Хлопцы ішлі па лясной дарожцы і разважалі, што магло здарыцца з фашысцкім самалётам, які рабіў вымушаную пасадку на полі. Адны сцвярджалі, што раптам у маторы штосьці сапсавалася, другія лічылі, што самалёты вярталіся з паветранага бою, і гэты, што ўпаў, быў падбіты. Таму што нашы бамбавікі робяць глыбокія налёты на варожыя аб'екты не толькі ўначы, але і ўдзень. Звычайна яны ляцяць пад прыкрыццём знішчальнікаў. Аб гэтым нядаўна пісалі і ў брыгаднай газеце. Валодзя схіляўся да думкі тых, хто сцвярджаў, што самалёт быў падбіты. Другі нямецкі лётчык, напэўна, ведаў пра гэта і суправаджаў свайго напарніка.
Партызаны ўвайшлі ў вёску. Быў абедзенны час, і на вуліцы ані душы. Спыніліся каля Валодзевай хаты і параіліся, куды хто пойдзе. Раней заходзіла група ў вёску, дык пра гэта гутарка не вялася, бо ўсе былі тутэйшымі. А цяпер яна больш як на палавіну абнавілася. Чацвёрка хлопцаў загінула, і Зіна ўжо не партызанка.
Валодзя адчыніў веснічкі і пайшоў. Кабыла, што стаяла пад павеццю, пачуўшы голас свайго гаспадара, заржала. Валодзя як толькі пераступіў парог, адразу ж запытаў:
- Мама, кабыла, напэўна, не поеная стаіць?
- Што ты, сынок, я сама вядро вады занесла, і яна выпіла, - трымаючы лыжку ў руцэ, сказала маці. - Якраз на абед, сядай, сынок.
- Цешча яшчэ жывая, - пажартаваў Валодзя, паставіў у кутку аўтамат і памыў рукі.
- Цешчы будуць, быў бы ты цэлы, - сказала маці.
Валодзя пацалаваў маленькага браціка, які сядзеў за сталом побач з сястрычкай, і адказаў маці, што нічога страшнага няма, расце падмена. Маці не любіла слухаць такія размовы. Яна чакала, што хутка атрымае ліст з фронту ад бацькі, і хацела, каб жывы быў і сын. О, якія маці гэтага не жадалі, яны нават навучыліся маліцца, чаго раней не ўмелі рабіць.
- Кажуць, што таго здрадніка, які палонных у Слабадзе прадаў, забілі, і невядома хто. А яшчэ ходзяць чуткі, што гэта быў Зінін муж, - напаўголаса гаварыла маці Валодзю.
- Праўду кажуць, зямля слыхам жыве. Адкуль гэта ўсё вам вядома?
- Тут жа былі партызаны, яны гаварылі.
Валодзя змоўк, у яго з'явілася думка схадзіць да Зіны. Яна, напэўна, таксама ведае пра гэтыя чуткі. Цікава хлопцу, як рэагуе яна на іх. Ён устаў з-за стала, прайшоў у другі пакой і агледзеў сябе ў люстэрка.
- Мама, а дзе ж наш дзядуля?
- Пайшоў голле дубовае церабіць, дроў мала, сынок.
- Я пайду, - сказаў Валодзя і накіраваўся да дзвярэй.
- Куды?
- Ды куды-небудзь прайду, - не прызнаўся Валодзя маці.
Але па адказу сына маці здагадвалася, што ці не да Зіны ён накіроўваецца, і запытала:
- Што адказваць хлопцам?
- Скажаш, што хутка вярнуся.
Не без хвалявання ўвайшоў Валодзя ў Зініну хату. У пярэднім пакоі нікога не было, ён пастукаў у дзверы другога.
- Заходзьце, - пачуўся голас.
Хлопец адчыніў дзверы, зрабіў крок і стаў.
- Можна? - запытаў ён.
Зіна сядзела на ложку і штосьці шыла. Яна глянула на Валодзю, уторкнула іголку ў паркаль і схавала яго пад падушку.
- Можна, - кволым голасам адказала Зіна.
Валодзя паставіў аўтамат ля дзвярэй, прайшоў па пакоі і сеў на крэсла. Хвіліну было маўчанне, а потым хлопец запытаў:
- Што ты шыеш?
Зіна апусціла галаву, глыбока ўздыхнула і маўчала. Не прызнавацца ж ёй, што шые распашонку.
Валодзю здалося, што Зіна глытае не сліну, а слёзы, і ён зразумеў, што пытанне яго з'явілася зачэпкай не для звычайнай размовы, а закранула нешта больш сур'ёзнае. Хлопец не ведаў, што гаварыць далей. Запытаць, як жыццё, дык яно відаць, паглядзеўшы на яе. Зіне ўжо было цяжка хадзіць. І хлопец маўчаў. Зіна ўзяла з кішэні халата хустачку, выцерла вочы, нос і сказала:
- Валодзя, навошта ты зайшоў?
- Я не разумею цябе.
- Не трэба да мяне заходзіць.
- Чаму, ты ж была наша партызанка, а мая сяброўка.
- Гэта ўсё было, але нібы ў сне. Я цябе неяк убачыла з Валяй і з таго часу вось ляжу, не хачу выходзіць на вуліцу.
- Раней выходзіла, таму што лічыла мяне забітым?
- Так, лягчэй было.
- Я ніколі не думаў, што ў цябе такі характар.
- Дык чаму я сама сябе забіла, а ты жывеш?
- Ты ж таксама жывеш, а чаму маёй смерцю задаволена была?
- Неаднолькавыя задавальненні ёсць. Напрыклад, я задаволена, што забілі Шабліна. Калі б ён нават не быў здраднікам, усё роўна такому агіднаму чалавеку на зямлі нельга жыць. Вось... А ёсць задавальненне іншае, яно роўна самагубству. Гэта, калі хочаш, каб чалавек не думаў, нічога не бачыў, а спаў вечным сном. Я шкадавала тады цябе, мяне гад той нават пабіў за гэта. І вось цяпер перадумала і жадаю табе ўсяго добрага, але хачу, каб ты з'ехаў куды-небудзь далёка-далёка. А так мне сорамна жыць.
Читать дальше