Яно то і хай сабе. Аднак калі наследаваць гэтай логіцы і далей, дык атрымліваецца, што Адам і Ева былі габраямі. А калі Адам з Евай былі габраямі, то і ўсе мы, іх нашчадкі, таксама габраі… Вохці мне!
Зрэшты, людзі ніколі не мелі асаблівага даверу да логікі. Таму шмат навукоўцаў і проста не абыякавых да гэтай праблемы людзей у самыя розныя гістарычныя эпохі спрабавалі высветліць, на якой мове сапраўды размаўлялі ў Эдэме. Усіх меркаванняў на гэты конт ніколі не перакажаш, згадаю адно некаторыя з іх. Бельгіец Гаранус лічыў, што Адам з Евай размаўлялі па-фламандску (“Узнікненне Аніверпена", 1569г.). А вось нехта Кэмпе, прыкладна ў тую самую эпоху, сцвярджаў, што Бог размаўляў па-шведску, Адам – па-дацку, а змяя спакушала Еву па-французску (апошняе вельмі верагодна, бо здавён вядома, што французская мова – мова спакусы). Мадзьяр Іштван Хорват, прааналізаваўшы біблейныя імёны, прыйшоў да высновы, што ў Эдэме карысталіся мадзьярскай мовай. Але найбольш мяне зацікавілі даследванні немца Хасэ, які ў 1779 годзе ў Кёнігсбергу выдаў кнігу “Правы Прусіі на Прыбалтыку, на рай старыжытных – першую калыску чалавецтва, з усеагульнай згоды абгрунтаваныя біблейскімі, грэцкімі і лацінскімі пісьменнікамі…”. Натуральна, Хасэ перакананы, што адзінай дзяржаўнай мовай Эдэма была нямецкая. Я з такой катэгарычнасцю спадара Хасэ не магу пагадзіцца. Калі “Прыбалтыка… рай старажытных – першая калыска чалавецтва”, дык у Эдэме аніяк не маглі гаварыць па-нямецку, бо нямецкая мова не была ў Прыбалтыцы мовай карэннага насельніцтва.
Аспрэчыўшы філалагічны аргумент нямецкага навукоўцы, далей я хацеў бы не тое, што аспрэчыць, а толькі ўдакладніць, так бы мовіць, трохі падкарэктаваць і яго геаграфічны аргумент. Мяркую, што Эдэм знаходзіўся ўсё ж такі не ў самой Прыбалтыцы, бо інакш у біблейным расповедзе пра гэты эпізод абавязкова згадалася б мора. Казаць пра Эдэм у Прыбалтыцы і абмінуць увагай мора, якое з’яўляецца з ёй неад’емным цэлым -- гэта немажліва! Таму я лічу, што Эдэм знаходзіўся не зусім у Прыбалтыцы, а недзе паблізу. А што найбліжэй да Прыбалтыкі? Відавочна – Беларусь! З чаго я і раблю адзінамагчымую выснову: Эдэм мясціўся недзе на тэрыторыі сучаснай Беларусі і Адам з Евай (што амаль напэўна) размаўлялі на нейкай прабеларускай мове.
Натуральна, пакуль гэта толькі гіпотэза. Але я не маю сумневу, што з цягам часу нашыя адмыслоўцы, прапрацаваўшы самыя розныя археалагічныя, этнаграфічныя, тапаграфічныя і філалагічныя крыніцы, зробяць з маёй гіпотэзы навукова абгрунтаваную і непахісную ў стагоддзях тэорыю.
Так яно будзе, бо так яно ёсць.
Кніга
Хто напісаў першую кнігу? Апошнім часам на гэтае пытанне перасталі шукаць пэўнага адказу. А шкада. Бо недарэчна лічыць першай кнігай папірусны скрутак, датаваны ўсяго толькі 3350 годам да Н.Х.
Між іншым, далёка не заўсёды да гэтай праблемы ставіліся з сучаснай абыякавасцю. У ХУІІ – ХУІІІ стагоддзях ёй было прысвечана безліч прац, з якіх бяспрэчна вынікала, што аўтарамі першых кніг былі Адам і Ева.
Праўда, уласна Біблія пра гэта ні слоўка не кажа, але ж мы не адмаўляем існаванне кампутараў ці зубных шчотак толькі на той падставе, што пра іх не згадваецца ў гэтай святой, усеабдымнай і вечнай кнізе
За тое, што Адам быў надзелены не абы якім літаратурным талентам, сведчыць ягоная праца па наданні найменняў прадстаўнікам флоры і фаўны Эдэма. Кожны з пісьменнікаў ведае, як гэта складана ўвесьці ў літаратурны ўжытак хаця б адно новае слова. Самы геніяльны празаік свету, беларус з паходжання Хвёдар Дастаеўскі, вынайшаў толькі два новыя словы: першае – “стушеваться”, а якое другое – я забыўся.
Зразумела, што ў Эдэме Адам з Евай кнігаў не пісалі, там яны займаліся толькі вуснапаэтычнай творчасцю і каханнем.
Пісаць кнігі яны сталі пазней, калі Бог адлучыў іх ад гістарычнай бацькаўшчыны і змусіў пладзіцца ды размнажацца.
На вялікі жаль, арыгіналаў вербальнай творчасці першалюдзей не засталося. Тым не менш, пасля карпатлівага вывучэння ўсяго, што толькі падлягала вывучэнню, даследчыкі прыйшлі да наступнай высновы: Адам напісаў дванаццаць кніг. Пералічу колькі з іх:”Альфабэт”, “Кніга парадку”, “Кніга пра сутнасць істотаў”, “Кніга пакаяння”, дзьве кнігі пра стварэнне свету… Непасрэдна да красамоўнага творства мела дачыненне кніга паэтычных твораў Адама, якая, згодна Нірэнбергусу, складалася з 94 псалмоў (ён сам, паводле ягоных словаў, адшукаў два псалмы Адама ў бібліятэцы Эскарыяла; праўда, потым яны кудысьці зніклі).
Читать дальше