— Адольф!
Саўка адчуў, што сілы болей не хопіць, не вытрымае, і ён здаўся.
· · · · · · · · · · · · · · · · · ·
Тры фурманкі на добрых конях, запрэжаных у шырокія прасторныя сані, шпарка шыбуюць ляснымі дарогамі і гацямі паміж балот. У санях сядзяць незнаёмыя людзі, відаць, здалёк. На трох фурманках іх трынаццаць чалавек. I народ усё крэпкі, малады, здаровы, як на падбор.
Па віду яны фальваркоўцы, сярэдняй рукі абываталі. I трымаюць сябе шляхетна, паважна. Куды яны едуць? Ці не ў госці ў які-небудзь хутар?
Цікава толькі, што едуць адны мужчыны. Але ноч закрывае іх сваёю цемраю ад погляду цікаўных. Хіба толькі рэдкі падарожны, запазніўшыся ў дарозе, правядзе іх дапытлівымі вачыма, сышоўшы набок, ды сам сябе запытае: "Што гэта за людзі?" I ніяк не дагадаецца, што гэтыя людзі — пераапранутыя агенты польскай контрразведкі, што на пярэдняй фурманцы сядзіць Саўка Мільгун і паказвае дарогу ў той лес, дзе знайшоў сабе схоў і прыпынак выгнаны з дому Талаш, як не дагадваецца і Саўка, што там у лесе яго ўжо чакаюць разам з "гасцямі".
Не дужа добра пачувае сябе Саўка, і не таму, што яго моцна набілі войтавы прыяцелі і аддалі ў рукі гэтых катаў, не таму, што яго катавалі, расцягвалі яму жылы і косці, а таму, што волю яго, упартасць, зацятасць зламалі і прымусілі рабіць так, як ім было трэба. Саўка хацеў паквітацца з войтам і яго прыяцелямі, парваць з імі кантракт і адступіцца ад той бруднай ролі, на якую падбілі яго. Але сталася не гэтак. Гадка, паршыва павярнулася справа, і страшна Саўку таго лесу, салаша таго, дзе ён гутарыў з дзедам. I сам дзед Талаш у вачах стаіць, а ў вушах гучаць яго словы: "Трымай язык за зубамі". I Саўка хацеў трымаць за зубамі язык — не таму, што так казаў дзед Талаш, не — ён проста сам жахнуўся агіднасці той справы, за якую ўзяўся так легкадумна. А можа, там нікога не будзе? Вось было б добра, каб там быў пусты салаш! Рыжы нічога не зробіць з ім, калі салаш знойдуць пусты: не прывязаць жа было Саўку дзеда Талаша. А сляды яго нойдуць. Саўка не думае, што будзе далей, калі вернуцца з лесу. Не думае нават і аб тым, што ён — нявольнік, што з яго рук не зняты наручнікі: іх знімуць тады, калі Саўка пакажа салаш, дзе прытуліліся небяспечныя канаводы паўстанцаў, — так яму абяцалі. Ды Саўка і не верыць ім.
Але цяпер за кожным яго рухам пільна сочаць дзве пары вачэй. Дзве рукі трымаюць напагатове рэвальверы. Варта Саўку толькі паварушыцца чутачку мацней, як гэта трэба, або падаць голас людзям, што ён — нявольнік, каб яго тут жа застрэлілі, як сабаку. А можа, усё ж папрабаваць у лесе даць драла? Ноч, лес, глухмень. Авось вырвецца, уцячэ?..
Пагана адчувае сябе Саўка, а ўсё таму, што не дадумвае сваіх думак, робіць на авось, пакладаючыся на шчаслівы выпадак. Страшна Саўку таго лесу. Не, не лесу; страшней за ўсё суд людскі. А лес гэты ўжо блізка. Зараз дарога скончыцца — трэба ісці пехатой.
Пярэдняя фурманка спыняецца. Дзве другія пад'язджаюць усутыч і таксама спыняюцца. Тры кіламетры адлегласці да таго месца, дзе стаіць салаш, схоў і прыпынак старога атамана, яго сына і памочніка яго, Мартына Рыля. Рэй вядзе рыжы.
— Да зброі! — ціха камандуе ён.
Шпікі і агенты скідаюць маскарад, бяруць карабіны, рэвальверы, закладаюць патроны і вылазяць з саней. Зрушваюцца з месца, ідуць расцягнутым ланцугом адзін за адным вузкаю лясною дарожкаю. Паперадзе Саўка і два яго канваіры. Яго не спускаюць з вока, не выпускаюць з рук. Ідуць як мага ціха, ступаюць асцярожна, каб не рабіць шуму. А лес, апавіты цемраю, чутка ловіць кожны неасцярожны гук, кожны шолах. Лес маўчыць глуха, зацята, знямела. Здаецца — пуста ў ім, бязлюдна і мёртва. Але гэта толькі відомасць цішыні і амярцвення. У гэтай глухой зацятасці начной цемры лесу шнуруюць, як цені, невідомыя людзі, прабіваючы яе вачыма. Яны ўжо ведаюць — вораг у лесе, смяртэльны іх вораг, ад якога няма ім літасці. Яны падлічваюць яго сілу, шэптам перадаюць па густому кругу людзей аб здабытых пра ворага вестках і звужаюць сваё кола.
А вораг набліжаецца. Саўкавы вочы трывожна, неспакойна ўглядаюцца ў цемру лесу, у той бок, дзе стаіць салаш. Крадуцца ўжо з гадзіну. Салаш павінен быць блізка. I раптам — блісь у лесе агеньчык. Агеньчык мігае, як воўчае вока, у начной цемры, пад навіссю лесу. Эх, стары, стары! Сам дапамагаеш ворагу, палягчаеш задачу яму. Саўка дрыжыць, як у ліхаманцы, рукі яго трасуцца.
— Тут! — шэпча канвойнікам і паказвае на маленькую баязлівую чырвоную плямку.
Запыняюцца.
Саўка і два яго канвойнікі застаюцца ззаду. Саўкава місія, паганая, здрадніцкая місія, скончана. А дзесяць чалавек пад камандаго рыжага ідуць далей, разыходзяцца кругам, здалёку абхватваюць гэтым кругам салаш і лагодны мірны агеньчык каля яго. Марудна, да болю напружана праходзяць хвіліны, доўгія, тамлівыя. У меру таго як звужваецца каля салаша кола, насоўваюцца канвойнікі, падштурхваюць Саўку — ногі не хочуць служыць яму, дранцвеюць. Салаш ужо блізка, аточан шчыльна, безнадзейна для тых, хто знайшоў сабе ў ім схоў і адпачынак.
Читать дальше