Толькі бабка Наста па-свойму прыняла гэту весць аб падзеях у Ганусах. Яе асабліва занепакоіла тая акалічнасць, што ў гэтых падзеях мог браць удзел і дзед Талаш. Быў ён там ці не быў, напоўна ніхто не ведаў. Але ж людзі называлі яго імя. Ведаючы ж характар свайго старога, бабка Наста зусім была гатова паверыць, што ён там быў, і гэта акалічнасць яе зусім не цешыла. Што ж будзе з Панасам? Што станецца з іх хатаю? Неспакойна было на сэрцы ў бабкі Насты.
Вечарам, калі зусім ужо змерклася, бабка Наста сядзела адна ў хаце, запаліўшы газовачку, прала кудзелю, што прынесла ёй Аўгіня. Невясёлыя думкі, такія ж аднастайныя і доўгія, як і тыя ніці, што смыкала яна і накручвала на верацяно, віліся над яе старою галавою. Бабка Наста адчувае сябе зусім адзінокаю. Максім і Алена — крыўдзіцца на іх бабка Наста не магла — болып паміж сабою перагаворваюцца. Яны маладыя. Усё жыццё яшчэ перад імі. Моладасць жа не так кратаюць згрызоты, як старасць. Яны ўдваіх. Бабка ж Наста зусім, зусім адна. Яна думае пра Панаса, і слёзы, як восеньскія дажджавыя кроплі на халодным шкле, паволі коцяцца па яе маршчыністым твары.
Дзверы бабчынай хаты ціха скрыпнулі.
Бабка Наста зірнула — парог пераступіла постаць маладзіцы. Яна была таіс захутана, што нельга было разгледзець яе твар. I толькі калі яна сказала:
— Добры вечар, — бабка па голасе пазнала Аўгіню.
— А, гэта ты, Аўгінька!.. А я кудзелі яшчэ недапрала.
— Ліха з ёю, з кудзеляю!
Аўгіня падышла зусім блізенька да бабкі Насты. Голас яе перарываўся. Сама яна хвалявалася.
— Бяда, бабка Наста! — здушаным голасам сказала Аўгіня. — Я прыйшла вас папярэдзіць.
Яна расказала пра Саўку Мільгуна і пра яго ролю, якую адводзілі яму войт і два яго прыяцелі.
— Што ж цяпер рабіць? — сашчаміла рукі бабка Наста.
— Трэба даць знаць, папярэдзіць трэба вашага старога і тых, хто з ім. Не палохайцеся, бабка!
Аўгіня прадумала ўсе спосабы і расказала аб іх бабцы Насце. Трэба даць знаць у Вепры жонцы Мартына Рыля. Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Гэту справу можна даручыць Алене або Максіму. Нарэшце, бабка Наста сама можа гэта зрабіць. Баяцца няма чаго. Саўка вялікай бяды не наробіць, калі будуць ведаць, што ён за партызан.
— Толькі ж, бабка, Божа барані, не кажыце, што гэта я перадавала вам!
Аўгіня так жа ціха выйшла з хаты дзеда Талаша, як і прыйшла.
Тысячамі дарог і ў розных кірунках збягае вясною снегавая вада. Як многа гэтых дарог і як разнастайны яны ў сваім руху і ў сіле свайго імкнення!
Ёсць нейкія заваблівыя чары, паэзія і хараство ў гэтых дарогах-ручаях, што пракладаюць пуціны вясне і адноўленаму жыццю на зямлі, у іх мітуслівым бегу і залівістым бульканні, у вясёлым гомане і ў грозным шуме. Маленькія, кволыя, ледзь заметныя ўпачатку, струменяцца яны, як слёзы, па зямлі тоненькімі пакручастымі рысачкамі, набываючы сілу з кожным часам, з кожным крокам руху наперад. I колькі перашкод, колькі нечаканасцей у іх падарожжы! Кожная грудка лёду, кожны парог-гарбінка, выступ зямлі, узгорачак становяць ім замінкі і труднасці ў іх імклівым руху. Але яны бягуць несціхана, бягуць безупынна, дзе шпарчэй, дзе павольна, абыходзячы перашкоды ці проста зносячы іх з свае дарогі, бягуць, покі не сальюцца ў бурлівыя патокі, покі не ачысцяць зямлі ад снягоў, каб магутным разводдзем пралажыць шырокі шлях для яе новага жыцця.
Тысячамі дарог і ў розных кірунках ідуць і людзі, шукаючы сабе прастору, волі і ўсяго таго, што называюць яны сваёй радасцю і шчасцем.
Шчасліва вярнуўся дзед Талаш у Высокую Рудню з часткай сваіх партызан і чырвонаармейцаў. На чале з Букрэем.
Гэты паход навочна паказаў паўстаўшым сялянам, што іх сіла — дружны калектыў, арганізаванасць і строгая дысцыпліна. Удача, спадарожыўшая паходу, яшчэ вышэй узняла ваяцкі дух партызан, разгарнуўшы перад імі шырокія далі змагання за сваю волю, за сваё права жыць незалежна ад паноў. А ўсё гэта, разам узятае, гаварыла за пашырэнне, за далейшае развіццё той справы, пачатак якой клаў букрэеўскі паход сумесна з партызанамі. Немалое значэнне мела тут і аўтарытэтнае слова самога Букрэя.
Перад тым як разысціся, закончыўшы паход, Букрэй сабраў у лесе на прывале агульны сход удзельнікаў усяго паходу. Ён горача прывітаў партызан і асабліва дзеда Талаша з першым баявым хрышчэннем і звярнуўся да іх з заклікам не кідаць так удала пачатай справы змагання з гвалтаўнікамі-акупантамі.
— Таварышы, — казаў ён, — цяпер вы самі бачыце, што ваша сіла — згуртаванасць, строгі парадак, дысцыпліна і дружная работа плячо ў плячо з Чырвонай Арміяй. Наш паход — гэта маленькая драбніца ў радзе ваенных падзей, якія прыйдзецца перажыць нам у недалёкім часе.
Читать дальше