— Слухай, Сяргей, мы — мужчыны…
— Мужчыны? — злосна прашаптаў ён у адказ i рэзка нахіліўся, як бы намерваючыся схапіць за грудзі.— Мужчыны! Я ўсё магу зразумець. Пакахалі адно аднаго — чорт з вамі, на дуэль я не выклікаў бы. Але так пазладзейску хавацца, хлусіць, каб да апошняга моманту ні адзін чадавек не здагадваўся… Гэтага я не разумею… Вы растапталі маю веру ў чалавечую шчырасць! А я лічыў вас сапраўднымі людзьмі… Ды што з вамі гаварыць! — Ён адступіў яшчэ на крок, як бы не давяраючы сам сабе. — Ды, калі хочаш ведаць, я i ў каханне ваша не веру! Вялікае каханне нельга хаваць! Яно павінна вырвацца, як полымя пажару…
— Яно i вырвалася.
Сяргей змоўк i хутка пайшоў да трактара. Лемяшэвіч рушыў следам.
— Яно вырвалася…
Трактар нарэшце завялі, i ён натужліва завыў, узбіраючыся па мокрым пяску. на ўзгорак, i заглушыў словы Лемяшэвіча.
— Вось так буду ляжаць да вечара i не паварушуся! — абвясціў Валодзя Полаз, расцягнуўшыся на мурагу зарослай сцежкі ў школьным садзе, — Цішыня. Чуеце, недзе пчолы звіняць? Пчолам трэба звінець, яны збіраюць мёд. Воблачкі вунь. Плывіце, збірайцеся ў хмары — палям трэба дождж. Сонца смаліць, ажно дыхаць цяжка. Гэта яго абавязак — яно дае жыццё ўсім i ўсяму i ў тым ліку мне, гультаю, які напісаў сачыненне на тройку. Так, Лявон? Маўчыш? Правільна робіш. Хопіць хвалявацца? Хоць якія ў цябе хваляванні? У цябе адны пяцёркі… Але ўсё роўна, i ты маеш права адпачыць душой i целам. Давайце ляжаць і маўчаць да вечара. Маўчаць! Чаго стракочуць гэтыя сарокі? Што іх хвалюе? Пятро, паглядзі. Маўчыцё, гады? Ну і ліха з вамі! Думаеце, я не варушуся? Таксама маўчу.
Крыху воддаль, пад іншымі дрэвамі, ляжалі яго сябры i сапраўды маўчалі, толькі ўсміхаліся з яго слоў. Каля будана двое хлопцаў гулялі ў шахматы. А на сцежцы каля Крыніцы хадзіў з Кацяй Павел Варанец і, магчыма, чытаў ёй уласныя вершы ці пасвячаў у таямніцы найпрыгажэйшага з чалавечых пачуццяў. У апошні час ён пасмялеў, пасталеў i бясконца расказваў дзяўчатам пра каханне, даводзйчы вялікую сілу i прыгажосць гэтага пачуцця прыкладамі з класічнай літаратуры.
Ішоў апошні экзамен — па беларускай літаратуры. Здавалі апошнія вучні. А таму ніхто ўжо не хваляваўся i не перажываў за сяброў: здадуць, тым больш што перад камісіяй засталіся моцныя выпускнікі. Праўда, дзяўчаты чакалі вынікаў у двары, на санцапёку, сядзелі на вынесеных з класа партах i выказвалі адна адной свой страх перад будучыняй. Усім хацелася паступіць у інстытуты, але не ўсе былі ўпэўнены, што жаданне ix здзейсніцца.
Школа, з якой яны выходзілі ў шырокі невядомы прастор, стаяла пустая i сумна глядзела на сваіх выхаванцаў адчыненымі насцеж вокнамі. Толькі вокны дырэктарскай кватэры смяяліся: ласкава калыхаліся прыгожыя гардзіны, гарэлі кветкі руж i герані на падаконніках. Дзяўчат цягнула заглянуць у гэты прыгожы куток чужога жыцця.
— А прыемна вось так ляжаць i ні пра што не думаць…
— І маўчаць! — дадаў Лявон з іроніяй.
— І маўчаць, — згадзіўся Валодзя. — Будзе Лемяшэвіч клікаць, каб віншаваць, — не пайду. Ён шчаслівы — у яго жонка прыгожая. A ў мяне тройка па рускай…
Але ён падхапіўся першы, як толькі дзяўчаты ў двары зашумелі.
— Пайшлі, хлопцы. Здаецца, усё. Хіба тут паляжыш спакойна?
Дзяўчаты абнімалі Раю, якая здала апошняй, i толькі цяпер віншавалі адна адну, толькі цяпер, забыўшыся i на тыя цяжкасці, якія адышлі ў мінулае, i на тыя, якія чакаюць ix наперадзе, бурна выражалі сваю радасць.
З саду ляніва i паважна выходзілі хлопцы, як сапраўды ўжо сталыя людзі. Абвясцілі вынікі. Лемяшэвіч павіншаваў выпускнікоў. Доўга, шумна i весела дамаўляліся наконт правядзення выпускнога вечара. A калі выйшлі на вуліцу i глянулі на школу, то зноў усім стала сумна, i яны спыніліся, як бы жадаючы запытаць адзін аднаго: а што далей?
Рая прапанавала:
— Хлопцы, дзяўчаткі! Давайце наведаем Данілу Платонавіча!
Усе горача падтрымалі i нават адчулі сябе няёмка: як гэта яны забыліся ў хваляваннях i радасці пра свайго старога хворага настаўніка. Тым больш недаравальна, што сёння яны здавалі яго прадмет, які ён выкладаў з такой бязмежнай любоўю.
Даніла ПлаТонавіч цяжка хварэў ужо тры месяцы. Цяпер старому стала крыху лепш, i Наталля Пятроўна дазволіла яму выходзіць у цёплыя дні ў сад, быць сярод сваіх вулляў, якія пад яго кіраўніцтвам даглядалі Вольга Калінаўна i Лемяшэвіч.
Даніла Платонавіч сядзеў пад разгалістай грушай у старым крэсле, накрыўшы свае хворыя рэўматычныя ногі цёплай коўдрай, i драмаў. Бабуля Наста ўбачыла вучняў, сказала:
Читать дальше