— Што ты кажаш! — не паверыў Кірыла.
— Піліпко дапамог — пры ёй быў.
Піліпко — старэйшы сын Апраскі.
— Адганяла яго ад сябе, але ён не паслухаў. Так што Піліпко і прымаў.
— Ай-яй-яй! — дзівіўся Кірыла.
— Аляксей Каленік ехаў, убачыў і забраў.
— А Пятро вунь косіць сабе і нічога не ведае, — Кірыла паказаў лыжкай убок.
Сапраўды, Пятро, не адрываючыся, махаў і махаў касой.
— Можа, сказаць яму? Пайду-такі скажу! — Марыля падхапілася і пакіравала да Пятра.
Вярнулася яна, калі мужчыны ўжо канчалі абед.
— А ён нават не здзівіўся!
— Такі ўжо, таго, чалавек, — растлумачыў Кірыла і аглядзеў прывялыя пракосы. — Давайце варушыць.
Марыля з Лявонкам узялі ў рукі граблі і пачалі варушыць пракосы.
— Гартайце яго, хай ветрае! — як бы падахвоціў Кірыла.
— Вунь Ганна Васілішына сваім абед панесла, — згледзела Марыля. — У спарышах. Спраўная дзеўка!
Па лузе і сапраўды бегла Ганна, але на Кужалёў і не глянула. Заклапочаная. Лявонка непрыметна праводзіў яе вачыма.
П'яніў востры водар скошанай і падвялай ужо травы, якую яны сушылі, каб потым ладаваць на вазы і везці дадому.
— Не сена, браце, а таго, як чай!
Лявонка, жывучы ў мястэчку, ведаў, што такое чай.
— Калі пагода пратрымаецца, сена будзе выдатнае… — радаваўся Кірыла.
— Купалле хутка! — сказала Марыля. — Да Купалля трэба паспець…
— Паспеем! — запэўніў свёкар, які сачыў, каб усё ў гаспадарцы рабілася своечасова.
— Пайду ўжо я, — заспяшалася Марыля, скончыўшы абяртаць пакосы, — дарогай, можа, зёлак збяру. Зверабою шмат у кустах, доннік лекавы ў раўку ёсць.
— І кмен на горцы ля поплаву ўжо збіраць можна, — падказаў Кірыла.
Характэрная рыса прускаўскага ўкладу жыцця палягала ў тым, што яно, гэтае жыццё, з часоў Адама мела сваёй першаасновай апладненне — зямлі і хатніх жывёл. Вядома, і чалавек не знаходзіўся ў баку ад гэтага спрадвечнага быційнага працэсу. Пa традыцыі купальскага дня чакалі ўсе. Прускаўцы ўжо з раніцы былі як не свае. «Грала» сонца, шчодра абпырскваючы зямлю залатымі промнямі святла.
— Прачынайцеся, паглядзіце на сонца! — будзіла дзяцей Марыля.
Лявонка зірнуў у акно, у якое зырка свяціла сонца. Паднімалася яно над лініяй далягляду, з боку Камянца, і з ім відавочна нешта адбывалася.
— Бачыце, як іграе?
— А і праўда — пераліваецца! — узрадавалася Тоня.
Яно, здавалася, распадалася на некалькі частак, якія ігралі і пераліваліся — кожная сама па сабе, а потым ізноў збіраліся разам, спалучаліся ў адно вялікае, прамяніста-радаснае кола.
Моладзь прыбіралася ў лепшае адзенне, усе чакалі той пары, калі сонца зойдзе за панскі лес і малочна-мглісты змрок абляжа зямлю, схавае ў сабе і кусты, і хаты, і асобныя дрэвы, і ўсю прускаўскую вуліцу разам з наваколлем. Тады ўгрэтая шчодрым сонцам зямля пачне вяртаць накопленае за дзень цяпло. Хлопцы і дзяўчаты, як звычайна, збяруцца на беразе Плісы, ля мастка, пад вербамі, а там ужо дамовяцца, што рабіць далей.
Дачакаўшыся вечара, Лявонка збольшага перакусіў, накінуў на плечы ясёнку і выйшаў на вуліцу, збіраючыся ісці да мастка, дзе вечарамі сыходзілася моладзь. Тоня, відаць, была ўжо там. Толькі што з свайго канца праз усю Пруску прайшоў Ламакаў Піліпко з гармоняю. Гарманіст з яго слабы, але трохі рыпае. Піліпко — худзенькі, нізенькі расточкам, з-за гармоні яго амаль не відаць, а побач з ім — высокі Гамон. Гамон спрабаваў прысвістваць і біць у бубен.
За імі прашпацыраваў Павал Гальяш. Ён таксама жыў з краю вёскі. Сёлета ён рыхтаваўся ў вучылішча. Гармоня (так тут называлі гармонік) і бубен уносілі вясёлую разнастайнасць у жыццё вёскі, збіралі народ, асабліва маладзейшых. Ля мастка цераз Плісу, на поплаве, ужо стаяла моладзь — свае, прускаўскія, і з суседніх вёсак. Прыйшлі па-святочнаму апранутыя. На зімовых вячорках весела было, але тут, ля мастка, яшчэ весялей. Па-заліхвацку расцягваў гармонік Піліпко.
— Добра грае! — пахваліла музыканта ўсмешлівая Гэлька Відэрка — Ганніна прыяцелька.
Дзяўчаты ўбраліся ў белыя вышываныя сарочкі, паласатыя, сваёй работы, спаднічкі, паверх якіх былі павязаны белыя, з вышыўкай фартушкі. Лявонка заўважыў Тоню, якая ўжо круцілася паміж дзяўчат.
На ваду насоўваўся лёгкі туман, ахутваючы нізкія берагі і пакручастае рэчышча Плісы.
Падышлі дзяўчаты з Выгнанкі — Галеня, Верка Гагалюк, Тапка Рудка, з Зінькоў — Жуфея. Таксама дзіўнае імя — невядома нават, адкуль такое магло ўзяцца. З ёю сяброўкі — Маня Конаўка і Шура Гаўрылюк, а з імі Оргій Маркаў — сын Марка Замагільнага. Праўда, знешне Оргій нічым не нагадваў бацьку, быў, як і ўсе, — звычайны чалавек.
Читать дальше