Віктар Марціновіч
СЦЮДЗЁНЫ ВЫРАЙ
.
Тэкст выдаецца ў электроннай форме. Ніякай іншай формы выдання не прадугледжана існай культурнай ды палітычнай сітуацыяй.
Дызайн вокладкі — Palasatka.
Аўтар выказвае шчырую падзяку Сяргею Шупу і Валянціну Акудовічу — першым чытачам рамана, заўвагі якіх дапамаглі ўдасканаліць яго.
Гэты тэкст цалкам з’яўляецца маёй выналезкай і не звязаны ні з воднай з вядомых аўтару формаў рэальнасці. Усе прозвішчы ды імёны ўзятыя з галавы. Любыя супадзенні з рэальнымі асобамі, краінамі, абрэвіятурамі ды займеннікамі — выпадковыя. Пад Беларуссю, апісанай у рамане, разумеецца ўяўная краіна, якая чымсьці нагадвае, а чымсьці не — тую Беларусь, у якой мы прачынаемся штораніцы.
Віктар Марціновіч
Гэты тэкст быў цяжкім выпрабаваннем для мяне, больш цяжкім за ўсё, напісанае дагэтуль. Пачаўшы бадзёра, з мехам стылістычных задумаў, прагай моўнай эквілібрыстыкі ды мігацення напаўпразрыстых сэнсаў, я спатыкнуўся ўжо на першым абзацы, які пісаў некалькі гадзінаў. Я быў паралізаваны моўным здранцвеннем, немагчымасцю выкласці нават простую думку так, каб яна трымцела ад напружанасці, марознае звонкасці (гэта так проста зрабіць па-руску!). З галавы не йшла парада Акудовіча: пішыце па-беларуску, каб спыніць занадта хуткі ў вас тэмп пісання, каб біцца за кожнае слоўца, кожны рытмічны прыпынак, вымяраючы ўсё з лінейкай. І — тое, што ў першы дзень падалося вар’яцтвам, у рэшце рэшт ператварылася ў працу нейкага іншага (вышэйшага? Хочацца думаць, што вышэйшага, чым раней, інакш — якога д’ябла!..) парадку. У новыя ўзаемаадносіны са словам. У новае разуменне пісання, калі ўзважаным ёсць кожны сказ, калі кожнае трэцяе слова прасканаванае ў слоўніку на лексічную адэкватнасць, металічныя прадметы ды выбуховыя рэчывы, здольныя знесці ўсю грацыю тэкставай пабудовы.
Я ведаю, што абіраючы мову (тут можна не ўдакладняць: «мова» па азначэнні ў нас адна, гэтаксама, як «ён» па азначэнні таксама адзіны, вельмі пэўны персанаж), я неабачліва звужаю патэнцыйную колькасць чытачоў гэтага тэкста да 300 чалавек — прадстаўнікоў нашай інтэлектуальнай эліты, аскепкаў некалі адной з самых адукаваных у Еўропе нацыяў, якія яшчэ цікавяцца тым, што адбываецца ў роднай літаратуры. Але ж, па-першае, 300 чалавек — ужо няблага. Па-другое, гэты тэкст у любым выпадку не зразумее ніхто па-за межамі беларускаці. Калі хочаце, гэта тэкст для чытання беларусамі . І, баюся, нават не ўсе беларусы здолеюць пабачыць падводныя ззянні сюжэта, бо ёсць сярод іх тая большасць, якую не скаланае ад безназоўнага займенніка «ён». Гэты тэкст — не для іх, давайце не будзем чапаць іх шчаслівую недасведчанасць. Зразумеюць хіба што тыя, хто чытае па-беларуску. Таму пададзеныя ніжэй словы можна ўспрымаць як закадзіраваны мэсадж, да якога прылеплены пароль — мова. Без паролю не дэшыфраваць. Тыя, хто маюць вочы, пабачаць. Астатнія мяне не цікавяць.
Разлічваючы на адзінак, я магу дазволіць сабе зрабіць гэты тэкст настолькі складаным, наколькі ён такім мае быць. Складаючы тэкст на мове, адрынаеш масавага чытача, які лезе ў кнігу пад гукі «Рускага радыё» па дарозе на дачу — даражэнькія, трымайцеся як мага далей ад гэтай кніжачкі, бо яна зруйнуе ваш мозг! Размаўляючы выключна з інтэлектуаламі, я набываю недасяжную раскошу не адказваць на пытанні: «Што азначае англамоўны эпіграф да трэцяй часткі, у чым палягае яго таямніца?». Ці — «што ж насамрэч адбылося і хто злодзей?». У свой час я апаліўся на занадта шматслоўных тлумачэннях да «Параноі» і больш не буду рабіць глупствы: гэтая прадмова — першае і апошняе тлумачэнне пра «Сцюдзёны вырай», публічна прамоўленае аўтарам.
Два словы пра мову — майго падзельніка, майго сааўтара, майго памочніка ды мой праклён (праклён таго мяне, які дагэтуль пісаў выключна па-руску). Вядома ж, узнікае пытанне — хто я, каб разважаць пра гэта? Сапраўды, ніхто. Сапраўды, не маю права. Аднак жа… У той беларускай мове, якую я меў падчас стварэння гэтай гісторыі, мне катастрафічна не хапала вытанчанасцяў. Часткова гэта абумоўлена тым, што я проста не валодаю адпаведнымі сінтаксічнасцямі, якія б дапамаглі выбудоўваць (хутчэй у гэтым выпадку — вымалёўваць, бо ўвесь час было ўражанне, нібы я ствараю нешта акварэльнае, з выкарыстаннем натуральнай беласці паперы як бялілаў) такі складаны сюжэт, у якім усё — не тое, чым падаецца на першы погляд.
Читать дальше