***
Усё гэта прыпомнілася Еве цяпер, і яна з жахам падумала, што Максім ведае не толькі пра іх размову, але і пра той недаравальны пацалунак. Ей было сорамна і горка ад думкі, што яна не здолела тады адштурхнуць Макара. А можа Максім нічога не ведае? Хіба ён цярпеў бы тыдзень? Даўно ўжо выказаў бы ёй сваё абурэнне. Пэўна, што не ведае. Гэта надало Еве храбрасці.
— I як табе не сорамна, — пачала яна наступаць на мужа. — Хіба я не працую так, як усе? Хіба я забараню людзям хадзіць у клуб. Ну і што, калі Макар аднаго разу зайшоў у чытальню...
— А-а-а, дык гэта праўда?.. А я не верыў. Ну, вось што, падавай заяву ды на ферму ідзі. У клубе табе рабіць няма чаго. А там ты на маіх вачах будзеш.
Можа яны яшчэ доўга спрачаліся б, каб не заявіўся Лёнька.
— Ну вось, — пачаў ён, — людзі чакаюць, а яны тут любошчы разводзяць. Зараз жа клуб ідзі адчыняць!..
— Ты хто? — пагрозліва запытаўся Максім. — Чаго крычыш? На каго крычыш?
— Гэта, Максім, наша справа, камсамольская. Табе тут утыркацца няма чаго. Нам трэба выхаваўчую работу праводзіць.
— Ну і праводзь... — Максім дастаў з шафы ключы, паклаў іх на стол. — Вось бяры і праводзь.
— Максімка... — ірванулася да ключоў Ева.
— Мы ўжо з табой вырашылі: пойдзеш на ферму, — спыніў яе Максімаў голас.
Лёнька ўзяў ключы, паклаў іх у кішэню, пастаяў крыху, потым пайшоў, але каля дзвярэй спыніўся.
— Думаеш, Максім, мы вось гэты факт без увагі пакінем? Не, брат, сваю камсамолку ў крыўду не дадзім. Раю табе забыць гэтыя феадальныя погляды на жанчыну.
— Як жэнішся, тады мы з табой паразмаўляем, — стрымліваючы сябе, сказаў Максім, — а пакуль рана табе пра сямейныя справы размовы весці.
Цяпер Лёнька не мог ужо адступіць. Ён вярнуўся ад дзвярэй, сеў на лаўку.
— Думаеш, што ты паразумнеў, калі жаніўся? Вось жа зусім не. Бадай нават аслеп ад шчасця. Хіба за цябе адважылася б каторая пайсці? Гэта толькі Ева такая храбрая, ды і любіць цябе, дурня.
— Ну, ты паасцерагайся, а то я магу выставіць...
— Не такі ты ўжо і грозны. Звычайны раўнівец. А ці ведаеш ты, Максім, што такое рэўнасць? — і, не даючы таму вымавіць слова, прадаўжаў: — Рэўнасць — гэта перажытак даўняга мінулага, самае дзікунскае пачуццё. Дзікун не мог аналізаваць чужыя ўчынкі і думкі, ды і ў сваіх дрэнна разбіраўся. Яму і здавалася, што ўсе робяць так, як ён. Калі ён, напрыклад, баязлівец, дык і ўсе такія. Калі ён разбэшчаны, дык і ўсе такія. Я не хачу цябе крыўдзіць, але атавізм у цябе ярка выражаны. Гэта, разумееш, такія адзнакі ў чалавека, якія паказваюць, што ён далёкі продак жывёлы.
— I чаго ты да Максіма прычапіўся, як сляпы да плота. Зусім ён не такі. I не таму, што раўнуе, у нас спрэчка вышла. Няма чаго табе, Лёнька, у сямейныя справы ўмешвацца. — Ева гаварыла горача і ўвесь час паглядала на Максіма.
— Не, я ўжо скончу думку. Ты вось кажаш, што ён не раўнівы. А я ведаю, што ў яго ўсё кіпіць у грудзях. А чаму? Бо сумленне ў яго не чыстае. Калі ён быў хлопцам, дык да дзяўчат адносіўся па-хамску. Вось ён і думае, што ўсе такія, як ён. Ён нават і не ўяўляе, што з дзяўчатамі можна шчыра дружыць. А ўрэшце атрымліваецца, што абражае ён толькі сябе. Так табе, Максім, і трэба: пакутуй цяпер за свае старыя грахі.
Максім такога не мог сцярпець.
— А ты адкуль ведаеш?.. У Евы запытайся, як я да дзяўчат адносіўся. Яна ведае. Ну, кажы...
— Дык ці ж я пайшла б за цябе замуж...
— Чуеш... Дык вось што... Каб у апошні раз чуў гэта. I не таму я супроць яе работы ў клубе, што раўную, а таму, што разам хачу працаваць, нароўні. Ясна табе?..
Максім наступаў, а Лёнька ўсміхаўся: дапёк-такі чалавеку. Нарэшце, Максім перастаў крычаць. Тады Лёнька паклаў перад Евай ключы, сказаў:
— Ну, пайшлі, а то людзі ўжо даўно чакаюць, а мы філасофствуем.
Ева зірнула на Максіма. Той зацята маўчаў. Яна ўзяла ключы, сказала:
— Я зараз вярнуся, Максімка.
Максім накінуў пінжак на плечы, моўчкі пайшоў з імі.
ІХ
Ворыва Балоння было намечана на сярэдзіну верасня. Перад гэтым у калгасе пабываў Сяльчонак. Разам з членамі праўлення і Львом Раманавічам ён агледзеў паплавы, адобрыў планы па іх паляпшэнню. Дзён праз тры пасля ад’езду Сяльчонка з калгаса да Канькова прыехаў дырэктар МТС. Старшыню калгаса ён знайшоў на полі.
— Што ж ты, Васіль Мацвеіч, скардзішся Сяльчонку. Можна было б ціха, мірна вырашыць, дык ты адразу ў райком... Дадзім табе трактары. Шкада мне іх, ці што?.. Калі думаеш пачынаць работы?
— Вось старэйшы, — паказаў Канькоў на Даміру, — у яго ўсе планы.
Даміра пасля той размовы з Каньковым акрыяў, развіў кіпучую дзейнасць. На праўленні яго вылучылі брыгадзірам лугаводаў. Па просьбе Евы ён узяў да сябе Максіма Шняка. Цяпер абое былі неразлучныя: разам ездзілі купляць насенне траў, разам намячалі планы ўздыму паплавоў.
Читать дальше