Аўгіня апранула кажушок, што вельмі ўтульна аблягаў яе, накінула на галаву цёплую хустку і выйшла на двор. Спынілася каля весніц. Ужо цёмная ноч густа заткала цемраддзю вуліцу, хаты і двары. Тускла і нясмела свяціліся вокны. Па вуліцы зрэдку праходзілі адзіночныя чалавечыя постаці. Аўгіня хвілінку пастаяла, а потым рашуча накіравалася ў бок хаты Кандрата Біркі. Хацелася праверыць сваю дагадку.
Біркава хата стаяла непадалёку па другі бок вуліцы. Разглядаючыся, Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Расслухаўшыся, яна высунула галаву ў палоску святла, што ішло ад акна. Яна хвалявалася, як чалавек, што змушан падглядаць спотайку, рызыкуючы быць злоўленым. Па хаце ківаліся цені, няясна даносіўся прыглушаны гоман. Разгледзець, што робіцца ў хаце, было трудна. Аўгіня прыгнулася, зайшла з другога боку і зноў зазірнула ў акно. Скрозь чысты, не затканы марозам кусочак шкла яна разгледзела мужчын, сядзеўшых за сталом і выпіваўшых. Дзве постаді найболей звярнулі на сябе Аўгініну ўвагу: Васіль і доўгі, хударлявы, чарнамазы Саўка Мільгун. У Аўгіні ніякіх сумненняў цяпер не заставалася: Саўку нанялі, купілі за грошы і ставілі на цёмную, здрадніцкую справу. Ад Саўкі можна спадзявацца ўсяго. Пачуцці страху і агіды калыхнуліся ў Аўгініным сэрцы. Аставацца тут болей не было чаго. Так жа ціхенька выйшла на вуліцу і пайшла ў сваю хату. Тут толькі ўляглося яе хваляванне, і сэрца стала біцца спакайней.
Дзед Купрыян ужо драмаў на сваіх палатках, ці, можа, проста думаў пра ўсе гэтыя падзеі апошніх дзён. Не спачуваў дзед Купрыян усёй гэтай валтузні і калатэчы і не разумеў нічога з таго, што пачало тварыцца на свеце. У яго было цвёрдае перакананне ў тым, што ўсё ліха пайшло ад таго, што скінулі цара.
Меншыя Аўгініны дзеці — два хлопчыкі — спалі бестурботным сном шчаслівага дзяцінства. Не спалі толькі Аўгіня і Алеся. Яны сядзелі каля камінка, пралі і ціхенька вялі гутарку. Алеся дзіцячым інстынктам угадвала бацькаву няласку да сябе, і пад уплывам гэтага яе псіхіка была сціснута і прыгнечана беспрычынным страхам і боязню. А ў апошнія дні гэты страх і неспакой яе дзіцячага сэрца сталі яшчэ болей вострымі, асабліва калі бацькава панурасць накіравалася і на матку. Яна трацілася ў дагадках, чаму гэта так, але не магла вытлумачыць сабе прычын бацькавых паводзін. Тое, што гаварылі ў хаце навокал яе старэйшыя, параджала ў яе сэрцы няясныя і страшныя мыслі аб людской жорсткасці і несправядлівасці.
Невысокі хударлявы чалавек размеранаю роўнаю хадою ідзе лесам. Лес, ахінуўшы свае плечы белаю накідкаю, урачыста захоўвае цішыню і спакой. Такі лагодны спакой бывае толькі ў мінуты мудрага разважання аб таемных, заваблівых глыбінях жыцця або тады, калі заціхае ўсякая трывога, усякі клопат і нічога ў свеце не турбуе ні мыслі, ні сэрца, а ты адчуваеш поўнае сугалоссе з тым, што над табой і вакол цябе.
I гэты невысокі хударлявы чалавек, адзеты болей на гарадскі лад, прычым і абутак і адзенне яго дастасаваны да пешага перасоўвання, здаецца, паддаўся чарам гэтага ляснога спакою і цішыні. Сяды-тады ён углядаецца ў гэты лес, у гэта часамі дужа цікавае спалучэнне дрэваў у розныя вычварныя групы і згуртаванні. I нельга не запыніць увагі вось на гэтай групе. Невысокі хударлявы чалавек уважна ўглядаецца ў яе сваімі шэрымі халоднымі вачыма. Стаіць разложысты дуб. Магутныя сукі яго і шырокі верх крыху нахіліліся ў той бок, дзе свеціць сонца. Праз гэтыя сукі прасоўвае сваю круглую галаву стромкая асіна. З другога боку высокая танклявая елка праціскае скрозь дубовыя галіны свае зялёныя калючыя лапы. Там, дзе галіны стыкаюцца адна з другою, кара на іх сцерлася. Цялер яны застылі нерухома, але, калі вецер, спяшаючыся ў сваю дарогу, праходзіць над лесам, яны пачынаюць церціся адна аб другую і глуха скрыпець.
Невысокі хударлявы чалавек спасцярожлівым вокам ловіць усе гэтыя драбніцы. Ён яшчэ раз акідае поглядам дзіўную групу, і ў мыслях паўстае пытанне: што гэта — змаганне за жыццё ці то — згода і дружба? Невысокі хударлявы чалавек наогул не верыць ні гэтай цішыні, ні гэтаму лясному спакою: гэта цішыня і гэты спакой — толькі зманлівая відомасць цішыні і спакою. На шырокіх прасторах зямлі бурліць вір змагання, жорсткага, бязлітаснага, але не бязладнага і хаатычнага, а змагання, падпарадкаванага акрэсленаму закону. У буры гэтага змагання невысокі хударлявы чалавек поўным нутром адчувае нараджэнне новай эпохі і замацаванне яе на зямлі. Вось чаму ён так упэўнена ходзіць у гэтым віры. Кажуць, хто сее вецер, той пажынае буру. Невысокі хударлявы чалавек — сейбіт буры: праз буру прыйдзе новы лад і народзіцца новы чалавек.
Читать дальше