З Мінска, заварочваючы то ў адзін, то ў другі бок, у мясціны, так ці інакш звязаныя з імем Францішка Багушэвіча, мы кіравалі на Ашмяны, а канкрэтней — у прыашмянскую вёску Кракоўка, дзе для нас былі заказаны месцы ў гасцініцы калгаса «Маяк». Прыехалі туды вечарам. Гасцініца — адзін з тыпавых двухпавярховых дамоў, якія ўтварылі тут цэлую вуліцу. Асталяваліся, агледзеліся. Ад калгаснай гасцініцы да Ашмян — рукой падаць. Для нас гэта было вельмі зручна: адсюль лёгка можна ездзіць у блізкія і болей ці меней аддаленыя ваколіцы Ашмян — радзіму паэта.
СВІРАНЫ
Больш за ўсё карцела пабачыць родны кут Францішка Багушэвіча — памятны яшчэ са школьнага падручніка фальварак Свіраны, пра які, апроч назвы, я нічога не ведаў. Гэтак жа, як і школьнікі, якія вывучаюць біяграфію паэта. Ды і што ж можа даць іх розуму і сэрцу адна сухая назва?
У Свіраны мы выехалі раніцай, паснедаўшы ў ашмянскай кавярні. Дарога ішла проста на старажытную Вільню.
Вось і літоўская мяжа, пра што апавяшчае стэла на ўзбочыне дарогі — «Літоўская ССР». Мінаем Меднікі з руінамі старажытнага замка. Дзесятак-другі кіламетраў па зямлі Літоўскай ССР — і Валодзя Содаль, які ўжо тут бываў раней, камандуе шафёру павярнуць налева. Зялёныя, аблашчаныя сонцам узгоркі. Рэдкія бярозавыя пералескі. А во перад вачыма і самі Свіраны.
Калі мы выйшлі з аўтобуса, перад намі адкрыўся шырокі, вельмі прыгожы краявід. У моры чэрвеньскай зеляніны на ўзгорках і ў далінах бялелі шыфернымі дахамі між вабных прысадаў астраўкі невялічкіх вёсак. Над імі плылі, купаліся ў блакіце неба лёгкія белыя воблакі.
Свіраны — адзін з тых шматлікіх астраўкоў. Вёсачка падзелена шашою на дзве часткі. Першая, левая, частка, як выявілася — больш даўняя, уласна Свіраны, дзе некалі і быў той фальварак, у якім упершыню ўбачыў свет Францішак Багушэвіч. Сёння тут — тры хаты. Каля двароў нам кінуўся ў вока шнур раскідзістых старасвецкіх ліп. Гэта, як паведаў нам Содаль, была некалі алея, што вяла да фальварка. На правым баку шашы мы ўбачылі дзве хаты, за імі — трохі далей — відаць быў дах яшчэ адной. Вось і ўся вёска. Калі знаёмішся са Свіранамі, складваецца ўражанне, што людзі сяліліся тут хто як хацеў, не прытрымліваючыся асаблівага парадку. Таму называць Свіраны вёскай, відаць, можна толькі ўмоўна — тут жа мы не знайшлі нават традыцыйнай вясковай вуліцы. Проста прысуседзіліся адна да адной асобныя сядзібы, са сваімі пад'ездамі, з уласнымі сцежкамі-дарожкамі, прыцерліся, прызвычаіліся і стаяць сабе, не скардзячыся на нейкую нязручнасць.
З асаблівым нецярпеннем, нават з хваляваннем чакаў я сустрэчы з землякамі паэта. Перш за ўсё хацелася пачуць іх гаворку. Гэта ж мову тутэйшых сялян узяў Францішак Багушэвіч за аснову сваіх мастацкіх твораў. Як вядома, сучасная беларуская літаратурная мова ў яго час была яшчэ ў стадыі станаўлення, і Францішак Багушэвіч пісаў на той, якую чуў у маленстве. Якраз яе, , мову падвіленскіх мясцін, лічыў ён найбольш беларускай, найбольш чыстай, і таму, як успамінае яго сучаснік паэт Альгерд Абуховіч, аднаго разу Францішак Багушэвіч, прачытаўшы яго вершы, зрабіў аўтару заўвагу, што ў іх «не ўсюды бываюць уласцівыя беларускай мове акцэнты». На гэта ўраджэнец Случчыны, а калі вузей — Глушчыны, Альгерд Абуховіч адказаў Багушэвічу вершам:
У гаворцы ёсць ружніца (розніца. — К. Ц.)
Між маёю і тваёй:
Маёй — пушчы, Пціч граніца.
Ты — панарскі салавей.
Панары — узвышшы на поўдзень ад Вільні. Відаць, зялёныя ўзгоркі, што ўбачылі мы каля Свіран, таксама адносяцца да той панарскай грады.
Дык хіба ж не цікава было нам даведацца, як размаўляюць сёння на радзіме «панарскага салаўя»? Ці, можа, тутэйшыя людзі алітовіліся? Як-ніяк, ужо ж пяцьдзесят гадоў — не болей не меней — гэтыя землі ўваходзяць у склад Літоўскай ССР.
Першы, хто трапіўся нам у Свіранах, проста на шашы, быў пажылы дзядзька. Я прыпыніў яго, пазда роўкаўся.
— І куды сабраліся, дзядзька? — загаварыўшы, папытаў я.
— Да от сена троха выкасіў тутака... Дак падварушыць трэба...
Дзядзькава гаворка была мне як маслам па сэрцы. Такая паўнагучная, каларытная беларуская мова, з усімі яе «акцэнтамі». Тое, што ў ёй — не-не дый пракідвалася то польскае, то рускае слова, зусім яе не псавала, бо ён любое слова вымаўляў на свой лад, падпарадкоўваў яго роднай беларускай мове. У дзядзькавай гаворцы вуха ўлавіла і мясцовыя асаблівасці — з гэтымі «троха», «тутака», а таксама з выразамі тыпу «ён адсюль выехаўшы», «ён у той вёсцы радзіўшыся» (у сэнсе выехаў, радзіўся). Дарэчы, гэтую асаблівасць мне даводзілася чуць і ў нас, у Браслаўскім раёне, які зусім недалёка адсюль.
Читать дальше