— Ну вот, я вам і Саўку прывёў, — урачыста абвясціў Бірка.
— Ну, сядай жа з намі!
Саўка павесіў на крук шапку. Кажушка ён не зняў, а толькі расшпіліў: у хаце было цёпла. Ды і распранацца яму было не з рукі: распранацца можна было толькі ў кампаніі роўных паміж сабою людзей. А ці Саўка можа раўняцца з імі, гаспадарамі-багацеямі? Што такое Саўка? Злодзей, канакрад, чалавек, якога можна купляць і стаўляць на цёмныя справы. I калі яго пусцілі ў хату і пасадзілі з сабою за стол, дык толькі таму, што ў ім мелі патрэбу. Усё гэта прамільгнула абразлівым ценем у Саўкавай галаве.
Прыступаць адразу да справы, распытваць, з чым прыйшоў Саўка, ніхто першым не адважваўся. Перакідаліся малазначнымі словамі і сказамі, нічога агульнага не меўшымі з Саўкавай місіяй.
— Выпі ж, Саўка, ды закусі, ты пэўна ж галодны з дарогі.
Бруй наліў яму шклянку самагону. Саўка неспакойнымі прагавітымі вачыма акінуў стол і закуску на ім. Не адрываючыся ад шклянкі, выжлуктаў самагон і энергічна паставіў яе на стол. Самагонная поскудзь борзда разлілася па яго жылах, стукнула ў галаву. Як воўк, глытаў ён скваркі і напіхваў рот цэлымі кучамі кіслай капусты. Капуста скрыпела і трашчала на яго зубах, а сківіцы варушыліся, як жорны.
Прыяцелі пазіралі на яго і па ім бачылі, што прыйшоў ён не з пустымі рукамі. Саўка чакаў, калі ж запытаюць яго аб справе, і адчуваў, што аб ёй пара пачаць гутарку. Але ў яго не было на гэты конт раней надуманага плана: гэтага не было ў Саўкавым звычаі.
Ён проста рабіў, выяўляў сваю дзейнасць. па натхненню, пад уплывам мінуты.
— А мы цябе, Саўка, чакалі, думалі аб табе, непакоіліся за цябе, — першым па-дзелавому загаварыў войт. — Ну, як жа ты схадзіў? Што бачыў, чуў? Раскажы.
Саўка абцёр губы, нагнуўся пад стол, прывёў у парадак нос.
— Чакалі мяне? Думалі пра мяне? Непакоіліся за мяне? Эх, Саўка! Ты чуеш, у якой ты пашане, які гонар табе… Нічога, хадзіў нагамі, пазіраў вачамі, слухаў вушамі, — з горкай іроніяй загаварыў Саўка. Войт і яго прыяцелі клюнулі насамі і прыгнулі галовы. Невялічкая няёмкая паўза, некаторае замяшанне.
— Гэта ўсё правільна. Але ж самі ведаем, што хадзіў ты не галавою, — таксама пад жарт у тон Саўку азваўся Бруй.
— А нашто Саўку галава? — тым жа тонам запытаў Саўка. — Нашто яна яму? За Саўку мудрэйшыя галовы падумаюць. А Саўкава справа — нагамі папіхацца.
— Ты, Саўка, чымся згрызены. Не ў гуморы ты. Выпі яшчэ.
Гаспадар наліў яму самагону. Саўка адвёў рукою Біркаву руку са шклянкаю.
— Не хочу! — катэгарычна заявіў ён. Яго паводзіны выклікалі агульнае недаўменне.
— Што ты, Саўка, бунтуеш? — строга звярнуўся да яго войт. — Кажы да ладу, калі з табою людзі гавораць.
— Людзі? Якія людзі? Хто людзі — вы? Сволачы вы, а не людзі. Я — гультай і злодзей, канакрад, прапашчы чалавек… Я зусім не чалавек. Але вы, вы пяты мае не варты. Я краў і гандляваў канямі, а вы гандлюеце людзьмі і сваім сумленнем. Вы — плюгаўства, нікчэмнасць. На вас плюнуць і растаптаць!
— Саўка, распусціў ты язык. Ой, глядзі! — прыстрашыў яго войт.
З Саўкам нешта здарылася. Яго паводзіны пачыналі сур'ёзна непакоіць войта і яго прыяцеляў. Яны яшчэ не трацілі надзеі дазнацца прычын гэтых дзіўных Саўкавых паводзін.
Але Саўка зацяўся, як камень. Ён толькі лаяўся, абражаў падвыпіўшую кампанію і зневажаў яе, як толькі ўмеў.
Нарэшце войт страціў цярпенне.
— Годзі задавацца, Саўка. Даволі камедыянцтва! Я знайду спосаб прымусіць цябе гаварыць тое, што трэба.
— Ты прымусіш мяне гаварыць пра тое, што вам трэба? Гаварыць пра старога Талаша, пра Мартына Рыля, дзе і як знайсці іх? Дудкі, ідзіце самі ды пашукайце іх. А я вам больш не слуга!
Саўка стаў на ногі і падпёр кулакамі бакі, паваліўшы на стол шклянку і бутэльку з недапітым самагонам. Кашлатая Саўкава галава з цэлаю шапкаю чорных валасоў зняважліва ківалася. Войту зусім не спадабалася такая гордая пастава Саўкі Мільгуна. Сярдзіта паглядалі на яго і войтавы прыяцелі.
Войт крута павярнуўся да Саўкі ўсім корпусам.
— Што ты казырышся тут? — крыкнуў на Саўку. — Сядзь!
I ў той жа момант схапіў яго за плечы і з сілаю ціскануў, каб пасадзіць Саўку на лаву. Саўка ўскінуў угору пругкімі локцямі і адным локцем крэпка стукнуў войта па носе.
— Прэч, панскі папіхач!
Войт не знёс гэтай абразы. Размахнуўся і трэснуў Саўку ў зубы. Падняўся шум, крык. Яны счапіліся і з усёй сілы пачалі штурхаць і лупіць адзін аднаго. Бірка і Бруй кінуліся памагаць войту. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Войт пахіснуўся, пабляднеў і асеў, схапіўшыся за бок, а Саўка з усёй сілы штурхануў стол. Стол з громам бразнуўся на падлогу. Саўка, як тыгр, пераскочыў цераз яго, схапіў з крука шапку і кінуўся ў дзверы, а за ім Бірка і Бруй.
Читать дальше