Саўка здзівіўся яшчэ болей. На яго твары адбіўся жах — ці можа гэта быць, каб ён усадзіў нож у бок войту?
— Дык хто ж усадзіў яму нож?
— Я не помню гэтага.
— Але ты помніш, што "выпівалі і пабіліся"? — з салодзенькім смяшком напомніў Саўку яго словы шустры.
— Што выпівалі і пабіліся, я гэта помню, але як пабіліся, ці кідаўся я на войта з нажом, не помню.
— А з-за чаго ў вас выйшла бойка?
Пытанне гэта для Саўкі было небяспечнае. Каб даць на яго адказ, трэба было шмат чаго расказаць. Саўка ж не ведаў, у якой ступені паінфармаваны яго следчыя. Лепш асцярожней, а потым відней будзе.
— У выпіўках заўсёды бываюць і сваркі і бойкі. Я быў п'яны і нічога не помню, — як за якар збавення, ухапіўся Саўка за п'янства.
Шустры не спускаў з Саўкі вачэй, і цяпер, калі Саўка спаслаўся на запамятанне, ён так хітра ўсміхнуўся, і такая выразная была гэта ўсмешка, што Саўку нялоўка стала: ён бачыў, што яму не даюць веры.
— Ну, то я табе прыпомню, — сказаў рыжы. I расказаў аб гутарцы Саўкі з войтам і яго прыяцелямі. Саўка зразумеў, што следчым ужо вядома тая роля, на якую нанялі яго войт і яго прыяцелі. Ён кінуўся на хітрасць: самому расказаць пра ўсё гэта, не гаварыць толькі пра спатканне з Цімохам Будзікам і з дзедам Талашом, каб на ўсякі выпадак застрахавацца і ад іх. Ён так і зрабіў, пачаўшы сваё апавяданне з таго, што ён раскажа праўду і прызнаецца.
Слухалі Саўку ўважна. Калі Саўка скончыў, яго нават пахвалілі, што ён узяўся за добрую справу, за справу выкрыцця злачынцаў і ворагаў польскага "ужопцу". Але яны чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх, і такім прызнаннем не задаволіліся. Але Саўка скончыў.
З хвіліну памаўчалі. Рыжы, моўчкі пазіраючы на Саўку, пабарабаніў пальцамі па стале. У шустрага быў такі выгляд, як бы ён толькі-толькі навастрыўся слухаць пра самае цікавае, а Саўка так недарэчы спыніў на гэтым месцы сваё апавяданне. Нават доўгі натапырыў вушы. Шустры, не дачакаўшыся ад Саўкі фіналу апавядання, падагуліў тое, што ўстанавіла следства.
— Лічым неабвержна ўстаноўленым, што замах на забойства асобы "ужондовай" з твайго боку быў… Нех пан так і запішэ, — павярнуў ён крывы нос да доўгага і панурага чалавека з зямлістым колерам твару.
— Так, замах на забойства — устаноўлены факт, — зноў паўтарыў шустры, зварочваючыся да Саўкі, — гэтага аднаго даволі, каб па закону ваеннага часу павесіць цябе. Так, павесіць. Далей. З твайго паказання выходзіць ясна і лагічна, што ты меў дачыненне з паўстанцамі супраць польскага "ужонду", і ты гэта ўтаіў. А з гэтага выходзіць, што ты спачуваеш злачынцам і пакрываеш іх, іначай сказаць — ты сам такі ж злачынец і другі раз заслугоўваеш таго, каб цябе падняць на шыбеніцу. Так, так. Але збавенне для цябе яшчэ не страчана, калі ты раскажаш нам, дзе "ест" злачынцы, з якімі ты бачыўся і меў гутарку, і дапаможаш "злапаць" іх.
Саўка папаў у акрутнае становішча. Але ён быў упэўнены, што яго бяруць "на зыхер", як называецца на мове арыштантаў. Ён зацяўся і ўпарта адмаўляў, што бачыўся з паўстанцамі і гаварыў з імі. Доўга біліся з ім у гэтым пункце паны следчыя. Націскалі на яго то ўгаворамі, то абяцаннямі, то пагрозамі, ушчувалі рознымі спосабамі. А Саўка цвярдзіў сваё:
— Не ведаю. Не бачыў.
Тады рыжы крута змяніў тактыку допыту. Ён раптам ускочыў на ногі, калодка-твар яго пачырванеў. Як шлягаю, грукнуў кулаком па стале і крыкнуў:
— Лжэш, галгане! Але мы запытаем цябе іначай.
Сарваўся з-за стала і злосна накіраваўся да вузкіх і нізкіх дзвярэй. Стукнуў два разы гучна ў дзверы і крыкнуў:
— Адольф!
У той жа момант дзверы расчыніліся. Прыгнуўшы галаву, граміла волатаўскага складу пераступіў парог і апынуўся ў пакоі допытаў.
— Слухам пана! — прагрымеў яго голас.
Рыжы кіўнуў яму на Саўку.
— Запытаць у яго праўды!
Саўка і не агледзеўся, як яго схапілі жалезныя рукі і павалаклі да той страшнай прылады, якая яшчэ спачатку звярнула на сябе яго ўвагу. На момант ён страціў прытомнасць. Апамятаваўся толькі тады, калі шыя яго была крэпка ўшчымлена дзеравянымі ліштвамі. Ён пачуў, што нейкая сіла адрывае яго ад зямлі. Нясцерпны боль туманам заслаў яму вочы. Жылы і косці яго расцягваліся і гатовы былі лопнуць у кожны момант. Ён закрычаў не- мым і дзікім крыкам і абамлеў. Калі ён ачнуўся, то ўбачыў, што ляжыць на падлозе, а каля яго стаіць страшны Адольф, рыжы і шустры.
Саўка тупа паглядзеў рыжаму ў вочы.
— Скажаш праўду? Дзе паўстанцы?
— Не ведаю, — адказаў Саўка.
Ён думаў, што цяпер яму павераць, але рыжы зноў назваў страшнае імя:
Читать дальше