Старшыню калгаса Макар і Серафімавіч у канторы не засталі — паехаў некуды па брыгадах, але сёе-тое важнае для сябе яны пранюхалі. Даведаліся, у прыватнасці, што заатэхнік Заўялаў, якога прыслалі сюды з раёна, ужо больш за паўгода сідзіць без кватэры. А гэта значыць, сітуацыя складваецца як нельга лепш: калгас не паскупіцца, каб забяспечыць свайго спецыяліста жыллём, і калі добра патаргавацца, цвёрда стаяць на сваім, тое-сёе можна мець...
Узрадваныя добрай весткай, кінуліся на машыне шукаць старшыню, ведаючы, што калі ён у гаспадарцы, а не на якой нарадзе ў раёне, то знайсці няма асаблівай цяжкасці: спытай у кожнага стрэчнага — падскажа, дзе шукаць.
Старшынёў «уазік» перахапілі па дарозе. Старшыня сам спыніўся, здагадаўшыся, хто яны і чаго ім трэба.
— А я збіраўся пад вечар заскочыць, — прызнаўся ён. — Думаў, ачомайцеся трохі ад бяды.
— Знаеце, заседжвацца нет кагда, — сказаў Серафімавіч. — Мы з жонкай сарваліся з санаторыя, нада ляцець назад у Крым. А ў Макара — работа, самі знаеце, як на сяле...
— Ладна, чакайце, ну-у... — паглядзеў на гадзіннік. — Гадзіны праз две будзем.
Як і абяцаў, роўна праз дзве гадзіны прыехаў сам і прывёз эканаміста, бухгалтара і яшчэ некалькіх чалавек. Прывітаўшыся, выказаў усім спачуванне, мовіў некалькі добрых слоў пра нябожчыка, агледзеўся і здзіўлена запытаў:
— А дзе ж Ганна?
— Не магла чакаць, — схлусіў Серафімавіч. — У яе там нейкая камісія з цэнтра. Нехта ананімку запусціў, народны кантроль трасе. Ведаеце, як сёння ананімшчык расперазаўся! Любую брыду напіша — і едуць камісіі, а ён насміхаецца з дурняў і зноў крэмзае. У вялікім фаворы зараз ананімшчык і кляўзнік. На любую яго брыду ставяць штэмпель з парадкавым нумарам — узводзяць у ранг важнага дакумента. Ого, якія сур'ёзныя арганізацыі, лічы, толькі тое і робяць, што правяраюць па дзесяць раз адно і тое ж, далікатна ўлагоджваюць розных прайдзісветаў! А ў вас яшчэ не завялося?
— Дзякаваць богу, пакуль што не надта, але ёсць тут ужо адзін,— скорагаворкай адказаў старшыня, даючы зразумець, што гэтая тэма яго зараз не надта цікавіць.— Шкада, што не ўдалося пабачыцца з Ганнай Антонаўнай. Цяпер калі яшчэ стрэнемся.
— Яна даручыла нам і ад яе імені... Дарэчы, прасіла кланяцца вам,— паляпаў старшыню па плячы Серафімавіч.— I казала, каб гэтае самае... вы па-боску.
— Ну, то якая ж ваша будзе цана? — спытаў старшыня, трохі шакіраваны гэтым недарэчмым паляпваннем.
— А ваша?
— Некалькі гадоў назад мы ўжо аглядалі, ацэньвалі. Чатыры тысячы — і ўся ёй цана.
— Не-е, даруйце...— рашуча запярэчыў Серафімавіч. 3 маўклівай згоды наследнікаў ён браў усю ініцыятыву на сябе.— Даруйце, мы гэтак не сыдземся. Я лепш аддам гэтыя чатыры тысячы і пакіну сабе на дачу.
— То якая ж ваша цана? — насцярожыўся старшыня.
— Мы тут параіліся, рашылі калектыўна,— упэўнена і салідна вёў торг Серафімавіч.— Сем тысяч — хата, дзве тысячы — прыбудовы і сад. Дзевяць тысяч — і ні капейкі меней. Гэта, дарэчы, па мінімуму, каб не таргавацца.
— I Ганна назвала такую суму? — не без іроніі пацікавіўся старшыня.
— Канечне! — не міргнуў вокам Серафімавіч. — А яна-то, згадзіцеся, ведае цану. Што тычыцца мяне асабіста, то я і аддаў бы яе... Але ёсць тут адна акалічнасць...
— Што за акалічнасць такая? —— недаверліва паглядзеў старшыня.
— Мы тут параіліся на сямейным вечы і рашылі пусціць грошы за хату, сад, прыбудовы на помнікі бацьку і маці. Так што зразумейце нас па-чалавечы...
— Гэта добра, што рашылі паставіць помнікі старым,— падабрэў і памякчэў голас у старшыні.— Але зразумейце і нас: не можам мы вам заплаціць гэтакую суму. Паглядзіце, хата зусім урасла ў зямлю, згнілі падрубы, павыпучвалі бёрны. На рамонт тысячы чатыры пойдзе. За такія грошы можна цагляны катэдж пабудаваць...
— Глядзіце самі...— з робленым расчараваннем развёў рукамі Серафімавіч.— Мы за бясцэнак не намераны прадаваць. Тым больш — няма Ганнінай згоды на меншую суму...
— Ладна, пяць тысяч! — падумаўшы, сказаў старшыня.— Гэта і на добрыя помнікі хопіць, і вам прыпадзе...
Невядома, ці размякчэла яго сэрца ад таго, што дзеці рашылі паставіць бацькам помнікі — не ўсе да гэтага дадумваюцца, ці не было выйсця з-за бескватэрнага заатэхніка Заўялава, ці мо проста палохала перспектыва займець яшчэ аднаго дачніка, але старшыня ўсё набаўляў і набаўляў. Падахвочаны яго ўступчывасцю, Серафімавіч упарта стаяў на сваім.
Таргаваліся доўга і зацята — за кожную паўсотню, за кожную дзесятку, за кожны рубель. Нарэшце, стаміўшыся, сышліся на сямі тысячах ста пяцідзесяці рублях.
Читать дальше