Але Ліпанава спакойна адказала:
— Прышлем. Калі мяркуеш вечар правесці? Дваццаць трэцяга? Добра, пішы аб’яву.
Ева спадзявалася, што Ліпанава забудзе і не прышле лектара. У апошнія дні работы ў Евы не паменшылася, а прыбавілася. Трэба было прыбраць на двары, падфарбаваць вокны, пабяліць печку. Прыезд лектара быў бы недарэчы.
Але, наперакор усяму, лектар прыехаў.
«Пачакаюць крыху, — думала Ева, гатуючы вячэру. — Вось толькі прыдзе Максім з работы, тады і адчыню клуб».
Пакуль Максім мыўся, вячэраў, дык зусім сцямнела. Праз адчыненае акно далятаў у хату далёкі гул. Гэта ля клуба шумела моладзь. Ева хуценька памыла талеркі, адзела сваё выхадное плацце. Максім курыў, назіраў за яе зборамі.
— Куды гэта ты? — запытаўся ён.
— У клуб. Сёння ж у нас лекцыя...
— Муж — на бакавую, а жонка — гуляць?
— Чаму, пойдзем са мной.
— А калі я замарыўся і ніякага ў мяне жадання ні да лекцый, ні да ганцаў няма.
Ева, збянтэжаная, церабіла матузок, на якім віселі ключы ад клуба.
— Але ж я грошы за гэта атрымліваю. Каб якія танцы, а то лекцыя...
— Ці не Макар Башукевіч гэтую лекцыю прачытае?
— Што ты!.. — задыхнулася Ева.
— А вось так... Спадзявалася, што я пра вашы спатканні нічога ведаць не буду. Памылілася.
— Максімка, пра што ты?..
— А пра тое, як на тым тыдні сустракалася ў клубе.
Толькі цяпер Ева здагадалася, што Максім і сапраўды ведае пра тую кароткую сустрэчу з Макарам, якая была з тыдзень назад.
***
...Макар два разы на тыдзень ездзіў у раённы цэнтр і нават у Віцебск, каб уладзіцца на работу. За месяц свайго цывільнага жыцця ён абышоў каля двух дзесяткаў розных устаноў, арцелей і фабрык, але ўсе прапановы прыходзіліся яму не да спадобы. Макар любіў сваё Закружжа, падзвінскія паплавы, неглыбокую, але рыбную рэчку Пітамку. Ніколі ён не пакінуў бы Закружжа, каб не здрада Евы, а яшчэ больш замужжа маці.
Аднаго разу ён ішоў паўз клуб. Дзверы былі адчынены, і Макар насуперак цвёрдаму намеру ніколі не сустракацца з Евай, заглянуў у бібліятэку. Ева складала план работы на месяц. Пачуўшы гулкія ў пустым клубе крокі, яна прыўзняла галаву, пачырванела. Абое былі збянтэжаны, адчувалі сябе няёмка. Макар ужо раскайваўся, што зайшоў. Хіба будзе лягчэй на сэрцы ад размовы? І ўсё ж ён стаяў: нейкая ўладная сіла ўтрымлівала яго тут.
— Добры дзень, Ева, — нарэшце сказаў ён. Ева ледзь чутна адказала на прывітанне. — Зайшоў вось паглядзець, як ты працуеш. Не сумна табе?
— Не.
— На полі весялей, там людзі.
— Тут таксама людзі бываюць.
— Хіба такія, як я, каму няма чаго рабіць... — Макар горка ўсміхнуўся.— Ну, як ты жывеш? Кажуць, што з цябе неблатая жонка атрымалася,
Размова ніяк не клеілася. Абое гаварылі непатрэбныя, пустыя словы.
— Мне трэба дамоў ісці, — раптам сказала Ева.
— Баішся?
— Каго?
— Максіма... А можа мяне?
— Нікога я не баюся. А толькі не выпадае мне з табой сам-на-сам размаўляць.
— Можаш не размаўляць. А вось, як чытача, абавязана абслугоўваць,— у голасе Макара чуліся здзеклівыя ноткі.— Дай мне камплект «Аганька», пачытаю.
— У другі раз, Макар. Хутка Максім прыдзе, і мне трэба быць дома.
— Бібліятэка павінна зараз працаваць ці не? Ну, дык, раз адкрыта, няма чаго замыкаць яе.
Макар сеў за стол, узяў у рукі стары часопіс, пачаў гартаць, не спускаючы вачэй з Евы.
— Макар, я прашу цябе, ідзі, — Ева ледзь стрымлівала слёзы. — Помсціш мне? Дык жа сам вінаваты, а не я.
— Сам? — ускіпеў Макар. — Клялася, а потым выраклася.
Ева маўчала. Ды і што яна магла сказаць. Атрымалася, вядома, не зусім добра. Толькі ў жыцці часта так бывае і ці ж вінавата яна, што пакахала Максіма. Каб быў бліжэй Макар, усё было б інакш. «А можа тады ён здрадзіў бы мне», — падумала Ева, і гэтая кволая надзея на апраўданне крыху падвесяліла яе.
— Знойдзеш ты, Макар, сабе дзяўчыну, ды яшчэ лепшую за мяне.
Макар хацеў адказаць, што яму ніхто не патрэбны, апрача Евы, але сказаў зусім іншае:
— Ды ўжо ж халасцяком не застануся, — ён шпурнуў часопіс, прыўзняўся. — Можа хоць да хаты правяду.
— Што ты... — спалохалася Ева.
— Не бойся, разбіваць вашае жыццё не буду.
Да парога яны ішлі разам. Потым Ева папрасіла:
— Макарок, родны, не хадзі за мной. Ну, дрэнна я зрабіла, палай мяне, хочаш, нават пабі, але не хадзі. Люблю я яго.
— А мяне не?
— I ты добры, абодва добрыя, але ён лепшы.
Макар усміхнуўся, працягнуў руку.
— Назаўсёды, значыць, бывай...
Ева схавала рукі за спіну, баялася падаць іх Макару. Тады ён абха піў яе за плечы, пацалаваў і, перш чым яна паспела апамятацца, выбег з клуба.
Читать дальше