, толькi што рознiцы — падзялiлi яго на дзве дзялянкi. I шчыруюць там з нашай ласкi, шчыруюць.
Читать дальше