З паразліваю яснасцю вынікае перад ім Мартын Рыль, яго апавяданне пра сваё вызваленне з-пад польскага канвою. Ён пераводзіць вочы на свой канвой. Легіянеры курчацца ад марозу, наставілі каўняры шынялёў. Двое ідуць наперадзе. За імі дзед Талаш, а трэці, старшы, ідзе ззаду і трохі наўзбоч. Дзед Талаш мерае вокам іх фігуры, ацэньвае іх фізічную сілу. Яны здаюцца яму, як сам ён казаў, "шчуплымі". I раптам нешта знутры штурханула дзеда Талаша. У момант вока ён хватае карабін з рук старшага легіянера, таго, што ішоў наўзбоч ззаду, і б'е яго з такой сілай прыкладам па галаве, што ложа карабіна ломіцца. Трэск зламанага карабіна і хруст чэрапа зліваюцца ў адзін гук. Як сцяты маланкаю, легіянер тут жа падае. Толькі адзін крык, немы і невыразны, вырваўся з яго грудзей.
— Сюды! Ка мне, хлопцы! — дзіка крычыць дзед Талаш і кідаецца з металёваю часцю карабіна, што засталася ў яго руках, на другіх салдат. Яны ж ад нечаканасці і страху пакідалі свае карабіны і кінуліся наўцёк у лес.
Падабраў дзед іх карабіны і, 'як дзікі звер, сам кінуўся бегчы.
Калі ён крыху апамятаўся і заспакоіўся, то першае, што ён адчуў і што потым доўга не забывалася, гэта быў хруст разбітага ім чэрапа невядомага яму чалавека. Хруст гэты некалькі дзён стаяў у яго вушах.
Васіль Бусыга і яго прыяцелі з напружанасцю чакалі першых данясенняў ад свайго "партызана" Саўкі Мільгуна. Але праходзілі дні, а Саўка не паказваўся і не падаваў аб сабе ніякіх вестак. Гэтая акалічнасць пачынала непакоіць войта і наводзіць яго на розныя мыслі. Хоць і не ў такой ступені, але непакой гэты адчувалі і войтавы прыяцелі. Часамі, сустрэўшыся, яны так ці іначай завядуць гутарку пра Саўку.
— Нешта ж не чуваць нашага Саўкі, — гаворыць вонт і ўважліва пазірае ў вочы Брую. Бруй бачыць, што войту не церпіцца.
— Не чуваць, — пацвярджае разважлівы Брун.
— Не чуваць падлы, — паўтарае Бірка.
— Што б гэта значыла? — войту хочацца ўсё ж дайсці прычыны.
— Справа, бачыш ты, далікатная, — становіцца на шлях разважання разважлівы Бруй. — Вы пастаўде сябе на яго месцы — хутка і не зробіш тут. Гэта не тое, што ўзяў цэп і пайшоў малаціць.
— Ды і цэп узяўшы, адразу малаціць не будзеш, — устаўляе слова і Бірка.
— Саўка, на мой розум, і добра робіць, што не спяшаецца, — гаворыць далей Бруй: — тут, браткі, трэба спрытна падысці. Лепш памарудзіць, але зрабіць гладка і акуратна. Цяжэй за ўсё зрабіць першыя крокі… Трохі пачакаем.
Войт паддаецца Бруевым разважанням і на некаторы час заспакойваецца, але ўсё ж цень трывогі дзесь туліцца ў яго сэрцы, і варта было яму застацца аднаму, каб закалыханая Бруем трывога абуджалася ў ім ізноў.
Хоць войт і меў падтрыманне з боку пана Крулеўскага, тым не меней ён часамі адчуваў сваю адзіноту і адарванасць ад грамады. Адчуванне адзіноты паглыблялася ў ім яшчэ тою акалічнасцю, што з таго часу, як стаўся ён войтам, паміж ім і Аўгіняй лёг цэлы рад непаразуменняў. Вясна ж і тыя настроі, што насіліся ў самым паветры, усе гутаркі, звязаныя з няяснымі і грознымі падзеямі, што мае прынесці з сабою вясна, і тая напятая засцярожлівасць, што панавала ўсюды, куды ні паткнецца войт, — усё гэта выводзіла яго з раўнавагі, прыгнятала яго. Пад уплывам гэтых настрояў Васіль ужо хацеў перагледзець свае адносіны да Аўгіні за апошні час і пайсці на згоду. Ён толькі вылучаў зручную мінуту, каб зрабіць гэта палітычна, не паступаючыся годнасцю войта, гонарам мужа і мужчыны наогул. Але здарылася адна праява, што яшчэ глыбей выкапала расколіну паміж імі і паставіла Аўгіню па другі бок ад Васіля.
Раз пад вечар ішоў Васіль па вуліцы. З таго часу як дзед Талаш збег з дому і заставаўся на волі ды не сядзеў злажыўшы рукі, дзедава хата набывала нейкую ўладу над войтам, і ён ніколі не мог спакойна праходзіць міма яе. Дзедава хата як бы пасміхалася з войта і з яго марных старанняў злавіць небяспечнага паўстанца. Усе ж тыя гутаркі і чуткі, што наверчваліся каля асобы дзеда Талаша, сеялі непакой у войтавым сэрцы. Апроч усяго іншага, Васілю было проста непрыемна, што ён, войт, нягледзячы на ўсе захады, каб злавіць старога Талаша, аставаўся, як кажуць, з носам. Праўда, цяпер была надзея на Саўку Мільгуна, але Саўка да гэтага часу не падае аб сабе ніякага голасу.
Васіль прыпыніўся ў прыхаваным закутку, пазіраў на Талашову хату і разважаў. Тут прыйшла яму ў галаву Думка, — ці не лепей было б проста паставіць патайную варту, нават з польскіх салдат? Хіба пагаварыць аб гэтым з панам Крулеўскім? Не, трэба счакаць яшчэ: ану ж з'явіцца Саўка з добраю навіною. I бачыць Васіль: з двара Талашовай хаты выходзіць жаночая постаць. Жанчына спасцярожліва азірнулася па баках і борздзенька накіравалася ў бок сяла, але не пайшла вуліцаю, а павярнула загуменнем у задворкі. На дварэ ўжо змерклася, і пазнаць жанчыну было трудна. Васіль зацікавіўся і нават злёгку захваляваўся і выйшаў з свае засады, не спускаючы жанчыны з вока. Туляючыся каля будынкаў, ён пайшоў назіркам туды, куды пайшла і жанчына. На сярэДзіне сяла ён згубіў яе. Як ганчак, збіўшыся з зайцавага сдеду, Васіль прашнураваў туды і сюды, а потым выбег на вуліцу: тая ж жаночая постаць мільгнула на вуліцы і шмыгнула ў вароты войтавага двара. I толькі цяпер ён пазнаў, што гэта Аўгіня, яго жонка! Здзіўлены і яшчэ болей усхваляваны войт спыніўся, як аслупянелы: чаго хадзіла яна туды? Які мае там яна інтарэс? Цэлы жмут думак і пачуццяў калыхнуўся ў Васілёвым сэрцы. Страшная думка раптам працяла яму галаву: ці не хадзіла яна на пабачэнне з Мартынам Рылем? Аж горача зрабілася войту. Як жа дазнацца яму праўды? Чаго яна хадзіла туды? Чаго? I да каго хадзіла? Да яго заклятага ворага.
Читать дальше