- Павінна быць пары дзве нямецкіх.
- Мне ўсё роўна, няхай хоць і турэцкія. А то вось бачыш. - Шаблін выставіў уперад нагу з абплеценым лазою ботам.
- Добра, пайду і скажу, няхай прынясе.
- Пазней мы зноў сустрэнемся і пагаворым.
Камандзір узвода пайшоў, а Шаблін сеў за стол і прагна еў суп.
Зіна сядзела на ложку моўчкі, а потым сказала:
- У цябе ж спытае камандзір атрада, пры якіх абставінах загінулі людзі. Ды трое ж параненых. Сапраўды, такія страты рота можа панесці тады, калі трапіць сама на засаду.
- Дыверсантка-стратэг мне знайшлася. Будзеш у такія справы ўлазіць, дык я зноў у групу адпраўлю.
Зіна не імкнулася папракнуць мужа, а хацела, каб ён падрыхтаваўся да адказу. Яна ведала, як разбіралі кожную баявую аперацыю групы, у якой быў хто-небудзь забіты або паранены. І цяпер яе ахапіла горкая крыўда. Зіна заплакала і лягла на нары.
- Навошта мяне было браць адтуль? Што я цябе прасіла, скажы? - хліпаючы, гаварыла Зіна.
- Я думаю, быў бы Валодзя, дык цябе ніхто б не забраў адтуль, нават камбрыг.
- Так, ніхто б і не лез да нас.
- Пагэтаму ты галосіш?
- Так.
У зямлянку зайшоў старшына, трымаючы перад сабой дзве пары ботаў.
- Калі ласка, прымерайце.
- Пакінь, я выберу. Разведчыкі там не вярнуліся?
- Прыйшлі, таварыш камандзір. Гавораць, што пахавалі яшчэ двух партызан.
- Пакліч да мяне Верабейчыка і ўзводных.
- Ёсць! - сказаў старшына, павярнуўся і пайшоў.
Нягледзячы на тое, што Шаблін так успрыняў заўвагу Зіны наконт страт, усё ж ён задумаўся. І размову зараз павядзе з ротным начальствам толькі ў напрамку сённяшніх падзей. Усе яны старыя партызаны, і Шаблін зразумее па іх паводзінах і выказваннях, як расцэняць іх баявую аперацыю ў штабе атрада і брыгады. Напэўна, прызначылі Шабліна на пасаду камандзіра роты з большымі надзеямі на яго камандзірскія здольнасці, чым ён іх выявіў. Як-ніяк Шаблін прайшоў вялікую вайсковую школу: ад салдата да камандзіра ўзвода, палітрука роты. Нават не кожны партызанскі атрад мае такога камандзіра. А вось баявых удач у роце, якой камандуе Шаблін, пакуль што няма. З усіх рот атрада ў Шабліна стаў меншым лік узарваных эшалонаў, а страт больш. Сказаць, што Шаблін сядзіць каля маладой жонкі і не думае пра баявыя дзеянні роты, а толькі капае ямкі і будуе шпіталь, дык не. Ён ірвецца ў бой і імкнецца, каб у дзеянне была ўведзена значная частка роты, але не атрымліваецца. Ён ужо сёння падумаў, што дарэмна разам з ротай пайшоў у засаду. Не было б яго там, мог бы і разумныя заўвагі зрабіць каму-небудзь. А так, каму што скажаш? Хаця, трэба зрабіць адчувальны ўкол камандзіру разведкі. Каб не далажылі з сакрэтнага паста, ніхто б і не ведаў, што побач прайшлі гітлераўцы.
Як толькі ў зямлянку ўвайшлі камандзіры, Шаблін запрасіў іх сесці і адразу ж зрабіў папрок Верабейчыку:
- Цяпер зразумелі, таварышы, якія мы сляпыя сталі з-за бяздзейнасці разведчыкаў?
- Чым жа нашы разведчыкі вочы завязалі нам? - адразу запытаў Верабейчык.
- Няўжо вы думаеце, што сённяшняя няўдача не ляжыць на сумленні разведкі?
- Мне здаецца, што з вамі разам у разведку іменна разведчык і ездзіў.
- А вы гэта лічыце сваёй заслугай?
- Не, навошта мне чужая слава? Тым болей сённяшняга дня.
Пінчук непрыкметна для іншых штурхнуў Верабейчыка ў бок, даўшы зразумець, што так размаўляць з камандзірам нельга.
У Верабейчыка было, як кажуць, у крыві гаварыць у вочы праўду. Малады, гарачы, адзін з першых партызан, ён не любіў людзей, якія перад начальствам рабіліся бяздумнымі пешкамі. Калі ты воін, казаў Верабейчык, ты заўсёды павінен быць ім і думаць, як перамагчы ворага.
Камандзір разведкі пачаў зноў:
- Трэба прама сказаць, што сённяшняя засада была зроблена бяздарна.
- Па чыёй віне?
- Вы там былі, вам лепш відаць. Можна згадзіцца, калі гэта будзе наша адзіная памылка. А калі і ў далейшым мы будзем так падстаўляць сябе на забойства, тады такое недаравальна.
- Вы хочаце сказаць, што мы знарок роту падставілі ворагу? Дык мы тут агульна абмяркоўвалі план засады.
Маленькія вочы Шабліна свідравалі то Бізунка, то Пінчука. Бізунок апусціў галаву, і па яго твары нельга было пазнаць, згодзен ён ці не згодзен. А Пінчук глядзеў у вочы Шабліну, і было зразумела, што ён падтрымлівае яго.
- Чаму ж, таварыш Верабейчык, разведка не прапануе нам аб'екты, дзе можна было б больш удалыя аперацыі правесці? - не супакойваўся Шаблін.
- Гэта ўжо іншая тэма. Сёння можна было знішчыць многа гітлераўцаў, узяць трафеі і не мець страт з нашага боку.
Читать дальше