Уся яго злосць пераходзіць на войта і яго прыяцеляў.
— Бач іх, якія спрытныя! — нарэшце падае голас дзед Талаш. — Ну, добра.
У гэтым "Ну, добра" чуваць пагроза. Дзед Талаш яшчэ і сам не ведае, якою мераю адмерае ён войту, але гэта ён так не папусціць.
Пасля доўгага разважання над усім тым, што даведаўся дзед Талаш, ён сказаў рашуча і цвёрда:
— Дык вось што, мае мілыя, паслухайце ж вы мяне.
Адразу пачулася, што дзед скажа нешта вельмі важнае.
— Вам усім трэба сысці з дому, — катэгарычным тонам заявіў дзед Талаш, — так, трэба сысці.
Дзедава заява была такая нечаканая, што ніхто не знайшоў, што сказаць на яе. А дзед тым жа тонам казаў далей:
— Рашыць гаспадарку — яна ў нас не дужа вялікая. Хату забіць, бо калі будзеце тут сядзець, яе ўсё роўна спаляць палякі, а вы набярэцеся лішняй бяды і страху.
— А куды ж мы дзенемся? Што ты гаворыш, стары, — жахліва запытала бабка Наста.
— Ты, маці, — спакойна, але цвёрда адказаў дзед Талаш, — перабірайся ў Макушы да Тэклі. Алена пажыве ў сваіх бацькоў, а табе, Максім, няма чаго пільнавацца бабы. Калі Саўка пайшоў у партызаны, то і табе трэба туды падацца, ды толькі не па Саўкавай дарозе ісці. Пакуль вы будзеце ліпець тут, чакаючы кожны дзень бяды, то і мяне і Панаса будзе цягнуць хата, і позна ці рана паловяць нас, літасці нам не будзе.
Трудную задачу задаў дзед Талаш, і выйшла яна зусім нечакана і для самога дзеда, і для яго сям'і.
Ламалі над ёю галовы і нарэшце мусілі згадзіцца, што іншага і лепшага выхаду з іх становішча няма. Пакінутая хата можа астацца цэлаю… Сапраўды, не кепска гаворыць стары.
Выходзячы з дому яшчэ досвіту, ён весела сказаў:
— А што да Саўкі, дык я вельмі здаволен гэтай навіной: мы з ім трохі пагутарым. Знайдзіце ж яго і скажыце яму: няхай ідзе ў Карначы і запытае Цімоха Будзіка. Гэта наш верны чалавек. Цімох і пакажа яму дарогу да нас.
Ужо кіламетраў пяць прайшоў дзед Талаш, калі пачало ўзыходзіць сонца. У лесе было ўрачыста ціха. Адзін толькі мароз гучна палускваў у галінах старадрэвін ды звонка скрыпеў сухі снег пад дзедавымі нагамі. Самыя небяспечныя мясціны, як здавалася дзеду, засталіся ззаду, і ён ішоў павольна і спакойна, аддаўшыся цалкам сваім думам. Думаў ён пра Саўку Мільгуна, пра Васіля Бусыгу. Затым думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Што будуць гаварыць людзі, як успрымуць яны весці аб тым, што Талаш і яго сям'я сышлі з дому? Дзеду здавалася, што гэта весць усхвалюе людзей, і ён яшчэ болей упэўніўся ў правільнасці свайго ўчынку. Ды і спакайней будзе і яму з Панасам і ўсім ім. З такімі думкамі падыходзіў дзед Талаш да Сухога поля, дзе ён, чакаючы Панаса, сустрэўся з Мартынам Рылем. Вось і той стары каржакаваты дуб. Стаіць ён з тым жа комам снегу, заціснутым між развілін, такі ж, як і быў, крэпкі і звязісты, толькі мароз, аздобіўшы яго інеем, зрабіў яго яшчэ болей паважным і сталым.
Заглядзеўся дзед Талаш на гэты дуб і даў зевака: і не агледзеўся ён, як перад ім, быццам з снегу выскачыўшы, вынырнулі легіянеры.
Наставіўшы на дзеда стрэльбы, грозна крыкнулі:
— Стой!
Затросся дзед Талаш. Ком гарачыні пакаціўся дзесь усярэдзіне каля сэрца. "Прапаў ты, брат Талаш!" — сам сабе сказаў дзед і спыніўся. Але ў той жа момант моцна ўзяў сябе ў рукі.
— Тфу, тфу, тфу, — тры разы плюнуў дзед Талаш і сказаў пры гэтым: — Як жа вы злякалі мяне, гіцлі!
Дзед пастараўся прыняць самую пацешную постаць перапалоханага чалавека. Такая перапалоханасць і дзедава збянтэжанасць развесяліла легіянераў і пальсціла ім.
— Хто ты і куды ідзеш? — спытаў старшы легіянер.
— Тутэйшы, пане! Іду на балота — бучы паставіў, можа, уюн ці не ўлез?
– Ідзі з намі! — загадаў той жа салдат.
— Куды і чаго? — вялікае недаўменне адбілася на дзедавым твары.
– Ідзь, ідзь, галган стары! — салдат злёгку штурхануў дзеда.
Паскроб дзед патыліцу.
— Ды мне ж і часу няма.
Дзеда штурханулі яшчэ энергічней.
— А бадай жа вы па свеце не хадзілі! — сказаў дзед і пайшоў з салдатамі.
"Канец", — думаў сам сабе дзед Талаш. I вялікі прадсмертны сум ахапіў яго душу.
Наабапал іх дарогі стаіць лес, пасівелы ад інею, як і дзед Талаш ад старасці. Дзед прыглядаецца да лесу. Няўжо гэта апошні раз бачыць ён гэты лес? I так жа не хочацца ўміраць. Ён успамінае сваю хату. Ці добра зрабіў, сказаўшы сваім дамашнім сысці з дому? Апошні яго ўчынак устае перад ім у іншым святле. Жаль і вялікую адзіноту і поўную адарванасць ад свету, ад людзей адчувае дзед Талаш. Але гэты мінутны ўпадак духу і слабасць яго праходзяць. Маланкай мільгаюць яго мыслі. З незвычайнай быстрынёй і з неймавернаю чоткасцю праходзяць перад ім перажытыя з'явы, падзеі і цяперашняе яго становішча. Успомніў і сваіх таварышаў па зброі: Мартына Рыля, з якім ён так моцна зжыўся і палюбіў, як роднага сына, за часы агульнага туляння па лясах і агульных паходаў, Нупрэя, Купрыянчыка, Цімоха Будзіка і ўсю грамаду сваіх ваяк. Што ж будзе цяпер з імі? ПІто станецца з тою агульнаю справаю, якую выношвалі ўсе яны ў сваім сэрцы, за якую так многа цярпелі і пакутавалі? Жыць, што б там ні стала! Вось заключны акорд усяго складанага комплексу жыцця, што праходзіць перад яго вачыма.
Читать дальше