Пан Длугошыц, кожны раз сустракаючы новага госця, выказваў усе адзнакі гаспадарскай радасці і шляхетнасці: кланяўся, ветліва паціскаў руку, кідаў тую ці іншую фразу, адпаведна выпадку ці асобе госця-
Склад гасцей быў даволі стракаты і разнастайны. Тут былі абшарнікі розных катэгорый, арандатары і проста дробная шляхта, а таксама і прадстаўнікі інтэлігенцкіх прафесій, дактары і адвакаты. Вельмі заметную частку гасцей складалі вайскоўцы, дзе былі прадстаўлены ўсе іхнія катэгорыі, пачынаючы ад ніжэйшых афіцэрскіх чыноў і канчаючы генераламі. Быў тут і палкоўнік пан Дэмбіцкі. Сярод ваеннай і цывільнай публікі мільгалі таксама і постаці ксяндзоў у доўгіх сутанах. З прычыны важнасці і ўрачыстасці палітычнага моманту "свентыя ойцы" дазволілі сабе некаторую вольнасць, з'явіўшыся на банкет. Таксама адступалі яны і ад правіл ксяндзоўскага статута ў дачыненні да жанчын, выказваючы сябе болей кавалерамі, чым служкамі пана Бога. Праўда, паненкі і маладыя дамы ахвотней гарнуліся да вайсковых. Яно і не дзіва: ужо адна вопратка іх і асаблівае становішча, як ваяк, здабыўшых і здабываючых польскую вольнасць і незалежнасць, вельмі выгодна вылучала іх у вачах маладых шляхцянак. Затое ж трохі пабляклыя пад уплывам часу дамы кружыліся каля ксяндзоў, як мухі перад дажджом каля гаршкоў, з якіх нядаўна вылілі зацірку і не паспелі яшчэ вымыць і вышараваць рагожаю.
За нядоўгі час сам сабою зрабіўся адбор гасцей, іх натуральны падзел на групы. У кожнай групе былі свае спецыфічныя інтарэсы і тэмы гутарак, хоць усе яны вяліся пад лозунгамі маладой польскай дзяржаўнасці і яе гістарычнай місіі. Адно толькі моладзь — паненкі, панічы і маладое шыкарнае афіцэрства — з'яўлялася ў значнай ступені аўтаномнай у гэтым сэнсе, аддаўшыся цалкам парывам радасці нестрыманых хваль свае моладасці. Несціхана грымеў ваенны аркестр. Бурныя польскія танцы змяняліся адны другімі. Паненкі і маладыя дамы стараліся перашчагаляць адна другую прыгожаствам, далікацтвам рухаў, чароўнасцю сваіх дзявочых усмешак і вабнасцю погляду сваіх вачэй. Кавалеры вылузваліся са скуры, каб звярнуць на сябе агульную ўвагу і закасаваць усіх іншых. Якіх толькі талентаў не было выяўлена тут. Якіх толькі штук не выраблялі яны. Як хораша выкідвалі ногі, як лоўка тупалі, падскаквалі, а як хвацка кружылі сваіх дам. Як спрытна насілі іх на паветры і раптам прысядалі перад імі на адно калена, каб гэтак жа раптоўна падняцца і да канца выпаўняць сваю місію.
Каля палкоўніка пана Дэмбіцкага згуртавалася цэлая грамада гасцей. Тут сядзіць і пан Длугошыц, чалавек сярэдняга веку. Усё яго аблічча паказвае на арыстакратычнасць яго роду. Ён салідны і павольны, ва ўсім захоўвае меру і пачуццё свае годнасці. Ксёндз Ксаверы Пацяйкоўскі і Ян Галандзеўскі таксама людзі паважныя, дыпламаты, хітрыя палітыкі і людзі пранырлівыя, заўзятыя патрыёты. Болей думаюць і дбаюць аб справах людскіх, чым аб інтарэсах боскіх. Тут жа сядзіць і павятовы камісарж пан Крулеўскі, адвакат пан Ладунскі і некалькі дробных панкоў, яшчэ не паспеўшых дайсці да сваіх маёнткаў — маёнткі гэтыя яшчэ не заваёваны.
Наўперад гутарка датыкалася чыста ваенных тэм. У цэнтры ўвагі палкоўнік пан Дэмбіцкі. Яго слухаюць з напружанаю ўвагаю і з вялікім нацыянальным самазадаваленнем. Палкоўнік пан Дэмбіцкі расказвае пра розныя аперацыі ў вайне з бальшавікамі, у якіх яму, як кіраўніку і начальніку штаба дывізіі, прыходзілася браць непасрэдны ўдзел. Былі крытычныя моманты, і толькі ўмяшанне пана Дэмбіцкага, яго надзвычай смелыя і, можна сказаць, геніяльныя манеўры вырывалі кожны раз перамогу з рук бальшавікоў. Расказваючы, пан Дэмбіцкі рысуе на стале пальцамі, паказвае пазіцыі чырвоных, іх прасоўванне наперад і тое месца, адкуль ён пасылае свае рэзервы і б'е бальшавікоў.
— А як пан пал^соўнік глядзіць на далейшы ход ваенных падзей? — пытае пан Длугошыц, важна падпёршы рукою гладка выбрытую бараду. На яго твары, як і на твары іншых слухачоў, блукае радасная ўхмылка.
— Попэндзім, пся крэв, аж до Смоленска, — пыхліва сцвярджае пан палкоўнік і даводзіць гэта дзесяткамі розных меркаванняў. Перш за ўсё Полыпча — яшчэ не кранутая маладосць, у ёй яшчэ дрэмлюць вялікія мажлівасці. Цяпер жа яна — жывы парыў, энтузіязм. Палякі — самы ваяўнічы, самы здольны да вайны народ. Ян Сабескі, Стэфан Баторый, Касцюшка, маршал Шлсудскі — хіба мала гавораць гэтыя імёны? Сіла Польшчы — яе дэмакратызм, якога не ведае ніводзін народ.
Сам пан Дэмбіцкі і яго слухачы паднялі пры гэтым вочы на суб'екта, што сядзеў у іх кампаніі, але не зусім падыходзіў да яе. Ён слухаў гутарку паноў і ў той жа час трымаў на рэчы свой погляд, хоць і не выказваў яго. I сваім абліччам, і ўсёю сваёю постаццю, і манерамі трымацца, і нават складам сваіх мыслей чалавек гэты вылучаўся з панскай грамады. Сярэдняга росту, шырокі і прысадзісты, ён усім сваім выглядам сведчыў аб дэмакратычнасці свайго паходжання. Невялікія ўдумлівыя шэрыя вочы яго пазіралі кудысь унутр. Яго мыслі, хоць марудна і павольна, вялі нейкую сваю работу. Але не ўсё з таго, што ён думаў, выкладаў ён перад сваімі слухачамі. Чалавек гэты вёў нейкую прыхаваную палітыку. На выгляд яму было гадоў трыццаць. Яго прозвішча — Галініч.
Читать дальше