Мы перабіраліся ў Мінск з вёсак і мястэчак зусім не дзеля таго, каб тут гуртаваць сваімі лёсамі трансцэндэнтную ідэю ўскрыленай Беларусі. Мы ехалі сюды, каб мацаваць свае лёсы моцай вялікага горада, і нам не да галавы было нешта абстрактнае, што хавалася у “шолаху моўкнасці” гэтай прасторы...
Мы патроху асвойтвалі геаграфію вулак і пляцаў, абвыкаліся сярод гжэчных словаў і фацэтных завядзёнак, прыстасоўвалі сваю хаду і думкі да стылізаваных пад спех рытмаў, каб неяк аднойчы заўважыць: Мінск робіцца ўсё болей падобны да нас саміх, да ўсёй астатняй Беларусі і, па сутнасці, няма тут нічога такога, чаго б не было ў Свіслачы, Докшыцах, Коўзунах... Бадай што менавіта з гэтай заўвагі спакваля паўстала запатрабаванае логікай пытанне: калі ў Мінску няма нічога такога, чаго б не было там, дзе мы былі раней, то што гэта такое – Мінск?
У пошуках тлумачэння не магла не з’явіцца думка: а можа Мінска як Мінска няма, можа, ёсць толькі нейкая прастора, адслоненая ад усяго топаса Беларусі межамі кальцавой дарогі, заасфальтаваная паверхня, і мы на гэтай паверхні, як адзіная рэальнасць горада, якая была пакліканай сюды, каб вымкнуць з кантынуўма ідэальнага трансцэндэнтную задуму і абазначыць яе збегам нашых лёсаў на покрыве штодзённасці?
Зрэшты, значна раней, на самым пачатку рэфлексавання, з эмбрыёну “Мы” мусіла паўстаць самотнае “Я” ў якасці апазіцыі ідэальнай універсаліі і адначасна гораду, што некалі будзе...
Мінск – места адзінотных самотнікаў. Адставіўшы каўняры, яны паволі блукаюць па зблытаных туманом вулках і абыякава думаюць, што ў Мінску, пэўна, болей чым дзе самагубцаў, якіх ніхто ніколі не шукае, бо тут кожны іншы побач – усяго толькі прыкрая недарэчнасць, на якую пажадана хутчэй забыцца, каб нішто не замінала пільнаваць вярэду адной, усё той самай, думкі: навошта я сам сабе патрэбны?
Няма чаго спадзявацца, каб з гэтага вярэдзіва адзіноты выбрыняў нейкі ўцямны адказ, але разам з тым можна быць упэўненым, што менавіта адсюль патроху пачнуць вымыкаць здані мітаў, прывіды ідэалагемаў, сляды слядоў... Цені трансцэндэнтнага будуць гуснуць, цяжэць, усё больш шчыльна класціся на покрыва каардынатаў, і пустэльня, выпаленае ляда пакрысе ажыве, напоўніцца сэнсамі, што некалі задзіночацца ў таго другога, які запатрабуе любові, змусіць на бясконцы дыялог, каб такім чынам няспешна, спакваля, але ўрэшце рэшт зрабіцца горадам, які ёсць.
Архіпелаг Беларусь
На палітычнай мапе Беларусь, як і ўсе іншыя краіны, выдзелена не толькі дзяржаўнай мяжой, але яшчэ і нейкім апрычоным колерам. Аднастайная фарба на мапе не супярэчыць дзяржаўнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь. Аднак калі б нехта, увішны і дасведчаны, паспрабаваў на агульным полі нашай дзяржавы пазначыць адметным колерам тыя месцы, дзе Беларусь насамрэч беларуская, гэта значыць тыя месцы, дзе актыўна ці хаця б заўважна прысутнічаюць беларуская мова, беларуская культура, урэшце, проста любоў да Беларусі, як да непазбежна тваёй Бацькаўшчыны, то мы мелі б зусім іншы малюнак. Тады мы ўбачылі б нешта накшталт Архіпелагу – унутры дзяржаўных межаў сям-там паасобку ці групамі раскіданыя астравы і астраўкі беларушчыны, а між імі неабсяжнае мора расейшчыны: расейскай культуры, расейскай свядомасці, расейскай мовы… І хаця гэтая расейшчына наўсцяж скажоная намі, спрэс дэфармаваная і ад таго трохі фарсавая, але тым не менш менавіта яна пануе на Беларусі, калі не ў сэнсе якасці, дык у значэнні колькасці.
* * *
Але колькі б яе не было – той расейшчыны, гэтым разам не пра яе гаворка, а пра нас, зажураных тубыльцаў Архіпелагу Беларусь, якія ўвесь час выглядваюць бел-чырвона-белы ветразь на даляглядзе, каб хоць на момант унікнуць самоты. І, бадай, адзінае, што заўсёды звязвае нас між сабой і трымае ў віртуальным агуле – гэта тэкст. Толькі на прасторы Беларускага Тэксту мы, насельнікі гэтых, далёка параскіданых адна ад адной выспаў, можам сустрэцца разам і, такім архаічным чынам, натуральным хутчэй для ХІХ стагоддзя, чым для ХХІ, пераадольваем усё, што нас раз'ядноўвае – ад каланіяльнай гісторыі да зрусіфікаванай дзяржавы.
Натуральна, у наш час, калі кожная кватэра напханая радыёпрыймачамі, тэлевізарамі і кампутарамі, карыстацца Тэкстам як асноўным начыннем нацыянальнага задзіночання – відавочны архаізм. Аднак тут ўжо нічога не паробіш: і радыё, і тэлебачанне ў нас, калі не па форме, дык па сутве – антыбеларускія, і яны не лучаць між сабою насельнікаў аддаленых выспаў, а толькі раз'ядноўваюць.
Читать дальше