Праз колькі дзён Лявонка ўжо працаваў самастойна — фармоўшчыкам. Абавязак фармоўшчыка — падносіць формы, класці ў іх керамічныя стрыжні і разліваць метал. Асаблівае майстэрства і дакладнасць патрабаваліся пры разліўцы металу. І марудзіць нельга, і паспець трэба — расплаўлены метал чакаць не будзе. Прускавец стараўся з усіх сіл. Дапамагаў напарнік — Дэн. Таксама імігрант з Еўропы, з Галандыі, здаецца.
— Гуд бой!.. [6] — Добры хлопец!.. (англ.)
— усміхнуўся нарэшце форман, агледзеўшы іх работу — атрыманыя балванкі.
Уменне і майстэрства даваліся не лёгка. Ён ужо ведаў, калі ў расплаўленым метале зашмат крэмнію. Калі зашмат, гэта — брак, і разліваць не варта. Здараецца, што таўшчыня ці шырыня балванкі парушаны ці шчыліна якая-небудзь закрадзецца. Тады таксама ў лом ці на пераплаўку. Адлітыя металічныя балванкі складалі на спецыяльныя падстаўкі, і не дай Бог, калі кантралёр знойдзе які-небудзь дэфект.
Даймала гарачыня. Валасы ў яго прыліпалі да лба. Час ад часу рабочыя аблівалі сябе вадой і пастаянна пілі піва, за якім пасылалі каго-небудзь у сталоўку. Па цэху насіліся скразнякі, і дах быў стары, з дзіркамі, не раўнуючы, як у хаце Масея Галёнкі.
Дзённая змена — з сямі раніцы да чатырох дня, вячэрняя — з чатырох да дванаццаці ночы. Адзін тыдзень — удзень, другі — уночы. Паўгадзіны — на абед. На ланч — пятнаццаць хвілін. Гэты час, Лявонка добра ведаў, святы для амерыканцаў. Уміналі свае сандвічы тут жа, у цэху. Чуўся гудок — зноў пара пачынаць работу. Абедаў ён у завадской сталоўцы: свіная катлета, шклянка кавы і кавалачак белага хлеба.
К канцу змены гарачыня ў ліцейны і кіслы, удушлівы пах жалеззя пазбаўлялі апошніх сіл. Трашчалі косці, балелі ногі і рукі і асабліва спіна. Потым боль адпускаў, але ад перанапружання цела было як драўлянае. Пасля змены ён вяртаўся чорны, увесь у копаці, змыўшы мазуту толькі з рук і твару. Кроў стомлена стукала ў скроні. Ніколі не думаў, што апынецца ў такім пекле.
Ад завадскіх варот да прыпынку даводзілася ісці яшчэ хвілін дзесяць. Ад пяці да сямі — час пік. Людзей на прыпынку звычайна аказвалася шмат, і яму ніякавата было перціся першым, таму ён саступаў сваю чаргу іншым, якія, як яму здавалася, спяшаліся больш, чым ён. У выніку ён часта спыняўся перад перапоўненым трамваем і вымушаны быў чакаць наступнага. У трамваі часцей стаяў, трымаючыся за скураныя парэнчы, каб захаваць раўнавагу і не штурхнуць каго-небудзь, хто знаходзіўся побач. Народу столькі, што ў трамваі, здаецца, прасядае падлога.
— Білеты! Білеты! — не перастаючы выкрыквае кандуктар.
Прускавец часам і не чуў яго голасу, засынаў тут жа ў трамваі, яго будзілі, і даводзілася вяртацца назад, на свой прыпынак. Аднойчы забаставалі былі трамвайныя служачыя, дык давялося дадому ісці пяшком.
Урэшце рэшт трапляў у свой сціплы пакойчык, які чакаў яго ў прыгарадзе Дэтройта, на кватэру да пані Джааны. Вярнуўшыся вечарам або раніцай дадому, распранаўся, напускаў у ванну гарачай вады, клаўся і адмакаў. Усё цела ныла і смылела ад стомы.
Заставаўся які тыдзень да Новага года. Пасля дзённай змены ён, як звычайна, вярнуўся дадому, прыняў ванну. Пасля ванны прагнуў толькі аднаго: нерухома ляжаць. Вячэраць не хацелася, і ён накіраваўся да ложка. Мімаходам зірнуў у невялічкае люстэрка, што вісела на праходзе. Адтуль на яго глянуў стомлены твар з чарнатой вакол ноздраў. Уелася, нават гарачая вада не дапамагала. І ўсё ж такі ванна падбадзёрыла, дадала сілы.
Гаспадыня чысціла бульбу.
— Давайце дапамагу, — прапанаваў прускавец.
— Гэта жаночая работа, — пасміхнулася Джаана.
«Бедная, мусіць, як і я, — падумаў ён, — але — дзіўна! — ніколі не паскардзіцца».
У другім такім жа пакойчыку жыў сусед. Ён сядзеў за сталом, трымаючы ў руках «Police Gazette». Дзверы ў пакой былі адчынены. Пад рудымі бухматымі бровамі пастаяльца міргалі пажаўцелыя вейкі. Ад скроней жаўцізна сплывала да носа, пераходзячы ў ластавінне на шчоках. У пакоі стаяў застарэлы пах тытунёвага чаду і перагару. Чалавек падняў галаву і пасміхнуўся. Лявонка таксама не стрымаў усмешкі. Пазнаёміліся. Сусед быў ірландцам, звалі яго Юджын Браян. Ён таксама плаціў чатыры даляры за тыдзень. Сёння ён, відаць было, крыху выпіў і, можа, ад гэтага быў празмерна камунікабельны. Тут жа, пры Лявонку, дастаў з-пад ложка фатаграфію нейкай жанчыны, паставіў на стол і пачаў уголас чымсьці яе дакараць, пагрозліва махаючы кулаком. Адклаўшы ў бок фатаграфію, стаў хваліцца сваёй мужчынскай сілай. Лявонка не адразу зразумеў, пра што ён гаворыць, але пасля ўсё ж такі ўцяміў.
Читать дальше