— Ну й гад жа ты! — акружалі і акружалі яго і Серафімавіча шчыльнай варожай сцяною вяскоўцы.— Ну, гэты прыхадзень-прыблуда,— зняважліва тыцкалі на Серафімавіча, які ад страху пазбавіўся мовы.— А каб ты-ы, Антосеў сын, так наглуміўся?! Вылюдак ты, а не сын! Сукін ты сын!..
Пакуль яны заняты былі, прабіралі пераважна Макара, напалоханая да паўсмерці Галя, якая разам з Нінай гэтаксама прачнуліся, прымчалі на крыкі, наблізілася да ачмурэлага ад страху мужа, пацянула за рукаў, і яны паціху, неўпрыкмет шмыгнулі за хату, потым — у хату. Макар краем вока заўважыў гэта, і яшчэ большы страх, нават жах ахапіў яго, з’явілася крыўднае, горкае пачуццё, што яго жорстка падманулі, яму подла здрадзілі, кінулі аднаго на суд раз'ятранага натоўпу. Падмогі цяпер чакаць няма ад каго...
— Ну-у, хлопцы, ну-у, што вы-ы... Дальбог жа, нейкі д’ябал паблытаў...
— Ты сам горшы за д’ябла...
Антосева ліпа з шапкай-буслянкай узвышалася не толькі над вёскай, але і над ўсёй ваколіцай. Адкуль, з якога б боку ні падыходзіў ці ні пад’язджаў, яна заўсёды ўзнікала-маячыла на даляглядзе, дазваляла амаль дакладна вызначаць, які кавалак дарогі застаецца праехаць ці пратэпаць пехам, пакуль з’явяцца франтоны і стрэхі хат. Антосева ліпа была тут мясцовай знакамітасцю, мо нават помнікам прыроды, хоць наўрад ці хто заносіў яе ў які-небудзь рэестр. У ранг знакамітасці яе можна залічыць, канечне ж, перш за ўсё таму, што была тут самая старая, самая высокая, з’яўлялася самым адметным арыенцірам і для людзей, і для птушак. Вучоныя людзі сцвярджаюць, што менавіта па такіх прыкметах-арыенцірах пракладваюць свае складаныя, іншы раз непадуладныя ніякай логіцы, трасы птушкі, летучы ў вырай і вяртаючыся, гнаныя спрадвечнымі інстынктамі, да сваіх родных краёў. Без гэтай ліпы нават цяжка было ўявіць сабе тутэйшы ландшафт, таму, вядома, раніцой кожнаму кінулася ў вочы, кожны здзіўлена задаваў пытанне самому сабе, любому стрэчнаму: што сталася, куды падзелася Антосева ліпа?
У вёсцы свой бяздротавы, безапаратны тэлеграф, і ўжо да сямі раніцы амаль усе ведалі, што адбылося ноччу на Антосевым пляцы. Калі ўсе гэтыя дні людзі ішлі да Антосевай сядзібы, каб памагчы хто як можа, развітацца з нябожчыкам, выказаць спачуванне дочкам, зяцям, Макару, унучкам, то зараз пацягнуліся невялікімі групкамі, у адзіночку, каб сваімі вачамі пабачыць, якое паскудства ўчынілі наследнікі, выказаць сваё абурзнне і асуджэнне.
Антосева хата нагадвала асаджаную крэпасць: дзверы былі зачынены на масіўную засоўку, вокны — на ўсе кручкі, старанна заштораны. Ледзьве стала віднець, як сюды сабраліся ўсе. Успаролі з сенавала нават Ігара, якога пасля выпіўкі не так проста ўспароць у такую рань. Ужо з шасці раніцы пайшлі людзі. Што толькі яны не гаварылі! Гаварылі так, што б было чутно ў хаце.
— На чорта вам была тая ліпа! — бубнеў, дакараючы Макара і Серафімавіча, Ігар. — Хоць бы ў мяне спыталіся, перш чым рабіць такую дурасць!
— Спытаешся ў цябе, калі насмактаўся свайго «чарніла» ды хроп, нібы рэактыўны самалёт, — абараняўся Макар. — А цяпер, бач, які разумны. Мо каб не хроп, то і мы спалі б...
Адчувалася, што яму і без Ігаравых папрокаў несалодка. Зараз ён гатовы быў вінаваціць усіх: і Ігара, і Серафімавіча, што не ўтрымаў, згадзіўся пілаваць, і Ніну, Галю, што не ўгледзілі, разлёгшыся, як пані, у Міколавай хаце, і нават д'ябла, які падбіў яго з Серафімавічам.
А пад вокнамі шумелі, крычалі, пагражалі парасквашваць нюхаўкі.
Перспектыва атрымаць па карку, канечне, не была выключана. Але не гэта больш за ўсё непакоіла. Гняло, наводзіла панічны страх іншае: ведаюць ці не ведаюць пра ўсё ў сельсавеце, у калгаснай канторы? О, каб не ведалі! Каб паспець аформіць, атрымаць грошы... А калі ведаюць? Дайшло калі? Што будзе? Як павернецца?.. І трэба ж было!.. І трэба ж было гэтай праклятай ліпе рухнуць на сад, паламаць гэтыя паршывыя яблыні! Канечне ж, будуць сароміць, чытаць мараль. Але каб толькі! Ад маралі ніхто не памёр, ад маралі карона не спадзе. Плакалі, пэўна, грошыкі. Рублёў трыста — чатырыста давядзецца яму выкінуць...
У Ніны, праўда, на гэты конт была свая думка, якую пакуль што хавала. Але калі настане час — маўчаць не будзе, адкрыта скажа: і мы-то тут пры чым? Макар з Серафіманічам натварылі — хай і расплочваюцца...
Але самым страшным здавалася: не дай бог уздумаць праводзіць расследаванне — клікаць міліцыю і сведак, складаць акт... Гэта значыць — давядзецца затрымацца... Перспектыва і, мяркуючы па ўсім, не такая ўжо нерэальная, затрымацца тут на суткі-двое, сядзець бязвылазна ў апастылелай нежылой хаце, нават спаць (не пойдзеш у такой сітуацыі да Міколы) у сценах, дзе яшчэ не выветрыўся дух нябожчыка, падсцілаць пад сябе лахманы, на якіх толькі што ляжаў ён, выклікала ва ўсіх панічны жах.
Читать дальше