— Лаві, лаві яго! Каравул! — крычалі яны і гналіся за Саўкам, і гэты крык, як лямант роспачы, дрыгацеў у зацятай цемрадзі палескай ночы, будзячы і трывожачы заснуўшых сабак.
Саўка напэўна ўцёк бы, калі б за ім не пагналіся разам з гаспадарамі сабакі. Яго нагналі і аглушылі калом, звалілі з ног, білі і мялі, а потым чуць жывога прывалаклі ў хату, дзе ў гэты час войту прамывалі і завязвалі рану. Рана аказалася неглыбокая і не дужа страшная, хоць нож і задзеў яму край печані, і войт знайшоў у сабе сілы, каб аддаць распараджэнне даставіць Саўку куды трэба і перадаць там, што Саўка меў зносіны з паўстанцамі. Хай учыняць яму належны допыт: Саўка ведае, дзе хаваюцца паўстанцы.
Для польскай контрразведкі Саўка Мільгун прадстаўляў дужа цікавую і дужа патрэбную знаходку. Вось чаму, калі там даведаліся, хто такі Саўка, куды і для чаго ён хадзіў і для якой ролі быў прызначан, кіраўнікі контрразведкі зрабілі экстраную нараду і пастанавілі зараз жа ўчыніць Саўку допыт, ужыўшы ўсе спосабы на тое, каб дабіцца ад яго патрэбнага паказання. Саўку надзелі наручнікі, абкружылі яго моцным канвоем і прывялі ў пакой допытаў.
Калі Саўка акінуў вокам гэты пакой з яго дзіўным абсталяваннем і з яго прыладамі, аб прызначэнні якіх ён з садрыганнем сэрца мог толькі дагадвацца, то дух яго апаў, і яму стала жудасна, хоць Саўка на сваім шляху прайшоў не адну камеру допытаў. Пакой гэты быў досыць прасторны. Пасярэдзіне пакоя стаяў грамозны дзябёлы стол. За сталом сядзелі тры асобы. Адзін з іх, рыжы таўстаморды мужчына, асабліва кідаўся ў вочы сваім жорсткім абліччам і тупою халоднасцю. Другі быў кароценькі і шустры, зкрываватым носам і гладка падбрыты. На яго губах бегаў салодзенькі смяшок, сам ён увесь варушыўся, ківаўся, гатовы, здаецца, пралезці ў самую маленькую шчылінку. Трэці, доўгі, худы і пануры, з зямлістым колерам твару, сядзеў над нейкаю паперкаю, углыбіўшыся ў чытанне, і рабіў сяды-тады ў ёй паметкі. Збоку ў сцяне віднеліся яшчэ адны дзверы, вузкія і нізкія, наганяўшыя страх і наводзіўшыя на невясёлыя думкі.
Некалькі хвілін на Саўку не зварачалі ўвагі. Трое сядзеўшых за сталом зрэдку перакідаліся паміж сабою глухімі сказамі ды ківалі галовамі ў знак згоды. Уся гэта абстаноўка і патаемнае перагаворванне прыгнятала Саўку і наводзіла на яго жудасць. Ён стаяў нерухліва, пазіраў у адзін пункт, каб паказаць сябе чалавекам лаяльным, ды чакаў са страхам, з якога боку і з якою сілаю паднімуць над ім абух. Яго мыслі, выбітыя з свае каляіны гэтаю неспадзяванаю праяваю, перабягалі з аднаго на другое, каб вырашыць цэлы рад неспакойных запытанняў.
Нарэшце рыжы, відаць, старшы з іх, падняў галаву і ўставіўся ў Саўку пранізлівымі лупатымі вачыма. Пазіраў з хвіліну, як бы зачароўваў яго.
— Ходзь тутэй! — ціха, але голасам уладнага загаду пазваў ён Саўку.
Саўка, змяты і збіты, у сіняках і з наручнікамі, ступіў крокі два да стала і спыніўся.
Шустры паўзіраўся ў Саўку мышынымі вочкамі. Салодзенькі смяшок яшчэ болей скрывіў яму нос.
— Дзе цябе так пабілі? — спагадліва запытаў Саўку.
Ад хвалявання і ад усяго перажытага за апошні час у Саўкі перасохла ў роце, і голас яго быў хрыплы.
— Выпівалі і пабіліся, — адрывіста адказаў Саўка і падумаў сам сабе, што не варта гаварыць многа, каб не заблытацца горай, а толькі адказваць на запытанне. Так гаварылі і людзі, прайшоўшыя практыку допытаў.
— Выпівалі і пабіліся! — паўтарыў шустры і вельмі хітра і мнагазначна пасміхнуўся, а гэты смех як бы казаў: "Расказвай, расказвай! А мы ведаем нешта іншае і шмат горшае".
Пасля допыт павёў рыжы. Ставіў адно пытанне за другім.
— Як завуць?
— Колькі гадоў?
— Чым займаўся?
— Ці судзіўся?
— За што судзіўся?
Усе гэтыя, як і іншыя, пытанні такога ж парадку для Саўкі былі ўжо няновыя, і ён адказваў на іх не адзін раз. Але і на гэтыя нескладаныя пытанні ён адказваў сумыслу трохі блытана, каб паказаць сваю дурноту: Саўка ведаў, што болей трудныя пытанні яго чакаюць наперадзе. I такія пытанні яму зараз жа і паставіў рыжы.
— Ты прызнаеш польскі "угконд"?
Саўка падумаў і сказаў:
— Прызнаю.
У такіх умовах Саўку трудна было не прызнаць польскага "ужонду".
— Ты ведаеш, — гаварыў далей рыжы, — што войт ёсць "польска асоба ужондова". Што ж змусіла цябе зрабіць замах на забойства войта?
— Замах на забойства? — здзівіўся Саўка. — Ніякага замаху на забойства я не меў, і ў думках у мяне гэтага не было.
— Але нож у бок ты ўсадзіў яму?
Читать дальше