— А ім, каб ты ведала, дазволена красці,— прыпальваючы ад лучыны цыгарку, сказаў Міхаль.
— Хто гэта ім дазволіў?
— Хто? Як яшчэ Хрыста распіналі, дык падышоў да катаў гэтых цыган, украў цвік і неўзаметку схаваў за шчаку. Таму Бог дазволіў цыганам красці.
Усе павесялелі… Марыля пачала ўкладваць малую ў калыску.
Кузёмка ізноў вярнуўся да распачатай гаворкі:
— Аднака, пра цыганоў гэта не сур'ёзная размова… У Пісанні ўсё сказана. Прыйдзе Анціхрыст, лютаваць будзе.
— Няўжо?! — жахнулася гаспадыня.
— Адкуль жа ён прыйдзе? — пацікавіўся Кірыла.
— З затачэння, з-пад зямлі яго Бог выпусціць. Пакуль што ён там — за сямю пячацямі.
Кузёмка гаварыў з такой пераконлівасцю, як быццам ён сам быў гам, дзе сядзіць Антыхрыст, і бачыў усё на свае вочы.
— Каб як палепшыць чалавека — вось добра было б, — устрапянуўся дзівак.
— Не палепшыш, — скрушна матлянуў галавой Кірыла.
Усе задумаліся. Пры агульным маўчанні Міхаль падняўся
і пачаў апранацца.
— Куды ты? — занепакоілася Марыля. — Не пераймайся ўжо так.
— Хачу на неба глянуць.
І выйшаў, пра нешта думаючы.
Марыля ведала, што яго трывожыць, — Ясё…
Над Прускай, на фоне далёкіх зорак, свяціла поўня, узнімаючыся ўсё вышэй і вышэй над заснежанымі карчамі. Месячнае святло срэбрам клалася на саламяныя дахі хат, лазовыя агароджы, уснежаную зямлю. Пахла начным ветрам і холадам.
Радасна завіскатаў, замахаў хвастом Курцік, убачыўшы гаспадара. Міхаль вынес яму кавалак хлеба, а сам стаў пад страху і паглядзеў уверх, паўзіраўся ў месяц, у прывычна знаёмае аблічча на ім, што не то раўнадушна, не то добразычліва глядзела на зямлю. З хлява падаў голас Орлік — ціха заіржаў, пазнаўшы, відаць, гаспадара. За вёскай, здаецца на Дармідонтавым хутары, чуваць было, як на некага брахаў сабака. Пра што толькі не падумаецца чалавеку апоўначы пры месячным святле! Найболей даймала судовая справа, якая чакала яго наперадзе. «Дзе ж тых сведкаў дастаць? — думаў Міхаль. — І колькі ўсё каштаваць будзе? Пакуль той Кузёмкаў Страшны суд будзе, трэба гэты перажыць…»
Пазавуголлю паныла скавытаў вецер, быццам пра нешта хацеў сказаць ці папярэдзіць.
«І доўг трэба сплаціць… Клопаты, клопаты, клопаты… Сумная доля быць чалавекам… Але нічога, павінна ж некалі наладзіцца».
Справіўшы малую патрэбу, ён вярнуўся ў хату. Зачыніўшы за сабою дзверы, сказаў:
— Зор шмат, значыць, куры несціся будуць.
У хаце не змаўкала размова.
Кузёмка дрыжачым голасам працягваў сваю казань:
— Дык гэта яшчэ не ўсё — зняў ён шастую пячатку! Тады што — землятрус пачаўся, сонца пагасла, а месяц, паверце, чырвоным стаў, як кроў!
Расказчык аглядзеў прысутных, як бы бачыў іх упершыню.
— Зоры на зямлю пападалі, неба, як папера, згарнулася ў трубку, звілося ў адно, — Кузёмка рукамі паказаў, як гэта было ці магло быць, — а горы зрушылі са сваіх месцаў, дзе яны стаялі, і пайшлі-і…
— Так і напісана?
— Так яно і будзе! — не адступаў ад свайго Кузёмка. — Усе хавацца пачалі, але дзе ж схаваешся?
Прымоўклыя Кужалі з павагай пазіралі на прамоўцу, слухаючы, што ён такое кажа.
— Ад шуму коннікаў і стралкоў разбягуцца народы, уйдуць у пустыя лясы і ўзлезуць на скалы… У Пісанні напісана, — патлумачыў Кузёмка, — а што там напісана, тое споўніцца. Нішто жа глагола без прытчы, — сказана ў Пісанні. Прытча — штука разумная! Прыпавесць — па-нашаму…
Дзіўны чалавек гэты Кузёмка. Не без падстаў, відаць, ён падзяляў лёс усіх прарокаў і прадказальнікаў: яго ніхто не разумеў, а многія наогул лічылі, што ён з глузду з'ехаў.
Не раз Міхаль чуў, як Кузёмка размаўляў сам з сабою, нібы нешта абмяркоўваючы, або ціха смяяўся…
— Кузёмка гаворыць нібы прарок! — уражаная, падала голас гаспадыня.
— Я ўсё бачу, — не глянуўшы ў яе бок, адказаў госць і, склаўшы пальцы ў кулачок, камусьці пагразіў.
…Ад хаты да хаты хадзілі з «гвяздай». Падышлі і да Кужалёў. Ля акна пачуўся званок, і адразу ж загрымеў бубен.
— Добры вечар шаноўнаму гаспадару! Праздраўляем з Ражаством Хрыстовым! Спяваць ці не?
Кірыла глянуў у цемру за акном, перад якім шумеў хлапечы натоўп і ўжо стаяла прыгажуня-«гвязда». Унутры яе за прамасленай паперай зырка гарэла свечка.
— Спявайце!
Калядоўнікі пачалі:
— Я з сумой хадзіла
У горад Віфлеем
І была ў вярцепе,
І відала ў ем,
Как Хрыстос-Спасіцель
Цар, Тварэц і Бог —
Радзіўся ад Дзевы
І ляжыць, убог…
Хадзіць з «гвяздай» — стары звычай, які прыжыўся з часу уніяцтва. Прайшоў час, унію адмянілі, але многае засталося — і гэта «гвязда», і песня…
Читать дальше