Цягам некалькіх стагоддзяў расейская, а затым расейска-камуністычная імперыя ўсімі магчымымі сродкамі прымусу, ад фізічнага да інтэлектуальнага, выціскала культуру беларусаў на маргінез, каб напоўніць вызваленае месца сваімі культурнымі знакамі. Натуральна, што цяпер «пашпартным беларусам» няўтульна ў прасторы Беларускага Тэксту, бо тэкст гэта перадусім сістэма знакаў, якія адсылаюць да тых ці іншых культурных рэаліяў. А калі гэтыя рэаліі сфармаваныя расейска-савецкай культурай, дык што можа знайсці для сябе такі фармальна беларускі, але па-сутнасцт расейска-савецкі чытач у Беларускім Тэксце, які адсылае яго да малавядомых яму рэаліяў беларускай гісторыі, культуры ды ментальнасці.
* * *
Каб хоць нечым збалансаваць песімізм сваіх развагаў, мне, напэўна, трэба было б завершыць іх нейкай аптымістычнай дэкларацыяй, кшталту: будзем спадзявацца, што з цягам часу ўсё пераменіцца да лепшага. Але, на вялікі жаль, перш чым паставіць кропку, я мушу яшчэ больш заглыбіцца ў песімізм. Рэч у тым, што я належу да тых, хто ў сваіх футуралагічных рэфлексіях не пазбягае думкі аб непазбежным (рана ці позна) канцы эры Тэксту. Ужо сёння Тэкст саступіў вершнасць іншым тэхналогіям вытворчасці інтэлектуальнай і эмацыйнай прадукцыі. І я не схільны сябе суцяшаць, што гэта часовае адступленне…
Натуральна, мяне, як літаратара, мала цешыць перспектыва зніжэння ролі Тэксту ў сацыяльнай, інтэлектуальнай і эмацыйнай сферах жыцця. Але яшчэ больш трывожыць мяне перспектыва заняпаду Тэксту – як беларуса. Я ўжо даволі казаў, што беларусы, як нацыя, сфармаваліся і застаюцца ў наяўнасці дзякуючы Тэксту, прынамсі, Тэксту ў значна большай меры, чым хоць чаму яшчэ. А з гэтага вынікае, што калі Тэкст татальна страціць сваё значэнне ў сацыяльным і духоўным быцці чалавека, то ў нас, беларусаў, з-пад ног знікне тое асноўнае трывалішча, на якім мы паўсталі і стаялі дасюль… І што нас тады будзе трымаць як беларусаў?
* * *
Крыга Беларускага Тэксту, на якой мы сяк-так пераплылі праз ХХ стагоддзе, на вачах драбнее – крышыцца па краях, худнее ў сярэдзіне… На гэта можна не зважаць і жыць па звыклай завядзёнцы (на наш век трывалішча хопіць і яшчэ трохі застанецца), ці зважаць і намагацца хоць неяк трымаць раўнавагу, а можна і наадварот – пасунуцца бліжэй да набрынялага крохкасцю краю і, узіраючыся ў выратавальныя берагі, дэкламаваць на развітанне што-кольвек пафасна-рытарычнае. Ну хаця б вось гэта:
Каб плыў судоў уратавальны дым,--
А родны край знікаў навекі ў хвалях,--
Я б лепей згінуў з ім,
З яго апошнім жалем,
Як жыў і мучыўся бязмерна -- з ім.
(У. Караткевіч)
Але як бы хто сёння сябе не паводзіў, пэўна, ужо нішто не зможа ўтрымаць Беларускі Тэкст у тым вялікім значэнні збіральніка Нацыі, якое ён выконваў да гэтага. І таму, вяртаючыся да пытання, што, калі не Тэкст, будзе трымаць нас як беларусаў, можна сказаць хіба адно: адказ залежыць толькі ад таго, што гэтае пытанне і спарадзіла. А менавіта ад таго, ці было апошняе стагоддзе Беларускага Тэксту настолькі плённым, каб змусіць наступнае, інакш тэхналагічна арганізаванае быццё, улічваць гэты плён і фармаваць новую парадыгму існавання, азіраючыся на пажоўклыя шматкі паперы, дзе рознымі словамі, але спрэс напісанае адное і тое самае: беларусам звацца.
6. Боская камедыя
Эдэм
Як вядома, Біблія надыктаваная самім панам Богам. А паколькі першы поўны збор Бібліі запісаны іўрытам, дык адсюль баццам само сабой вынікае, што на тую пару Бог найлепей ведаў старую габрайскую мову. Хаця наўрад ці падобнае меркаванне адпавядае сапраўднасці, бо потым Бог яшчэ шмат з кім сумовіўся паасобку (прынамсі, сведчанняў таму ў святых кнігах даволі), і далёка не ўсе ягоныя сумоўнікі былі габраямі. Тым не менш, усе яны разумелі словы Бога, як уласныя. З чаго будзе лагічна выснаваць, што Бог быў (і, пэўна, застаецца) паліглотам. Зрэшты, і дзіўна, каб яно было неяк інакш. Праўда, нельга выключыць, што ў звычайным, фанетычным разуменні, Бог увогуле не размаўляе, а тэлепатуе свае думкі (абмінаючы нашыя вушы) напрасткі ў галаву ці сэрца, альбо адразу туды і туды…
Але гэтым разам мяне не столькі сам пан Бог цікавіць, колькі яго гістарычная радзіма – Эдэм. І, перадусім: на якой мове ў Эдэме размаўлялі Адам і Ева? Праўда, для шмат каго тут няма аніякага пытання. Маўляў, паколькі пра Адама і Еву апавядаецца ў Бібліі, а Біблія запісаная іўрытам, дык выглядае амаль бясспрэчна, што Адам з Евай таксама размаўлялі нейкай старажытна-габрайскай мовай.
Читать дальше