Цябе самога пытацца дарэмна. Ты – маўчыш. Твой схарон у бязмоўі. Ты – толькі падстава для дыялога…
Чалавеку няма з кім гаварыць, ён страшэнна адзінокі. Ён спрабуе пазбавіцца адзіноты, прамаўляючы словы да жанчыны, дзяцей, людства, але ў адказ чуе толькі рэха. І тады ён змаўкае і застаецца сам-насам. Цяпер яму няма з кім нават маўчаць, акрамя цябе. Затое Твае моўчы яму хопіць назаўжды.
Ты – выбаўленне адзіноты.
Але Ты і самая вусцішная адзінота, якую толькі можна сабе ўявіць.
І таму я пытаюся: можа Ты выдумаў мяне адно каб самому ўнікнуць нуды? Можа, сапраўды Ты мяне вымавіў, каб было каму гаварыць з Табой?
Ты – жорсткі і панылы Шахрыяр, які нудзіцца тысячагоддзі і не мае сну ні днём, ні ўначы…
-- Ты і на гэта маўчыш?
Я зважаю, што калі Ты – Слова, дык кожнае маё пытанне – гэта перадусім Твой адказ.
Больш за тое, я мяркую, што Ты – толькі слова. Пра што кажа і Яаан: «На пачатку было слова… І Богам было Слова».
Цуд маўлення – найвялікшы з магчымых на гэтым свеце. Што існае без слова? Сказаць – нішто, значыць нічога не сказаць.
Натуральна, Слова – Бог. Яно перастварыла вусцішную фантасмагорыю ў ветлую рэальнасць, і калі што абагаўляць, дык нішто іншае, як Слова.
Таму кожны раз прамаўляючы хоць нешта, мы прамаўляем Тваё імя. Лаянка і мальба, споведзь і хлусня, патаемная думка і енк – усё Ты.
Забі – Ты. Злітуйся – Ты. Мы – Ты. Я – Ты.
Ты – Слова, персаніфікаванае ў слове Бог.
Паўторанае за тысячагоддзі безліч разоў Тваё імя зацьвярдзела ад дотыкаў вуснаў, а рэха матэрыялізавала прастору Твайго бытавання.
Вызначаючы лёсы людзей, народаў і ўсяго людства, слова Бог само мацавалася чалавечай моцай, збіралася чалавечымі высілкамі ў магутную дзейсную волю.
А пасля ўкрыжавання Ісуса яно набыло яшчэ важкасць маральнага абсалюту.
Бог – толькі імя слова.
Але з чаго тады цяжар нябёсаў і млосць у сэрцы?
Ты – толькі слова Бог. Гэта напэўна. Аднак…
Аднак, што было да Слова? Ці ведае хто адказ на гэтае пытанне?
Уявім, што Ты сапраўды быў «спрадвеку»! Але хіба Ты быў Богам, пакуль не стварыў прамень, верас, пчалу, мяне? Хіба Ты быў Богам, пакуль самотнай зданьню блукаў у суцэльнай цямрэчы бязмежжа ці недзе ў кутку Нічога, згарнуўшыся ў Нішто, няўцямна скуголіў з адчаю, як засунутае ў мех шчанё?
І калі мы ўсе знікнем да звання, што застанецца ад Цябе? Кволае трымценне спарахнелага шматка Нішто ў ацвілым кутку Нічога?
-- Маўчыш? Маўчы!
Урэшце, адзінае, што я хацеў бы пачуць ад цябе – гэта:
-- Чаму?
І, можа:
-- Навошта?
А менавіта, з якой такой патрэбы Ты раптам усхапіўся да працы, каб зрабіць верас, пчалу, мяне?..
Я кленчу перад Табой і схіляю да масніцаў галаву перад Тваёй кемлівасцю. З нічога, з абсалютнага нічога, з сусветнага гвалту абсмактанай пустэчы ўзбіцца на ідэю Нечага, на ідэю формы – гэта… Калі я скажу, што гэта – геніяльна, мне першаму будзе няёмка за ўбоства чалавечае мовы.
Са зместам, пагодзімся, ужо было значна прасцей, а што да тэхналогіі абнаяўлення свету, дык, паводле Бібліі, за выняткам апошняга акту тварэння, праблемаў увогуле не было.
Але навошта Табе ўсё гэта было патрэбна?
-- Скажы!
Можа Табе абрыдла быць Нікім і Ты вырашыў, што лепей памерці ў сваім тварэнні аднойчы і назаўжды, чым доўжыць яшчэ невядома колькі дурную бясконцасць панылага існавання сам-насам?..
І Ты памёр у чалавеку, як памірае скінутае з сяйва ў глебу зерне.
Адам убачыў Цябе ўжо старым, задаволеным сабой, але, па боскай меры, нямоглым. І гэты вобраз спрацаванага ціхамірнага дзеда на прызбе – адзіны ўспамін пра Цябе, які досыць выразна перадаваўся потым праз пакаленні.
Пэўна, пачынаў Ты работу маладым і дужым, аднак, мабыць, не разлічыў моцы свайго духу і Адама ўжо давялося ляпіць рукамі з кавалка гліны, адно пахукаўшы трохі на пальцы. А Еве нават і хуку не засталося. Як парастак прышчапляюць да галінкі, так прышчапіў Ты скабу Адама да дрэва жыцця.
І ўсё ж такі: навошта Табе ўсё гэта было патрэбным?
Дарэчы, чаму гэта мы Цябе ўхваляем, чаму гэта Табе дзячым за жыццё? Каб мы ўваходзілі ў Тваю задуму, каб Ты меў намер растыражаваць нас да бясконцасці, дык як зораў на небе, нарабіў бы людзей на зямлі. Але Ты палічыў, што даволі і гэтых двух. І вымыў рукі…
А калі б Ева не аслухалася Цябе?..
І па сёння сярод хмызоў Эдэму бадзяліся б толькі два големы, лыпалі вачыма, пазяхалі раз-пораз і, казычучы адзін аднаго пад пахамі, па-дурному рагаталі, гэтым рогатам акрэсліваючы ўвесь змест быцця.
Читать дальше