I перадаў Нічыпару жмут адозваў.
— Расклеіць гэтыя адозвы, дзе толькі можна. — Нявідны пайшоў; Нічыпар маўчаў, пазіраў яму ўслед.
— Таварыш Нявідны, і я іду з табою.
Нявідны азірнуўся.
— Аставайся тут і рабі тое, што я табе казаў.
Нявідны знік у кустах. Нічыпар яшчэ пастаяў некалькі хвілін. Яму стала прыкра і сорамна.
Нічыпар задумаўся, і ў другім кірўнку пайшлі яго мыслі.
Калі Саўка Мільгун сам не дадумаўся, якою справаю заняцца яму, дык за яго людзі падумалі, і добра падумалі. Цяпер Саўка злез з печы, ажывіўся, парухавеў, — словам, другім стаў чалавекам, і думак у яго поўная галава. Думкі яго ідуць па дзвюх асноўных лініях: першая — як практычна звязацца з партызанамі і другая — як застрахавацца ад іх на ўсякі выпадак. Іначай сказаць, што трэба зрабіць, каб і сена было цэлае і каб козы былі сытыя? Як вядома, такую мудрасць шмат хто праводзіць у жыцці. I Саўка бярэцца за работу. Не брацца нельга: барыш выпілі, задатак узяў. Крупы, мукі, сала таксама перапала. А наперадзе гэта перападанне абяцае стаць яшчэ болей шчодрым. Не трэба толькі спаць у шапку і не быць дурнем.
Сабраўся Саўка ў дарогу, напусціў на сябе ваяўнічы выгляд і мнагазначна прайшоўся перад вокнамі войтавай хаты і яго прыяцеляў: няхай ведаюць, што ён выконвае свае абавязкі. I войт убачыў яго з двара і таксама мнагазначна кіўнуў яму галавою.
Саўка ідзе ў Вепры — з Вепраў пачне ён сваю работу. Сустракаючы сяго-таго з сваіх знаёмых, ён асцярожна заводзіць гутарку аб гэтай бядзе, што на людзей насунулася, аб тым, як цяжка жыць пад польскай акупацыяй.
— Куды, Саўка, ідзеш? — запытаюць яго.
Саўка нахмурыць бровы і грозна адказвае:
— Чалавеку цяпер адна дарога — у лес!
I скажа такім трнам, што ўсім становіцца ясна, чаго трэба чалавеку ў лес ісці.
— Охо-хо! — уздыхне толькі Саўкаў слухач.
I нічога дзіўнага няма: зусім слушна гаворыць Саўка, і яго словы разумеюць як заклік да паўстання. Людзі спачуваюць яму, а некаторыя нават папярэджваюць, каб ён асцерагаўся, бо можна лёгка папасціся. Саўка і сапраўды думае, што трэба асцерагацца.
Строга акрэсленага плана ў Саўкі няма. Ён накідаў толькі самыя агульныя абрысы яго, а рэшта — Саўка проста пакладаецца на шчаслівы выпадак. Вось чаму яго дзейнасць болей падпарадкуецца натхненню, чым папярэдняй прадуманасці, і калі Саўка выходзіў ужо з сяла, трымаючы кірунак на Вепры, і ў поле яго зроку трапіла хата дзеда Талаша, то ён рашыў не мінаць яе: ану ж, натрапіць на след старога паўстанца. Па істоце Саўка нічога не мае супраць дзеда Талаша і тых людзей, за якімі ўзяўся ён сачыць, ён глядзіць на іх як на сродкі да жыцця. Ён гатоў нават і спачуваць ім, але што ты зробіш, калі так збегліся акалічнасці?
Максім тупаў на двары. Тая бяда, што навалілася на дзедаву хату і яго сям'ю, здавалася, абмінула Максіма і не налажыла на яго свайго адбітка. Прынамсі, на Максімавым твары не заўважалася нічога такога, што сведчыла б аб згрызотах і трывогах душы. Але і не вечна ж заставацца твару адным і тым жа, а ў Максіма, быць можа, былі прычыны праясніць свой твар.
Максім трохі здзівіўся, убачыўшы на двары Саўку: такі рэдкі быў ён тут госць. Але Саўка як ні ў чым не бывала падышоў да Максіма, прывітаўся.
— Асірацеў ты, брат Максім, — пачаў гутарку Саўка.
— Выходзіць, што асірацеў.
Максім быў захоплен знянацку і не знайшоў болей трапнага адказу.
Саўка ж трымаўся ўзятага тону. Ён дакорліва патрос галавой.
— Вось, брат, часы насталі! Ні ў чым пэўнасці няма, і сам сабе не можаш быць гаспадаром. Я проста не ўрымшчуся. Месца сабе не знаходжу.
— А табе што?
Максім падумаў, што Саўку палякі пакрыўдзілі.
— Ну, як-та што? Ты ж думаеш, баліць толькі таму, каго за жабры ўзялі? Баліць і таму, хто змушан глядзець на ўсё гэта. Ведаеш жа, што робіцца. Не мне гаварыць табе пра гэта.
— Ну дык што? — і Максім недаверліва паглядзеў на Саўку.
— А тое, што сядзець не трэба ціха.
— А чаго ж ты сядзіш? — папікнуў Саўку Максім.
— Вось жа і не ўседзелася мне. Людзі ідуць у лес, і я іду туды.
Максім падазрона ўжо глянуў Саўку ў вочы.
— Ты, брат Максім, не ведаеш Саўку, але ты скора пачуеш пра яго, — развейваў Саўка Максімава падазрэнне.
— Ты гаворыш так, што цябе і зразумець трудна, — заўважыў Максім. У яго голасе ўсё ж адчувалася недавер'е да Саўкі. Гэта адчуў і Саўка.
— Ты хочаш сказаць — трудна паверыць? — запытаў Саўка і, не чакаючы адказу, дадаў:
— Скажу проста — іду, брат, партызаніць, з добрымі людзьмі скампанавацца хачу. Ды толькі ты — маўчок, ні гу-гу.
Читать дальше